BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Стрымліваючыя фактары

Сілавікі і прапагандысты пагражаюць блогеру Мікіце Дробказераву з-за выказвання пра савецкага дзеяча. Расейска-ўкраінская вайна: Трамп робіць стаўку на Келага. Што адбываецца на Блізкім Усходзе пасля пагаднення Ізраіля і “Хезбалы”? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Фота: wikipedia.org

«Сілавікі і прапагандысты пагражаюць блогеру Мікіце Мелказераву з-за выказвання пра савецкага дзеяча», – перадае DW.

«У набліжаным да ГУБАЗіку Telegram-канале сілавікі пагражаюць, што правядуць ператрусы і допыты родных Мелказерава “з асаблівай прыхільнасцю”, а таксама згадваюць “+1 крымінальную справу” і “кватэрнае пытанне”. Нагодай стала тое, што Мелказёраў негатыўна выказаўся ў дачыненні да партыйнага дзеяча часоў СССР Панцеляймона Панамарэнкі. З 1938 па 1948 г. ён фактычна кіраваў рэспублікай. У час Другой сусветнай вайны Панамарэнка камандаваў штабам партызанскага руху ў Беларусі. Таксама ён адыграў ролю ў русіфікацыі Беларусі і ў вядомым лісце да Сталіна выступаў супраць беларускай мовы і беларускіх пісьменнікаў. Раней наконт гэтага ж выказвання блогера Кірыл Казакоў, намеснік кіраўніка дзяржаўнага агенцтва “Мінск-Навіны” прапанаваў “суд-тройку і расстрэл на месцы” і заявіў, што гатовы страляць сам», – перадае DW.

Дональд Трамп прызначыць сваім спецыяльным прадстаўніком па пытаннях Украіны і РФ генерала ў адстаўцы Кіта Келага. Падчас першага прэзідэнцкага тэрміна Трампа той ужо працаваў дарадцам Белага дома па бяспецы і вясной гэтага года прадставіў план па заканчэнні расейска-ўкраінскай вайны. Згодна з гэтым планам, ЗША павінны аказаць ціск на абодва бакі і прымусіць іх сесці за стол перамоваў. Мадрыдская El Mundo  настроена скептычна:

«Кіт Келаг будуе планы перакрыць кран Кіеву і пасадзіць на кароткі ланцужок Маскву, прыстрашыўшы зноў адкрыць гэты кран, як быццам на двары ўсё яшчэ стаіць 1960 год. План азначае адмову ад ідэі справядлівага міру: лінія фронту цэментуецца – Расея ў такім выпадку займела б 20 працэнтаў украінскай тэрыторыі – і Пуціну не прыйшлося б расплачвацца за свае ваенныя злачынствы да наступнай расейскай агрэсіі. А такая можа разарваць Еўропу на часткі», – піша гішпанскае выданне.

Ліван абвінаваціў Ізраіль у парушэнні перамір’я. А Біньямін Нетаньяху заклікаў ЦАХАЛ рыхтавацца да паўнавартаснай вайны. Ліванская армія заявіла аб некалькіх ударах ужо пасля таго, як у сілу ўступіла пагадненне аб спыненні агню. У ізраільскім войску пацвердзілі напады, але назвалі іх адказам на падазроную актыўнасць «Хезбалы». Сцвярджаецца, што групоўка захоўвала на паражаных аб’ектах ракеты сярэдняй далёкасці. The Times of Israel цытуе прэм’ера Біньяміна Нетаньяху, які назваў апошні ўдар па Ліване “хірургічнай аперацыяй” і адказам на парушэнне рэжыму перамір’я. А вось калі яны стануць масавымі, прыгразіў паўнавартаснай вайной. The Wall Street Journal расказвае, як менавіта гэта адбываецца. І апісвае змучаных байцоў «Хезбалы», якія праходзяць праз невялікі горад Набація міма натоўпаў мірных жыхароў. Газета паразмаўляла з прыхільнікамі і супернікамі групоўкі. Адны называюць «Хэзбалу» адзінай сілай, якая абараняла грамадзянскіх. Іншыя глядзяць на перамір’е са стрыманым аптымізмам, таму што кожны бок канфлікту адчувае, што нечага дасягнуў. «Тым часам сем’і закладнікаў “Хамаса” імкнуцца пазбягаць паняцці “аптымізм”», – піша The Washington Post. Лічыцца, што дзясяткі людзей, якіх утрымліваюць у сектары Газа, яшчэ жывыя. І шмат каго абурае, што вызваленне закладнікаў не стала часткай здзелкі з «Хезбалой». «Суразмоўцы The Washington Post лічаць, што ні баевікі, ні ізраільскі ўрад не могуць пакласці канец канфлікту. І ў гэтым сэнсе ўскладаюць вялікія надзеі на ЗША, спрабуючы мабілізаваць і новую, і адыходзячую адміністрацыю, каб як мага хутчэй прымусіць бакі заключыць мір. Рэжым спынення агню набыў моц у аўторак, 26 лістапада. Мяркуецца, што ён працягнецца два месяцы. Хоць аналітыкі салідарныя, што перамір’е паміж «Хезбалой» і Ізраілем вельмі далікатнае», – падкрэслівае амерыканскае выданне.

У чацвер Канстытуцыйны суд Румыніі пастанавіў, што галасы, аддадзеныя ў першым туры прэзідэнцкіх выбараў, у якім перамог ультраправы кандыдат Кэлін Джорджэску, падлягаюць пераліку. Падаплёкай паслужыла скарга аднаго з кандыдатаў, які выбыў з гонкі. У пятніцу, суд збіраўся зноў – для таго каб прыняць рашэнне аб магчымай адмене вынікаў выбараў. Парламенцкія выбары, намечаныя на нядзелю, пройдуць па намечаным плане. Назіральнік за выбарамі ад Еўразвяза Канстанцін Мырза рэзка крытыкуе гэтае рашэнне. На партале Contributors ён выказваецца наўпрост.

«За выключэннем двух палітыкаў, якія падалі скаргі, і дзевяці суддзяў Канстытуцыйнага суда, ніхто больш не сумняваўся ў дакладнасці вынікаў галасавання, якое адбылося ў нядзелю, – ні выбаршчыкі, ні іншыя кандыдаты, ні палітычныя партыі. Мы павінны ўсвядоміць, што аказаліся ў палітычным крызісе, але не ў крызісе, канкрэтна звязаным з правядзеннем гэтага галасавання. Палітычныя крызісы не вырашаюцца фармальнымі працэдурамі. Павабна меркаваць, што пералік галасоў вырашыць праблему, але ўсё наадварот: гэты крок толькі пагоршыць крызіс. Выбарчы працэс павінен быць працягнуты, якім бы недасканалым ён ні быў», – адзначае румынскае выданне.

Беларускае Радыё Рацыя