BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Стаць на ўласныя ногі

Фота: Shutterstock

Паляўнічыя незадаволеныя забаронай на латвійска-беларускім памежжы. Мост між Лонданам і Кіевам. Ультраправыя плануюць масавыя дэпартацыі з Германіі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

З-за рызыкі, звязанай з мігрантамі ў памежным рэгіёне Беларусі, абмежаваныя ўсе віды палявання ў памежнай зоне Аўгшдаўгава і Краслава — за два кіламетры ад дзяржаўнай мяжы. «Між тым у памежнай зоне, шырыня якой складае 30 кіламетраў, паляўнічыя павінны ўзгадняць паляванне з Даўгаўпілскім упраўленнем Дзяржаўнай памежнай аховы», – адзначае латвійскае выданне Public Broadcasting of Latvia.

«У памежнай службе тлумачаць, што абмежаванні на паляванне неабходныя для таго, каб стварыць бяспеку на памежнай тэрыторыі для саміх паляўнічых, а таксама каб палегчыць функцыі памежнікаў, спыняючы мігрантаў. Між тым паляўнічыя, чые паляўнічыя плошчы такім чынам скарачаюцца, збянтэжаныя гэтымі абмежаваннямі ў асабліва актыўны паляўнічы сезон і занепакоеныя спусташэннем жывёльнага свету. Латвійска-беларуская мяжа працягласцю 173 кіламетры стала жаданай мішэнню нелегальнай міграцыі. Мінулай восенню прадухілялася ў сярэднім да 100 спроб трапіць у Латвію ў дзень, але агулам за год памежнікі прадухілілі амаль 14 тысяч спроб нелегальнага перасячэння латвійска-беларускай мяжы. У сувязі з ціскам нелегальнай міграцыі на шэраг адміністрацыйных тэрыторый прыгранічнай зоны Беларусі ўведзены ўзмоцнены рэжым работы органаў пагранічнай аховы, які распаўсюджваецца і на паляўнічых. Абмежаванні на паляванне таксама дзейнічаюць на ўсёй мяжы. Пра гэта паляўнічыя папярэджаны і тое, што гэты рэжым падоўжаны да 10 лютага. Самі паляўнічыя абураны, што пры арэндзе лесу ў Дзяржаўных лясоў Латвіі і выплатах за ліцэнзіі, кармленні жывёлы, ім забаронена паляваць. Кіраўнік паляўнічага таварыства “Ūpis” паведаміў, што страты нясуць ня толькі паляўнічыя, але і лес. Без паляўнічых маладыя дзікі з’ядаюць насаджэнні елак і хвояў, што наносіць шкоду лесагаспадарцы. Пры гэтым саміх нелегальных мігрантаў сапраўды даўно не было, пацвярджаюць і памежнікі. Аднак гэта не зніжае пільнасці на мяжы, у тым ліку ў плане палявання. Правілы трэба будзе выконваць, пакуль міграцыя перастане быць пагрозай», – падкрэслівае латвійскае выданне.

Вялікабрытанія першай з краін Вялікай сямёркі чорным па белым прапісала свае абяцанні па аказанні доўгатэрміновай ваеннай дапамогі Украіне. Лондан і Кіеў падпісалі адпаведнае пагадненне ў сферы бяспекі. Мяркуючы па водгуках назіральнікаў, гэта пойдзе на карысць для абодвух бакоў. «Пагадненне аб бяспецы заклікана ўтрымаць Расею ад ідэі новага нападу», – лічыць украінскае выданне Українська правда.

«Дагавор з Брытаніяй прадугледжвае парадак дзеянняў у выпадку, калі калі-небудзь у будучыні, пасля завяршэння цяперашняй вайны – у выпадку, калі Украіна да таго часу яшчэ не ўступіць у НАТА – пачнецца новае расейскае ўварванне ва Украіну. Ідэя гэтай нормы складаецца ў стрымліванні, бо паводле ёй Вялікабрытанія абавязваецца з першых жа дзён патэнцыйнай новай вайны з РФ падаць яшчэ большы асартымент зброі, чым Кіеў атрымлівае зараз», – піша ўкраінскае выданне.

Журналісцкае аб’яднанне Correctiv апублікавала расследаванне, у якім паведамляецца, што ў лістападзе мінулага года ў гатэлі пад Патсдамам адбылася сустрэча з удзелам палітыкаў ад партыі АдГ, правых экстрэмістаў, а таксама шэрагу прадпрымальнікаў і іншых гасцей. Як паказвае Correctiv, прысутныя абмяркоўвалі планы выправаджэння з Германіі мільёнаў людзей з міграцыйным мінулым. Еўрапейская прэса не хавае свайго абурэння, але таксама і надзеі на тое, што ўльтраправым будзе дадзены адпор – сведчаннем чаму з’яўляюцца дэманстрацыі супраць правага экстрэмізму, якія прайшлі ў краіне. «Цяпер становіцца зразумела, якую небяспеку ўяўляе сабой АдГ», – папярэджвае рымская газета Il Fatto Quotidiano.

«Дэпутаты накшталт Матыяса Хелферыха, нібы апантаныя, упіраюць на канцэпцыю «рэміграцыі», размяшчаючы ў сацыяльных сетках прапагандысцкія выявы, створаныя пры дапамозе штучнага інтэлекту і якія аддалена нагадваюць неанацысцкія, а таксама падрыхтоўваючы з пераліку масавае высыланне мігрантаў. На іх думку гэта прывядзе да эканоміі для дзяржавы і зніжэння кошту жылля дзякуючы скарачэнню насельніцтва. Фантазіі аб этнічна «чыстай» Нямеччыны, якія культывуюцца АдГ, у апошні час агалілі змрочную асобу партыі. У сакавіку 2021 года Федэральнае ведамства па ахове канстытуцыі ўключыла яе ў спіс арганізацый, якія, магчыма, уяўляюць сабой пагрозу дэмакратычнаму парадку», – нагадвае італьянскае выданне.

На першасных галасаваннях сярод рэспубліканцаў у штаце Аёва перамог Дональд Трамп. На другім месцы – Рон Дэсантыс, які адстаў ад экс-прэзідэнта прыкладна на 30 працэнтных пунктаў. На трэцяе месца выйшла Міккі Хэйлі. «Еўразвяз павінен тэрмінова адкарэктаваць сваю палітыку абароны», – перасцерагае балгарскі партал Club Z.

«Па словах еўракамісара Цьеры Брэтана, у 2020 годзе падчас нефармальнай гутаркі з Уршуляй фон дэр Ляен Дональд Трамп заявіў: «Калі на Еўропу нападуць, мы вам на дапамогу не прыйдзем». А таксама: «НАТА памерла, і мы з НАТА выйдзем». Як сцвярджаецца, ён таксама сказаў наступнае: «Вы павінны мне 400 мільярдаў даляраў, паколькі вы, немцы, не вылучылі тых сродкаў, што абавязаныя былі б выдаткаваць на абарону». Калі Трамп вернецца ў Белы дом, то Еўропе давядзецца мець справу не толькі з яго нянавісцю да Старога свету, але і ўзваліць на свае плечы ўвесь груз уласнай абароны – прычым у тэрміновым парадку», – адзначае балгарскае выданне.

Беларускае Радыё Рацыя