“Ёсць прэзідэнцкія схільнасці”: Лукашэнка змяніў прэм’ер-міністра Беларусі. Абаронная ініцыятыва ЕЗ: вектар узяты. Масавыя забойствы ў Сірыі: ці будзе новая грамадзянская вайна? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

«Самаабвешчаны прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адправіў у адстаўку з пасады прэм’ера Рамана Галоўчанку, які ўзначальваў урад амаль пяць гадоў – новым прэм’ер-міністрам стаў Аляксандр Турчын», – піша Европейска правда. «Турчын быў памочнікам Лукашэнкі ў Гомельскай вобласці, кіраўніком апарата Савета міністраў, а потым яго перавялі на пасаду першага намесніка прэм’ер-міністра. У 2019 годзе Турчын узначаліў Мінскі аблвыканкам (выканаўчы орган у Менскай вобласці). Першай заявай Турчына на новай пасадзе было тое, што “істотнай карэкціроўкі эканамічнага курса не будзе”. На пытанне, ці трэба мяняць падыходы, ён сказаў: “Мой любімы выраз – “эвалюцыя без рэвалюцый”.
Былы кіраўнік урада 51-гадовы Раман Галоўчанка займаў пасаду прэм’ер-міністра Беларусі з чэрвеня 2020 года. Цяпер ён стаў кіраўніком Нацбанка. Папярэднік Галоўчанкі Павел Калаўр прапрацаваў на гэтай пасадзе 10 гадоў. Лукашэнка ў панядзелак заявіў Турчыну, што ў яго ёсць “прэзідэнцкія схільнасці”. “Я хачу, каб вы заўсёды памяталі – у вас ёсць такія прэзідэнцкія схільнасці, як у мяне. Вы можаце рэзка крутануць. Але тут вам давядзецца з Раманам Аляксандравічам (экс-прэм’ерам і новым кіраўніком Нацбанка. – Рэд.) раіцца”, – сказаў Лукашэнка. Нагадаем, нядаўна Лукашэнка заявіў, што Менск гатовы арганізаваць перамовы Дональда Трампа, Уладзіміра Пуціна і Уладзіміра Зяленскага. Раней паведамлялася, што на фоне цікавасці Трампа Лукашэнка загарэўся ідэяй знайсці рэдказямельныя металы ў Беларусі» – адзначае ўкраінскае выданне.
На экстраным саміце, які прайшоў у Брусэлі, краіны Еўразвязу вырашылі рэзка павялічыць выдаткі на абарону і пераўзброіць свае войскі. Дзяржавы змогуць адступіць ад правілаў, якія датычацца максімальнага парога дэфіцыту бюджэту, калі размова ідзе аб асігнаваннях на абарону. Таксама на гэтыя мэты плануецца выдаткаваць да 150 мільярдаў еўра ў выглядзе еўрапейскіх крэдытаў. Дэкларацыя пра далейшую падтрымку Украіны была прынятая без удзелу Венгрыі. «Агульнае войска Еўразвязу падобная жураўлю ў небе, ці не лепш сініцу злавіць?» – такое меркаванне балгарскага партала Webcafé.
«Паколькі каардынацыя на агульнаеўрапейскім узроўні – гэта працяглы і складаны працэс, рашэннем могуць стаць лакальныя абаронныя альянсы паміж суседнімі краінамі. Што замінае Балгарыі, Румыніі і Грэцыі (а патэнцыйна і некаторым іншым суседзям!) пачаць каардынаваць свае намаганні па абароне агульных межаў, сумесна закупляць ваенную тэхніку і перамяшчаць яе туды, куды трэба – для фармавання сумесных тактычных груп па ўзоры баявых груп НАТА?», – задаецца пытаннем балгарскае выданне.
У Сірыі адзначаюцца беспарадкі і выпадкі масавага гвалту – самыя крывавыя за ўвесь час з моманту змены ўлады ў краіне тры месяцы таму. Сірыйскі цэнтр маніторынгу за выкананнем правоў чалавека паведамляе, што ва ўзбярэжным рэгіёне былі забітыя звыш 1300 чалавек, сярод іх – сама меней 830 прадстаўнікоў алавіцкай меншасці, да якой належаў і выгнаны дыктатар Башар аль-Асад. Назіральнікі абвінавачваюць у арганізацыі разні праўрадавыя “сілы правапарадку”. Еўрапейская прэса б’е трывогу. «Сірыі пагражае новая фаза жорсткіх унутраных канфліктаў», – папярэджвае амстэрдамская De Volkskrant.
«Розныя фундаменталісцкія і іншыя ваенізаваныя групоўкі, роўна як і суседнія краіны – Ізраіль, Турцыя і Іран, маюць свае прычыны не жадаць таго, каб новая Сірыя стала моцнай дзяржавай. Прэзідэнту пераходнага перыяду Ахмеду аш-Шараа сваім абяцаннем стварыць урад адзінства, у якім знайшлося б месца таксама жанчынам, друзам, хрысціянам і алавітам, спачатку ўдалося заваяваць давер міжнароднай супольнасці. Аднак ён маментальна пазбавіцца гэтай падтрымкі, калі не здолее спыніць гвалт, які робіцца над мірнымі грамадзянамі краіны. А там і новая грамадзянская вайна не за гарамі», – піша нідэрландскае выданне.
Прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон мае намер абмеркаваць з еўрапейскімі партнёрамі пытанне пра магчымае пашырэнне французскага ядзернага парасона – з тым каб ён ахопліваў і іншыя краіны Еўропы. З моманту выхаду Вялікабрытаніі са складу Еўразвязу Францыя з’яўляецца адзінай краінай супольнасці, якая валодае ядзернай зброяй: у яе маецца каля 290 ядзерных боегаловак. Варшаўская Rzeczpospolita вылучае смелую прапанову.
«Для любога ўрада ў Варшаве была б непрымальнай канстэляцыя, пры якой Нямеччына валодала б ядзерным узбраеннем, а Польшча – не. Гэтая пазіцыя выявілася і ў рэакцыі Туска на прапанову Эманюэля Макрона распаўсюдзіць ядзерныя гарантыі і на нашу краіну: калі Мерц шукаў размовы на гэтую тэму, тое самае зрабіў і польскі прэм’ер-міністр. Туск не выказваўся пра тое, якім з’яўляецца ягонае бачанне польскай ядзернай зброі. Адна з магчымасцяў – гэта каардынаванне крокаў у гэтых адносінах з немцамі. Ці нават стварэнне сумесных польска-нямецкіх ядзерных узбраенняў. Гэта стала б завяршэннем прымірэння паміж нашымі народамі», – падсумоўвае польскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка






