BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Што новы год нясе?

На польска-беларускай мяжы знойдзены загінулымі 5 афганцаў. Баявыя сутыкненні паміж Германіяй і РФ могуць стаць рэальнасцю. Каманда ZDF перажыла напад на гатэль у Харкаве. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Беларускія афіцыйныя асобы заявілі, што ў нядзелю на мяжы з Польшчай знайшлі 5 целаў, якія пазней былі вызначаныя як афганскія бежанцы. Прадстаўнікі службы бяспекі не пракаментавалі тое, што магло прывесці да іх гібелі, і асобы загінулых не былі названыя», – піша афганскае выданне The Afghan Digest. Паводле выдання, беларускія афіцыйныя асобы даставілі целы ў бліжэйшую бальніцу, і, як паведамляецца, пачалося расследаванне.

«На працягу многіх гадоў еўрапейскія лідары ўзмацнялі міграцыйныя бар’еры і ўзносілі межы ў спробах «зламаць бізнес-мадэль» «бязлітасных» кантрабандыстаў людзей. Аднак рэакцыя на зыход людзей з Украіны таксама паказала, што стварэнне бяспечных і законных шляхоў міграцыі не толькі магчымае, але і нашмат больш эфектыўны спосаб дасягнуць пастаўленых задач, калі бежанцы і мігранты прыбываюць з іншых краін на сухапутныя і марскія межы ЕЗ», – нагадвае афганскае выданне.

Прафесар з Патсдама Зянке Найтцэль – адзін з ключавых ваенных гісторыкаў Еўропы і зусім не схільны да алармізму. Прафесар Найтцэль – гэта, мабыць, першы нямецкі інтэлектуал, які прама кажа, што ФРГ варта рыхтавацца да магчымай вайны з Расеяй. І вайна гэтая можа пачацца ўжо праз некалькі год. «Пуцін хоча «аднавіць імперыю», таму аператыўныя магчымасці Бундэсвера неабходна хутка палепшыць», – друкуе інтэрв’ю з гісторыкам нямецкая газета Der Spiegel.

«Пуцін хоча спыніць пашырэнне НАТА на ўсход і аднавіць імперыю. Гэтыя «імперскія амбіцыі Масквы» ідуць рука ў руку з гатоўнасцю ісці на ахвяры” у расейскім грамадстве. Таму міністру абароны Барысу Пісторыусу неабходна хутка палепшыць аператыўныя магчымасці Бундэсвера. План урада Германіі аб пастаянным размяшчэнні ў Літве баявой брыгады да 2027 года правільны. Германія не можа больш безумоўна спадзявацца на ЗША як на абарончую дзяржаву. Вельмі верагодна, што Дональд Трамп пераможа на прэзідэнцкіх выбарах у ЗША ў 2024 годзе. Тады можа здарыцца так, што артыкул 5 пагаднення НАТА – абавязацельства аказваць дапамогу ў выпадку нападу – будзе як мінімум аслаблены. Пуцін можа адчуць смеласць перасекчы яшчэ адну мяжу. Мы не ведаем, што будзе далей, але мы павінны быць гатовыя да ўсяго», – папярэджвае нямецкае выданне.

У харкаўскім гатэлі Kharkiv Palace, па якім напярэдадні ўдарыла расейскае войска, знаходзіліся журналісты нямецкага канала ZDF Zweites Deutsches Fernsehen. Яны абвяргаюць шчырую хлусьню расейскіх вайскоўцаў пра 200 «наймітаў», якія нібыта і былі мэтай удару. Гасцініца Kharkiv Palace мела 171 нумарамі і была здольная прыняць каля 360 гасцей. На момант удару здадзены былі толькі 15 нумароў, у якіх жылі пераважна замежныя журналісты. «Ці ведалі расейцы, што ў харкаўскім гатэлі жывуць замежныя журналісты?», – задаецца пытаннем уласнае нямецкае выданне ZDF.

«Амаль два гады мы амаль кожны дзень паведамлялі пра расейскую агрэсіўную вайну ва Украіне: што значыць для людзей мець справу з гэтым штодня. Жыццё ў страху перад нападам дзе-небудзь у паўсядзённым жыцці, дома ў ложку або па дарозе на працу – на гэты раз у суботу ўвечары гэта таксама закранула і нас. Ва Украіне, як і большасьць замежнікаў, журналісты ночылі ў гатэлі, дзе быў ахоўны бункер. Але высвятляецца: ва Украіне няма бяспечнага месца. Усходнеўкраінскі горад Харкаў стаў аб’ектам атакі беспілотніка перад Новым годам. У горадзе пацярпелі 28 чалавек, пашкоджаны гатэль, жылыя дамы, дзіцячы садок, крамы і адміністрацыйныя будынкі», – паведамляе нямецкае выданне.

ЗША спрабуюць пераканаць грузаперавозчыкаў вярнуцца ў Чырвонае мора, нягледзячы на небяспеку з боку хусітаў. Вашынгтон запэўнівае, што гарантуе бяспеку судоў. Аднак транспартныя кампаніі па-ранейшаму аддаюць перавагу абыходным шляхам. З-за гэтага павялічваецца час дастаўкі грузаў і канчатковая цана тавараў – ад нафты да хатняй мэблі, пішуць сусветныя СМІ. Амерыканскае выданне Bloomberg піша, што Пентагон практычна ў штодзённым рэжыме кансультуецца з буйнымі прамыслоўцамі, каб пераканаць іх у бяспецы Суэцкага канала. Адпаведна амерыканскі эсмінец збіў ракету і беспілотнік над паўднёвай часткай Чырвонага мора. Ніводны з 18 кантэйнеравозаў не пацярпеў.

«Суэцкі канал быў самым зручным маршрутам для дастаўкі кантэйнераў з Азіі ў Паўночную Еўропу. Зараз судны ідуць па паўднёвым ускрайку Афрыкі. А з партоў Усходняга ўзбярэжжа ЗША грузы перанакіроўваюць у Панамскі канал, дзе нізкі ўзровень вады накладвае абмежаванне на суднаходства. Змена маршрутаў павялічвае выдаткі на паліва прыкладна на $1 млн для кожнага рэйса. Уладальнікі танкераў кажуць, што, акрамя прамых выдаткаў, яны змушаныя закладваць у цану яшчэ і надбаўкі за рызыку і выдаткі на патэнцыйнае аварыйнае ўзнаўленне. Гэта яшчэ ад $400 да $2 тысяч дадаткова за кожны кантэйнеравоз», – канстатуе амерыканскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя