BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Старая дылема

Міжнародная праваабарончая арганізацыя заклікае Беларусь не расстрэльваць немца. Байкот Орбана: Барэль склікае міністраў у Брусэлі. Францыя: левыя назвалі кандыдата на пасаду прэм’ера. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

Кансорцыум міжнародных праваабарончых арганізацый заклікае Беларусь не караць смерцю грамадзяніна Германіі, нядаўна прысуджанага да смяротнага пакарання пасля таго, як быў асуджаны за тэрарызм, экстрэмізм і наёмніцтва.

„Рыка Крыгер, медыцынскі работнік Нямецкага Чырвонага Крыжа, быў асуджаны і прысуджаны ў канцы чэрвеня ў ходзе сакрэтнага судовага працэсу”, –  паведамляе канадская газета The Toronto Star.

„Міністэрства замежных спраў Нямеччыны пацвердзіла, што немец прысуджаны да смяротнага пакарання, але не паведаміла іншых падрабязнасцяў. У прысудзе суда гаворыцца, што Крыгер быў датычны да выбуху, але іншай інфармацыі з закрытага працэсу няма. Беларусь — адзіная краіна ў Еўропе, дзе дагэтуль караюць смерцю зняволеных. Пры гэтым асуджаным паведамляюць пра тое, што яна адбудзецца. Іх прымушаюць стаць на калені і праз некалькі хвілін страляюць у патыліцу. Міжнародная федэрацыя правоў чалавека, у якую ўваходзяць больш за 180 праваабарончых арганізацый па ўсім свеце, заявіла, што заклікае ўлады Беларусі «неадкладна спыніць пакаранне смерцю Рыка Крыгера, незалежна ад абвінавачанняў, і цалкам выконваць міжнародныя нормы Беларусі ў галіне правоў чалавека, абавязкі, у тым ліку права на жыццё, права не падвяргацца катаванням і жорсткаму абыходжанню, а таксама права на належны працэс і справядлівы суд», – піша канадскае выданне.

Пасля байкоту, абвешчанага Венгрыі як старшыні Савета ЕЗ з боку Еўракамісіі і скандынаўскіх краін, галоўны дыпламат ЕЗ Жазэп Барэль сарваў запланаваную на жнівень сустрэчу міністраў замежных спраў у Будапешце – і запрасіў іх у Брусель. Тое, што падобны крок з’яўляецца вельмі спрэчным – з чым згодны Нямеччына, Гішпанія і Люксембург, – знайшло сваё адлюстраванне і на старонках еўрапейскай прэсы. «Ужо які раз венгерскі прэм’ер-міністр выходзіць сухім з вады», – абураецца міланская Corriere della Sera.

«Орбана абвінавачваюць у тым, што ён выйшаў далёка за межы сваіх паўнамоцтваў. Ён абвінавачваецца ў нелаяльнасці, яму пагражаюць зняццем з пасады старшыні Савета ЕЗ – і нават так званым «ядзерным варыянтам», тым артыкулам нумар 7 Амстэрдамскага дагавора,  які ніколі не прымяняецца і прадугледжвае прыпыненне правоў дзяржаў-членаў ЕЗ, якія грэбуюць каштоўнасцямі Еўразвязу. Такім чынам, 28 і 29 жніўня Венгрыі давядзецца пацярпець хоць і непрыемную, але чыста сімвалічную паразу: перанос нефармальнай Рады міністраў замежных спраў з Будапешта ў Брусель», – піша італьянскае выданне.

Пасля перамогі на выбарах аб’яднаныя ў Новы народны фронт (ННФ) левыя партыі дамовіліся аб агульным кандыдаце на пасаду прэм’ер-міністра. Ім стала Люсі Кастэ – ёй 37 гадоў, яна чыноўнік старэйшага рангу і эксперт па эканамічных пытаннях. Прэзідэнт Эманюэль Макрон заявіў, што рашэнне аб прызначэнні на пасаду прэм’ера будзе прынятае пасля летніх Алімпійскіх гульняў. З пункту гледжання парыжскай Libération, Люсі Кастэ ўвасабляе сабой неабходны разрыў з дзейным урадам.

«Было б жудасным сігналам для дэмакратыі, калі ўявіць сабе (а падобна, гэта і робіць Эманюэль Макрон!), што адыходзячая большасць, нягледзячы на цяжкую паразу ў першым туры парламенцкіх выбараў, зможа (і павінна) пакінуць за сабой цэнтральную ролю – і дзеля гэтага не замарудзіць схіліць галовы перад правымі, якія, падобна, поўныя рашучасці выкарыстоўваць слабасць парламента для таго, каб заняць пазіцыю ключавога гульца. Пасля гэтых выбараў павінен адбыцца разрыў. Прызначэнне Люсі Кастэ ад Новага Народнага Фронту здаецца самым лагічным і разумным крокам, які менш за ўсё выглядае як манеўр», – адзначае французскае выданне.

Пасля выхаду Байдэна з перадвыбарнай гонкі віцэ-прэзідэнт ЗША Камала Харыс пакуль афіцыйна яшчэ не прызначаная кандыдатам ад дэмакратаў на прэзідэнцкіх выбарах, якія маюць адбыцца. Для многіх яе аўтарытэтных калег, выбаршчыкаў-дэмакратаў і еўрапейскай прэсы гэта здаецца ўсяго толькі фармальнасцю: ужо на ўсю моц вядуцца гарачыя дыскусіі аб яе шанцах у барацьбе супраць Трампа. Па меркаванні рыжскай Diena, у Харыс няма шанцаў.

«Галоўным недахопам (хоць прадэмакратычная прэса і спрабуе сцвярджаць адваротнае) з’яўляецца тое, што на пасадзе віцэ-прэзідэнта Харыс не ўдалося паказаць якіх-небудзь значных вынікаў, наадварот – яна відавочна грэбавала некаторымі сваімі абавязкамі (у першую чаргу, па пытанні мексіканскай мяжы). Як другой асобе дзяржавы ёй давядзецца адказваць і за ўсе праколы Байдэна і дэмакратаў: праграма партыі ў гэтай кадэнцыі не толькі не была рэалізаваная, але па многіх пытаннях сітуацыя ва ўнутранай і знешняй палітыцы краіны толькі пагоршылася. Таму шанцы Харыс не лепшыя за шанцы Байдэна», – падкрэслівае латвійскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка