BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Сумніўнае партнёрства

Што можа чакаць Беларусь? З’явіліся некаторыя падрабязнасці сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна. Bloomberg: ЗША хочуць спынення агню ва Украіне да 20 красавіка. Нямеччына выказала занепакоенасць арыштам апазіцыйнага мэра Стамбула. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

“Адбылася прамая размова Лукашэнкі і Пуціна пра «лагічнае завяршэнне паглыбленай інтэграцыі». Тэлеграм-канал «Беларуская выведка» са спасылкай на свае крыніцы паведаміў, што ўпершыню адбылася прамая размова пра перспектыўнае «лагічнае завяршэнне паглыбленай інтэграцыі». Размова сталася нечаканасцю для Лукашэнкі. Па сутнасці, Пуцін упершыню прадставіў канчатковы вынік саюзнага будаўніцтва», – перадае Polskie Radio.

«Паводле інфармацыі крыніц, у беларускай дэлегацыі склалася ўстойлівае меркаванне, што Пуцін вырашыў скарыстацца тактыкай Трампа. Камандзе Лукашэнкі адкрыта сказалі, што «ў іх няма карт» і што працэс паглыбленай інтэграцыі павінен лагічна скончыцца пераходам ад саюзнага інтэграцыйнага працэсу ў федэратыўны. Такім чынам, Крэмль упершыню заявіў сваё права на прымус Беларусі да ўваходжання ў Расейскую Федэрацыю шляхам трансфармавання Саюзнай дзяржавы. Згадвалася, што будуць створаныя «асаблівыя» эканамічныя і палітычныя ўмовы. Гэты працэс стане мадэллю для былых савецкіх рэспублік. У паведамленні адзначаецца: «Лукашэнка вярнуўся „чорным“. Ён выдатна разумее, што яго асабісты лёс у гісторыі незалежнасці Беларусі ўжо вырашаны Крамлём. Лукашэнка ўсё ж такі дабіўся свайго галоўнага тытула — першы і апошні прэзідэнт незалежнай Беларусі. Усе наступныя прэзідэнты-марыянеткі будуць прэзідэнтамі федэратыўнай саюзнай рэспублікі. У бліжэйшыя гады варта чакаць адпаведных палітычных рухаў, ініцыятыў і заяў з боку абодвух „братоў», – перадае Polskie Radio.

Белы дом імкнецца дасягнуць пагаднення аб спыненні агню ў расейска-ўкраінскай вайне да 20 красавіка, паведаміла ў нядзелю агенцтва Bloomberg са спасылкай на крыніцы, блізкія да гэтага пытання.

“У той жа час улады ў Вашынгтоне прызналі, што тэрміны дасягнення пагаднення могуць быць адкладзеныя з-за вялікіх разыходжанняў у пазіцыях Украіны і Расеі. У гэтым годзе ў адзін і той жа дзень, 20 красавіка, хрысціянскія цэрквы Заходняга і Усходняга абрадаў святкуюць Вялікдзень. Раней расейскія СМІ паведамлялі, што ў гэтую дату можа адбыцца сустрэча лідараў ЗША і Расеі Дональда Трампа і Уладзіміра Пуціна. У нядзелю прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў заявіў, што тэлефонная размова Трампа і Пуціна 18 сакавіка стала “крокам да асабістай сустрэчы” кіраўнікоў дзвюх дзяржаў. Наступным такім крокам, на думку Масквы, стануць перамовы дэлегацый ЗША і Расеі ў панядзелак у Эр-Рыядзе, сталіцы Саудаўскай Аравіі. У пятніцу Трамп заявіў, не ўдаючыся ў падрабязнасці, што поўнае спыненне агню паміж Расеяй і Украінай “хутка” будзе дасягнута. Расея высоўвае празмерныя патрабаванні адносна патэнцыйнага перамір’я, уключаючы спыненне паставак заходняй зброі ва Украіну. Ні Кіеў, ні краіны, якія падтрымліваюць Украіну, на гэта не згодны. Крыніцы паведамілі, што Вашынгтон, які на пачатку месяца прыпыніў пастаўкі зброі, каб аказаць ціск на ўкраінскі бок, таксама не пагадзіўся на якія-небудзь абмежаванні ў гэтым плане”, –  піша амерыканскае выданне.

У Нямеччыне заявілі пра занепакоенасць у сувязі з затрыманнем і арыштам у Турцыі апазіцыйнага мэра Стамбула Ікрэма Імамаглу. Як паведамляе “Европейска правда”, пра гэта ў нядзелю заявілі ў прэс-службе МЗС Германіі.

«У Берліне назвалі арышт Экрэма Імамаглу сур’ёзным ударам па дэмакратыі ў Турцыі. “Палітычная барацьба не павінна ажыццяўляцца праз суды і турмы. Чакаем, што гэтыя абвінавачанні будуць расследаваны празрыста і як мага хутчэй, а суд адбудзецца на аснове вяршэнства права – і гэтак жа ў дачыненні да затрыманых пратэстуючых”, – заявілі ў МЗС Германіі. Нагадаем, 23 сакавіка суд у Турцыі прыняў рашэнне аб меры стрымання ў выглядзе арышту ў дачыненні да мэра Стамбула Ікрэма Імамаглу па абвінавачваннях у карупцыі. У той жа час суд адхіліў хадайніцтва аб ягоным арышце па абвінавачанні ў падтрымцы “Рабочай партыі Курдыстана”. У сувязі з гэтым паўнамоцтвы Імамаглу як мэра прыпынілі. Пераслед Імамаглу прывёў да масавых пратэстаў у краіне», – падсумоўвае ўкраінскае выданне.

Дональд Трамп узмоцніць жорсткасць тарыфнай вайны пасля заканчэння адтэрміновак для Мексікі і Канады. 2 красавіка кіраўнік Белага дома плануе аб’явіць пра новы пакет мер, які будзе больш мэтанакіраваны, чым яго ранейшыя пагрозы. Размова пра ўзаемныя тарыфы для краін і блокаў, у якіх дзейнічаюць бар’еры адносна ЗША. Раней прэзідэнт заявіў: “Нас абрабавалі ўсе краіны свету: сябры і ворагі”. Новыя меры таксама могуць закрануць тавары з ЕЗ, Японіі, Паўднёвай Карэі, Індыі і Кітая. Яны набудуць моц неадкладна, і, па задумцы Трампа, адразу прынясуць эфект. «Новы раўнд пошлін пагражае разбурыць ланцужкі паставак аўтамабіляў», – піша Financial Times. «У Еўропу і Азію зараз накіраваліся некалькі тысяч дадатковых грузавых судоў: у лютым пастаўкі машын з ЕЗ у ЗША на 22% перавысілі леташнія, японскі экспарт вырас на 14%, а паўднёвакарэйскі на 15%. Аднымі з першых пастаўкі нарасцілі Hyundai і Kia. У Chrysler і Jeep Stellantis заявілі, што перамяшчаюць запасы аўтамабіляў на свае заводы ў ЗША. У той жа час Toyota не мяняла тэмпаў паставак, а яшчэ два японскіх брэнда заўважылі толькі невялікі рост попыту. У Амерыканскай міжнароднай асацыяцыі аўтамабільных дылераў адзначаюць, што 30-дзённая адтэрміноўка дапамагла гульцам папоўніць запасы, і галоўнае пытанне зараз, як доўга будуць дзейнічаць новыя пошліны і на каго ў выніку распаўсюдзіцца», – піша амерыканскае выданне.


Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка