BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Сумневы — непажаданыя

  • Прэзідэнт Беластока пра беларусаў, якія раней ездзілі «на закупы», а зараз жывуць у горадзе
  • Як беларусы захапілі польскі самалёт Ryanair
  • Украіна: найбуйнейшыя кадравыя перастаноўкі з лютага 2022 года

Польскі Беласток добра знаёмы многім беларусам. Да 2020 года ён быў адным з цэнтраў шопінгу для грамадзянаў Беларусі. А пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі стаў другім пасля Варшавы польскім горадам, дзе беларусы шукаюць прытулак ад палітычных рэпрэсіяў. Беларускае Зеркало паразмаўляла з Прэзідэнтам Беластока Тадэвушам Трускаласкім аб уплыве на Беласток закрыцця памежных пераходаў і міграцыйнага крызісу, аб «старых» і «новых» беларусах у горадзе.

«Эканамічныя адносіны з Беларуссю мелі вялікае значэнне для Беластока. На беларускіх пакупнікоў прыпадала значная частка трафіку ў гандлёвых цэнтрах, яны былі важнай часткай мясцовай эканомікі. На жаль, зараз гэта засталося ў мінулым. Падчас сустрэч з прадстаўнікамі ўрадавага боку Трускаляскі неаднаразова казаў аб неабходнасці пераасэнсаваць пытанне закрытых памежных пераходаў на польска-беларускай мяжы. Акрамя гэтага, пасля падзеяў 2020 года ў Беластоку знайшлі прытулак некалькі тысяч беларускіх грамадзян. Большасць з іх спрабуюць інтэгравацца ў польскае грамадства, захоўваючы пры гэтым сваю нацыянальную ідэнтычнасць. Дзеці і падлеткі вучацца ў беластоцкіх школах. Іх бацькі працуюць у розных кампаніях ці займаюцца бізнесам. Беларускія культурныя ініцыятывы ўзбагачаюць сацыяльнае і культурнае жыццё Беластока, а беларускія кампаніі становяцца важнай часткай мясцовай эканомікі», – прыводзіць ацэнку Прэзідэнта горада беларускае анлайн-выданне ў выгнанні.

agliad presy_world_adbiuka ap_jk

Польская газета Wyborcza друкуе падрабязнасці сакрэтнай аперацыі, калі беларусы захапілі польскі самалёт Ryanair.

«Польская пракуратура будзе дамагацца арышту беларускіх афіцэраў за згон самалёта са 126 пасажырамі. Сярод іх быў і апазіцыянер Раман Пратасевіч. Пракуратуры дапамог сакрэтны інфарматар — авіядыспетчар з Менска, які ўцёк у Польшчу з каштоўнымі доказамі. «Wyborcza» першай даведалася пра высновы польскіх следчых, перадусім пра паказанні авіядыспетчара. 4 верасня, Акруговы суд у Варшаве завочна арыштаваў трох беларусаў: былога начальніка Беларускай аэранавігацыі Леаніда Хуро, начальніка зьмены БДУ Яўгена Цыганава і высокапастаўленага беларуса, супрацоўніка КДБ. Нацыянальная пракуратура абвінавачвае іх у тэрарыстычным акце: махлярскім захопе кантролю над самалётам Ryanair (арт. 166 КК) і незаконным пазбаўленні волі пасажыраў і членаў экіпажа (арт. 189 КК). Пакаранне за гэта – 12 гадоў пазбаўлення волі. Згода суда на арышт падазраваных адкрывае шлях да выдачы міжнародных ордараў на арышт. Гэта таксама дазволіць прыцягваць да адказнасці беларусаў з чырвонай павесткай Інтэрпола – самых небяспечных злачынцаў. Мазавецкі аддзел Нацыянальнай пракуратуры і Агенцтва ўнутранай бяспекі вялі расследаванне гэтай справы тры гады. У файлах ёсць не толькі паказанні авіядыспетчара, але і запісы з Беларускага цэнтра аэранавігацыі, якія дыспетчар, рызыкуючы жыццём, запісаў на тэлефон і перавёз у Польшчу. Дзякуючы гэтаму ўдалося з дакладнасцю ўзнавіць ход выкрадання і ролю беларускіх спецслужбаў», – падкрэслівае польскае выданне.

agliad presy_world news_adbiuka zvanoch

Украіне патрэбен новы старт – такім аргументам прэзідэнт Зяленскі абгрунтаваў сваё рашэнне правесці шэраг кадравых перастановак у кабінеце міністраў. У сераду падаў прашэнне аб адстаўцы міністр замежных спраў Дзмітры Кулеба. Згодна з паведамленнямі СМІ, надалей ён будзе займацца пытаннямі інтэграцыі Украіны ў НАТА. У адстаўку падалі яшчэ тры міністры, а таксама шэраг іншых высокапастаўленых чыноўнікаў. Многія з іх атрымаюць зараз іншыя пасады. «Зяленскі не церпіць пярэчанняў», – каментуе міланская Corriere della Sera.

«Восень, лістапад», – цешыцца Марыя Захарава. Афіцыйная прадстаўніца МЗС Расеі тлумачыць масавыя перастаноўкі ва ўкраінскім урадзе як знак слабасці. Аднак Захарава можа і памыляцца! Адстаўка чатырох міністраў, ухіленне двух пастоў намеснікаў, звальненне шматлікіх брыгадных генералаў скарачае ланцужок камандавання, паскарае працэс прыняцця рашэнняў – і палягчае высілкі па адпоры ворагу. Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі ўзмацняе сваю ролю як аднаасобны галоўнакамандуючы. А разам з ім умацоўваецца і жорсткая лінія ў адносінах да Расеі. Тыя, хто адчувалі сумневы, былі гатовыя паддацца спакусе пайсці на кампраміс, вымушаныя пакінуць сцэну», – піша італьянскае выданне.

agliad presy_world_adbiuka ap_jk

Рэджэп Таіп Эрдаган выканаў свой намер – і падаў заяўку на ўступленне Турцыі ў БРІКС – Альянс эканомік, якія развіваюцца, у якім дамінуюць Расея і Кітай, разглядаецца ў якасці процівагі Вялікай сямёрцы – групе заходніх краін. У выпадку ўхвалення сваёй заяўкі Турцыя стане першай дзяржавай НАТА ў шэрагах БРІКС. Рыжская Diena бачыць тут сама меней дзве перашкоды.

«У адрозненне ад іншага саюза незаходніх краін, БРІКС – усяго толькі нефармальны клуб. Чакаецца, што восенню на саміце ў Казані адбудзецца фармалізацыя адносін і распрацоўка агульных крытэрыяў (у тым ліку і для прыёму новых членаў). Другая перашкода – гэта, вядома, адносіны Турцыі з Захадам і, галоўнае, – удзел і важная роля краіны ў Паўночнаатлантычным альянсе. Акрамя таго, незразумела, як Анкара сумяшчала б сяброўства адначасова ў двух такіх саюзах. Няма сумневаў, што турэцкаму прэзідэнту і іншым службоўцам усё гэта выдатна вядома, але, судзячы па ўсім, Анкара не можа адмовіцца ад спробы лішні раз нагадаць аб сабе», – адзначае латвійскае выданне.

Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя