У Беларусі стартавала датэрміновае галасаванне на “прэзідэнцкіх выбарах”. Вяртанне Трампа: чаго чакаць, да чаго рыхтавацца? Трамп можа пакласці канец праўленню Пуціна. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

„З 21 па 25 студзеня ў Беларусі пройдзе датэрміновае галасаванне на “прэзідэнцкіх выбарах”. Выбарчыя ўчасткі гэтымі днямі будуць працаваць без абедзеннага перапынку. Асноўны дзень галасавання – 26 студзеня”, – перадае DW.
«У выбарчай кампаніі ўдзельнічаюць пяць чалавек. Апроч Аляксандра Лукашэнкі, гэта індывідуальны прадпрымальнік Ганна Канапацкая, кіраўнік ЛДПБ Алег Гайдукевіч, першы сакратар ЦУ Камуністычнай партыі Сяргей Сыранкоў і прадстаўнік РППС Аляксандр Хіжняк. На выбарах-2025 афіцыйна забаранілі здымаць і фатаграфаваць бюлетэні. ЦВК Беларусі зацвердзіў форму бюлетэня, на якім прапісана адпаведная забарона. Беларусы не змогуць прагаласаваць за мяжой. Улады растлумачылі гэта “адсутнасцю мер па бяспецы на ўчастках і скарачэннем колькасці работнікаў дыпкорпуса”. ЦВК прапануе эмігрантам прыехаць на радзіму і прагаласаваць у адным з шасці ўчасткаў у Менску і абласных цэнтрах. Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ назіраць за гэтымі выбарамі не будзе. Улады Беларусі накіравалі запрашэнне арганізацыі ўсяго за 10 дзён да дня галасавання, што, паводле заявы АБСЕ, “робіць немагчымым змястоўнае назіранне”. Офіс Святланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінет і Каардынацыйная рада прапануюць беларусам на гэтых выбарах прагаласаваць супраць усіх. 26 студзеня, у дзень выбараў, у Варшаве пройдзе кангрэс свабодных беларусаў “Беларусы годныя лепшага”. У ім прымуць удзел Святлана Ціханоўская, Павел Латушка, многія палітыкі, актывісты і прадстаўнікі беларускай дыяспары», – перадае DW.
Падчас сваёй інаўгурацыйнай гаворкі Дональд Трамп паабяцаў Амерыцы новае “залатое стагоддзе” і заявіў, што спыніць яе “заняпад”. Уступіўшы на пасаду, ён тут жа выдаў 78 указаў, якія адмяняюць рашэнні адміністрацыі Байдэна. Так, Злучаныя Штаты зноў выходзяць і з Парыжскай дамовы па клімаце і з Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. Якіх змен чакаць у сувязі з прыходам Трампа да ўлады – і як на гэта рэагаваць Еўропе? “Адказ Еўразвязу Дональду Трампу павінен мець чатыры складнікі”, – разважае лісабонскі штотыднёвік Visão.
«Еўропа павінна ўмацоўваць сваю стратэгічную аўтаномію – якой бы складанай гэтая мэта зараз ні здавалася. Еўразвязу неабходна паскорыць распрацоўку ўласных незалежных абарончых магутнасцяў і паменшыць сваю тэхналагічную залежнасць ад ЗША. Паколькі Амерыка ўсё больш канцэнтруецца на самой сабе, Еўразвязу важна ўмацоўваць гандлёвыя адносіны з іншымі рэгіёнамі свету. ЕЗ абавязаны падтрымліваць дыялог з амерыканскім урадам, пры гэтым не ставячы пад пагрозу свае ўласныя каштоўнасці. А галоўным выклікам для супольнасці – на фоне ціску звонку – стане падтрыманне ўнутранай згуртаванасці», – падкрэслівае партугальскае выданне.
«Новы прэзідэнт ЗША Дональд Трамп не будзе штурхаць Украіну на капітуляцыю», – піша Time. Дональд Трамп у свой першы дзень на пасадзе прэзідэнта Злучаных Штатаў зрабіў вельмі рэзкую заяву аб расейскай агрэсіі супраць Украіны. Ён заявіў, што дыктатар Уладзімір Пуцін вайной разбурае РФ. І такая заява не абяцае Маскве нічога добрага.
«Прэзідэнт ЗША не перабольшваў, калі казаў пра вартае жалю становішчы Расеі. Трамп мае рацыю. РФ церпіць няўдачы на полі бою, колькасць страт набліжаецца да 700 000. Яе залежнасць ад войскаў КНДР і іранскіх дронаў сведчыць пра тое, што Пуцін не змог прасунуць сваю ваенную позву, а эканоміка, якая падсілкоўваецца вайной, пазбаўляе краіну жыццёвых сіл усіх сектарах. Пуцін разбурае некалі магутную прамысловасць краіны. Расея апынулася ў сапраўды сур’ёзнай бядзе. І вяртанне Трампа можа абрынуць расейскую эканоміку ў бездань і нанесці смяротны ўдар па хісткім рэжыме Пуціна. У новага лідара ЗША ёсць усе рэсурсы для таго, каб абрынуць расейскую эканоміку ўжо да будучага Вялікадня. Для гэтага будзе дастаткова толькі больш жорстка кантраляваць выкананне ўжо ўведзеных санкцый. Многія прыхільнікі Украіны асцерагаліся, што Трамп дзеля мірнай дамовы будзе схіляць Кіеў да капітуляцыі перад агрэсарам. Аднак апошнія заявы новага лідара ЗША дэманструюць, што ягоная пазіцыя зведала змены. Верагодна, вярнуўшыся ў Белы дом, ён атрымаў дакладныя звесткі пра тое, наколькі слабыя эканоміка і рэжым Пуціна. Эканоміка Расеі разбураецца. Пуцін канібалізуе сваю вытворчую эканоміку, каб фінансаваць ВПК. Слабым месцам рэжыму застаецца нафта. Калі Пуцін страціць прыбыткі ад яе экспарту, доўга не працягнуць ні яго эканоміка, ні ён сам. Фінансавыя рэзервы ўжо амаль вычарпаны за няпоўныя тры гады вайны, грошай браць няма адкуль, інфляцыя б’е рэкорды. ЗША выйгралі Халодную вайну, дзякуючы эканамічнаму ціску на Савецкі Саюз. Яго эканоміка літаральна абвалілася, не вытрымаўшы ваенных выдаткаў. Цяперашняя РФ можа паўтарыць гэты лёс», – падкрэслівае брытанскае выданне.
У Турцыі арыштаваны мэр стамбульскага раёна Бешыкташ Рыза Акпалат. Сярод іншага яму ставіцца ў віну хабарніцтва. Акпалат – член Рэспубліканскай народнай партыі, найбуйнейшай апазіцыйнай сілы краіны. Рэжым Эрдагана сурова пераследуе палітычную апазіцыю ў краіне. Турэцкія СМІ лічаць, што і арышт Акпалата мае пад сабой палітычныя матывы. «Калі б улады і сапраўды ўзяліся за карупцыю, то ім варта было б пачаць чыстку ва ўласных шэрагах – сярод сваіх мэраў,» – падкрэслівае стамбульская Karar.
«У Турцыі 1393 муніцыпалітэта з колькасцю жыхароў звыш пяці тысяч чалавек, вялікіх і малых. Вы маглі б скласці з гэтых 1393 муніцыпальных утварэнняў спіс тых, у якіх няма карупцыі? Прыйдзецца добра пашукаць! Атрымліваецца наступнае: калі ўлада раптам бярэ на мушку адзін з муніцыпалітэтаў і пачынае крымінальны пераслед, то ў грамадстве зусім не складваецца ўражанне, што ўлады такім чынам змагаюцца з карупцыяй, – не, усе мяркуюць, што ўрад з дапамогай дзяржаўных механізмаў змагаецца з Рэспубліканскай народнай партыяй. Нельга назваць барацьбой з карупцыяй практыку, пры якой уласных карупцыянераў улада пакрывае, а другіх– пераследуе», – піша турэцкае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка






