BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Штосьці на гарызонце

Лукашэнка кіруе Беларуссю 30 гадоў: хто яго пераможа? Францыя пасля выбараў. Орбан з «міратворчай місіяй» у Пекіне. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

DW спытала ў галоўных апанентаў Лукашэнкі за ўвесь час ягонага кіравання, чаму ім не ўдалося яго перамагчы і каму ўсё ж атрымаецца.

«Пры свабодных дэмакратычных (не фальсіфікаваных) выбарах Лукашэнку зараз пераможа любы беларус і нават конь, і нават неадушаўлёны прадмет», – лічыць адзін з заснавальнікаў Беларускага народнага фронту, кандыдат на першых у незалежнай Беларусі выбарах Зянон Пазняк. «Лукашэнку ліквідуе Крэмль, альбо ён уцячэ на выспу ў Экватарыяльнай Гвінеі – пасля паразы Расеі у вайне», – лічыць эканаміст Яраслаў Раманчук. У першым выпадку, на яго думку, матэрыялізуецца пагроза дэ-юрэ паглынання Беларусі расейскай імперыяй. «Не сумняваюся, што, калі Пуцін сыдзе, ФСБ застанецца ва ўладзе»,- лічыць Аляксандр Мілінкевіч. А ў Беларусі, калі сыдзе Лукашэнка, адбудзецца раскол у наменклатуры, частка захоча ў Расею, а частка – у незалежную Беларусь. І калі на падмурку незалежнасці дэмакраты аб’яднаюцца з гэтай часткай, то ў вольнай Беларусі вялікія шанцы». Так і Святлана Ціханоўская ўпэўнена, што тыя, хто працуе ў сістэме, таксама хочуць перамен. «Трэба працаваць з імі, каб у крытычны момант яны занялі правільны бок. Пасля 2020 года рэжым утрымаўся, але ён нашмат менш устойлівы, чым многім здаецца», – цытуе Ціханоўскую DW.

Па выніках другога тура парламенцкіх выбараў Францыі зараз трэба будзе сфарміраваць новы ўрад. Задача будзе няпростая. На першае месца выйшаў новаспечаны левы альянс пад назвай Новы народны фронт – ён атрымаў 180 дэпутацкіх месцаў. Далей ідзе лагер Макрона (163 месцы), за якім ідзе правая папулісцкая партыя Нацыянальнае аб’яднанне (143 месцы). Для абсалютнай большасці неабходна 289 месц. Французская газета Ouest-France дае наступны каментар.

«Не будзем аддавацца ілюзіям. Нацыянальнае аб’яднанне пацярпела на гэтых выбарах паражэнне, але ўсё ж дабілася поспеху. У адрозненне ад Новага народнага фронту ці кааліцыі Разам за Рэспубліку, яно складаецца з аднаго адзінага блока. Гэта – партыя, якая атрымала большасць месцаў без усялякіх альянсаў, адзіная палітычная сіла, якая можа пахваліцца тым, што ёй удалося аб’яднаць пад сваімі сцягамі траціну выбаршчыкаў, і яна атрымае значнае дадатковае фінансаванне для падрыхтоўкі да наступных выбараў. Калі зараз рушыць услед працяглы перыяд палітычнай стагнацыі ці ж прыйдзе новае палітычнае кіраўніцтва, якое не апраўдае чаканняў і не дасць адказу на асцярогі, выяўленыя часткай французаў падчас парламенцкіх выбараў, тое ўсё гэта, несумнеўна, згуляе на руку Нацыянальнаму аб’яднанню», – заўважае французскае выданне.

Пасля візітаў у Кіеў і Маскву прэм’ер-міністр Венгрыі, якая цяпер старшынюе ў Савеце ЕЗ, адправіўся ў Пекін. Падчас гэтай паездкі, якую ён сам назваў «міратворчай місіяй 3.0», Орбан сустрэўся з лідэрам КНР Сі Цзіньпінам. Той выказаўся за спыненне агню ва Украіне і пачатак перамоваў. «Усе гэтыя паездкі вугорскага прэм’ера служаць толькі яго ўласнаму піяру», – мяркуе варшаўскі штотыднёвік Polityka.

«Адначасова з антызаходнім паломніцтвам Орбана адбываецца яшчэ адна масіраваная атака Расіі на Украіну. У панядзелак, калі вугорскі прэм’ер-міністр прыляцеў у Пекін, рускія абстралялі Крывы Рог, родны горад Уладзіміра Зяленскага. Яны ўдарылі ракетамі па Ахмадзеце – вядомай дзіцячай бальніцы ў Кіеве. У ёй праходзяць лячэнне ў тым ліку і дзеці з анкалогіяй. Кадры, на якіх бачныя разбураныя аддзяленні бальніцы, абляцелі ўвесь свет. Але можна не сумнявацца: Віктара Орбана ўсё гэта мала хвалюе. Гэты паталагічны аматар выконваць сольныя арыі пераследуе толькі свае ўласныя інтарэсы. І зараз трэба адкрыта задаць пытанне: як доўга Захад яшчэ мае намер гэта трываць?», – піша польскае выданне.

Новым прэзідэнтам Ірана абраны Масуд Пезешкіан, які мае рэпутацыю ўмеранага прыхільніка рэформаў. Ён – медык, які да пачатку сваёй палітычнай кар’еры працаваў кардыяхірургам, а з 2001 па 2005 год займаў пасаду міністра аховы здароўя пры прэзідэнце Махамадзе Хатамі. Абодва палітыкі ўвасаблялі сабой імкненне да рэформ і паляпшэння адносін з Захадам. Аднак еўрапейская прэса не бачыць для ўсяго гэтага асаблівых магчымасцяў. «Як ва ўнутранай, так і ў знешняй палітыцы ўсё застанецца па-ранейшаму», – лічыць лонданская Financial Times.

«Пезешкіан лаяльны да рэжыма і ясна даў зразумець, што падпарадкуецца аятале Алі Хаменеі. Можна зыходзіць з таго, што прыхільнікі цвёрдай лініі будуць супраціўляцца рэформам. ЗША і вялікія еўрапейскія дзяржавы будзе няпроста пераканаць змякчыць сваю пазіцыю ў адносінах да рэжыму. Досвед навучыў іх таму, што Іран наўрад ці адмовіцца ад агрэсіўнай падтрымкі баевікоў, унутраных рэпрэсій і пашырэння сваёй ядзернай праграмы. Вынікі выбараў нічога не зменяць у плане падтрымкі Тэгеранам сваіх марыянетак у рэгіёне, якіх ён лічыць жыццёва важнымі для сваёй стратэгіі бяспекі і якія кантралююцца магутнай арганізацыяй – Корпусам вартавых Ісламскай рэвалюцыі», – падкрэслівае брытанскае выданне.

Беларускае Радыё Рацыя