- Права на прытулак: чаго хоча дабіцца Варшава?
- Выбары ў Літве: лідзіруюць сацыял-дэмакраты
- The Washington Post: Ізраіль атакуе ваенныя мэты ў Іране, а не ядзерныя ці нафтавыя аб’екты

Польшча мае намер “знізіць нелегальную міграцыю да мінімуму” і з гэтай мэтай збіраецца прыпыніць дзеянне права на прытулак – прынамсі, на нейкі час. Гэтая мера – частка новай міграцыйнай стратэгіі, – растлумачыў кіраўнік урада Дональд Туск і заявіў аб тым, што мае намер запатрабаваць прызнання гэтага рашэння на ўзроўні ЕС. «Туск ніколі не хаваў свайго стаўлення да пытання міграцыі», – указвае партал Onet.pl. «Не тое, каб Туск змяніў сваё меркаванне па гэтым пытанні. Яшчэ ў часы свайго старшынства ў Еўрапейскай радзе ён спрачаўся з Ангелай Меркель аб палітыцы пераразмеркавання міграцыйнага цяжару і аб празмерна ліберальным падыходзе да міграцыі. Ужо тады Туск ясна ўсведамляў, што адсутнасць памежнага кантролю непазбежна прывядзе да росту падтрымкі вельмі правых з боку насельніцтва. Сёння ўрад Нямеччыны закрывае свае межы ў адказ на вынікі, дасягнутыя на выбарах партыяй АдГ. Не знайсці больш відавочных доказаў правалу палітыкі, заснаванай хутчэй на прыняцці жаданага за сапраўднае, чым на рэалістычных разліках».
«Нямецкая святлафорная кааліцыя магла б узяць прыклад з Польшчы», – рэкамендуе Frankfurter Allgemeine Zeitung. «Прэм’ер-міністр, які заявіў пра часовае прыпыненне права на прытулак – не правы папуліст, чаго, як правіла, дастаткова для таго, каб у нашай краіне адмовіцца весці з ім дыскусіі. Да таго ж Туск – не антыеўрапеец, ён нават быў старшынём Еўрапейскай рады. Ужо тады ён выступаў супраць палітыкі адчыненых дзвярэй Меркель, наступствы якой былі вельмі прадказальныя. Ён належыць да хрысціянска-дэмакратычнай Еўрапейскай народнай партыі, і яго перамога на выбарах над партыяй ПіС шырока святкавалася ў Нямеччыне. Калі палітык з правацэнтрысцкай партыі разглядае такую радыкальную меру, значыць, з сістэмай давання прытулку ў ЕЗ нешта не так», – наракае нямецкае выданне.
У першым туры выбараў у літоўскі Сейм перамогу здабылі сацыял-дэмакраты, набраўшы больш за 19 працэнтаў галасоў і апярэдзіўшы кіроўную Кансерватыўную партыю, якая атрымала 18 працэнтаў. Нядаўна створаная левапапулісцкая партыя Зара Нёмана апынулася на трэцім месцы, набраўшы 15 працэнтаў галасоў. Размеркаванне месцаў у Сейме, аднак, будзе праведзена толькі па выніках другога тура галасавання, прызначанага на 27 кастрычніка, – менавіта тады будзе вырашаны лёс большасці прамых мандатаў. На сайце «Новая Газета. Еўропа» літоўскі урбаніст Аляксандр Ларын прапануе экскурс у палітычную геаграфію сваёй краіны. «Першы тур сёлетніх выбараў падзяліў Літву на чатыры асноўныя часткі. Размешчаны на паўночным захадзе рэспублікі гістарычны рэгіён Жамойція, які складаецца ў асноўным з сельскай тэрыторыі і невялікіх мястэчкаў, аддаў перавагу нядаўна створанай лева-папулісцкай партыі Зара Нёмана. Паўднёва-ўсходнія рэгіёны, у тым ліку Віленскі край, традыцыйна прагаласавалі за Выбарчую акцыю палякаў Літвы – партыю, якая прадстаўляе ў рэспубліцы інтарэсы польскай меншасці. Тры найбуйнейшыя гарады і прамысловыя цэнтры: Вільня, Каўнас і Клайпеда, – аддалі свае галасы кансерватарам, а іншыя рэгіёны падтрымалі сацыял-дэмакратаў», – піша расейскае выданне.
Прэм’ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаніягу паведаміў прэзідэнту ЗША Джо Байдэну, што ізраільскае войска збіраецца здзейсніць удар па ваеннай інфраструктуры Ірана, а не па ядзерных або нафтавых аб’ектах краіны. Пра гэта Нетаніягу сказаў Байдэну падчас размовы, якая прайшла 9 кастрычніка, паведаміла са спасылкай на крыніцы газета The Washington Post.
Чыноўнік, знаёмы з гэтым пытаннем, паведаміў на ўмовах ананімнасці, што Ізраіль адкажа на нядаўнюю атаку з боку Ірана такім чынам, каб пазбегнуць “палітычнага ўмяшання ў амерыканскія выбары”, якія пройдуць 5 лістапада. Ізраіль збіраецца нанесці ўдар па Іране да выбараў у ЗША, паколькі Тэгеран можа ўспрыняць доўгую адсутнасць дзеянняў у адказ як слабасць, паведаміла неназваная суразмоўніца газеты. Амерыканскі чыноўнік распавёў, што Нетаніягу заняў «больш умераную пазіцыю» ў пытанні ўдару па Іране. «Змякчэнне пазіцыі Нетаніягу паўплывала на тое, што Байдэн вырашыў паставіць у Ізраіль сістэму супрацьракетнай абароны THAAD (Пентагон абвясціў аб пастаўцы 13 кастрычніка). Нетаніягу 10 кастрычніка сабраў свой кабінет, каб абмеркаваць магчымыя варыянты ўдару па Іране, але не стаў запытваць дазвол на атаку, захоўваючы нявызначаныя тэрміны. Канцылярыя прэм’ер-міністра Ізраілю не адказала на просьбу WP аб каментары. Белы дом таксама не пракаментаваў інфармацыю выдання», – піша амерыканскае выданне.
Амерыканскія букмекеры прадказваюць перамогу ў прэзідэнцкай гонцы Дональду Трампу. «Шанцы рэспубліканца ацэньваюцца ў 53%. У Камалы Харыс прыкладна 46%», – паведамляе партал-агрэгатар Election Betting Odds. Стаўкі на профільных пляцоўках вылічаюцца мільёнамі долараў, а на некаторых рэсурсах перавышаюць мільярд. Пералом на карысць Трампа адбыўся некалькі дзён таму, да гэтага розніца паміж кандыдатамі была нязначная. Зараз задача супернікаў перацягнуць на сябе галасы ў хісткіх штатах, і прэтэндэнты на крэсла ў Белым доме абвастраюць рыторыку. 7% перавагі на букмекерскіх сайтах у Трамп з’явіліся ў мінулыя выходныя, 12-13 кастрычніка. Па дадзеных партала Election Betting Odds, кандыдату ад Рэспубліканскай партыі сімпатызуе ўся цэнтральная частка краіны. Reuters піша, што ключавое пытанне для кандыдатаў у прэзідэнты – нелегальная іміграцыя – менавіта яна застаецца для выбаршчыкаў самым адчувальным месцам, і, мяркуючы па апытаннях, большасць амерыканцаў лічаць, што Трамп справіцца з гэтым лепш.
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя