BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Сур’ёзней, чым чакалі

Славакія аднаўляе культурнае супрацоўніцтва з Расеяй і Беларуссю. NATO папярэджвае аб татальнай вайне з Расеяй у бліжэйшыя 20 гадоў. Колькі працягнецца вайна ва Украіне?  Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

Новапрызначаная міністр культуры Славакіі Марціна Шымковічава распарадзілася зняць забарону на культурнае супрацоўніцтва з Расеяй і Беларуссю. «У свеце ідуць дзясяткі ваенных канфліктаў, і, на наш погляд, мастакі і культура не павінны плаціць за іх цану», — сказала Шымковічава, каментуючы зняцце забароны», – піша ўкраінскае выданне  Ukrinform.

«Дакумент, падпісаны 12 студзеня і ўведзены ў дзеянне 15 студзеня, адмяняе забарону, уведзеную ў выніку агрэсіі Расеі супраць Украіны.  Забарона на культурнае супрацоўніцтва з Расеяй і Беларуссю дзейнічае ў краіне з сакавіка 2022 года ў сувязі з поўнамаштабным уварваннем Расеі ва Украіну. Яе прадставіла былы міністр Наталля Міланава. Яна сказала, што міністэрства заняло выразную пазіцыю, асуджаючы ўварванне Расеі ў суседнюю краіну. Тады Славакія забараніла любыя кантакты з культурнымі і мастацкімі ўстановамі дзвюх краін, арганізацыямі, якія знаходзяцца на іх тэрыторыі, або тымі, хто мае фінансавыя сувязі з дзяржаўнымі або прыватнымі крыніцамі з Расеі ці Беларусі. Акрамя таго, было вызначана кола асоб, якім прадастаўлены доступ да канфідэнцыйнай інфармацыі аб культурнай спадчыне. СМІ забаранілі спасылацца на такія прапагандысцкія выданні, як Sputnik і Russia Today. У пачатку красавіка 2022 года Славацкі інстытут кінамастацтва асудзіў агрэсію Расеі супраць Украіны і выказаў салідарнасць з украінскім народам, а таксама заклікаў усіх партнёраў рушыць услед іх прыкладу і прыпыніць любыя аперацыі на тэрыторыі Расеі і Беларусі», – адзначае ўкраінскае выданне.

Кіраўнік Ваеннага Камітэта НАТА, нідэрландскі адмірал Роб Бауэр заяўляе ў брытанскай газеце The Telegraph аб магчымай будучай «поўнамаштабнай вайне» (all-out war), якая карэнным чынам зменіць жыццё людзей на Захадзе. «Высокапастаўлены чыноўнік заклікае грамадзянскіх асоб, а таксама ўрады рыхтавацца да канфлікту, які зменіць жыццё, і магчымага прызыву ў войска. Альянс рыхтуецца да вайны з Расеяй, а адбыцца яна можа  ў найбліжэйшыя два дзесяцігоддзі. Кіраўнік ваеннага камітэта падкрэсліў, што ўсім краінам-сябрам НАТА неабходна падрыхтаваць прамысловую галіну, якая будзе здольная хутка вырабляць зброю і боепрыпасы на выпадак ваеннага канфлікту. Ужо на гэтым тыдні НАТА распачне найбуйнейшыя за апошнія некалькі дзесяцігоддзяў вучэнні Steadfast Defender 2024. Вучэнні пройдуць на тэрыторыі Германіі, Польшчы і краін Балтыі. Усяго ў іх прыме ўдзел каля 90 тысяч вайскоўцаў, – перадае брытанскае выданне.

Прадстаўнікі амерыканскай і заходніх выведак лічаць, што вайна ва Украіне працягнецца яшчэ як мінімум два гады. Пра гэта паведамляе CNN са спасылкай на крыніцы, знаёмыя з дадзенымі разведак.

«Некаторыя амерыканскія і заходнія чыноўнікі мяркуюць, што баявыя дзеянні могуць працягвацца яшчэ пяць гадоў. Па гэтай прычыне Белы дом хоча дабіцца выдзялення фінансавання на дапамогу Украіне да таго, як скончацца паўнамоцтвы Джо Байдэна. У адміністрацыі ЗША, кіраўніцтве НАТА і Кіеве ёсць разуменне, што ў выпадку перамогі Дональда Трампа падтрымка Украіны будзе скарочана. Мяркуецца, што ў 2024 годзе Украіна будзе працаваць над умацаваннем сваёй абароннай прамысловасці і аднаўленнем узброеных сіл у чаканні ўзмацнення баявых дзеянняў у наступным годзе. Амерыканскі ваенны чыноўнік, які знаходзіцца ў Еўропе, лічыць, што праз два гады Украіна зробіць спробу другога буйнога контрнаступлення, каб выбіць расейскія войскі з Мелітопаля ў Запарожскай вобласці. Амерыканскія і заходнія разведкі не лічаць, што які-небудзь з бакоў даб’ецца значных поспехаў у гэтым годзе», – піша амерыканскае выданне.

«ЗША, Егіпет і Катар прапанавалі новы план урэгулявання канфлікту на Блізкім Усходзе, у рамках якога ХАМАС вызваліць закладнікаў, а Ізраіль выведзе свае войскі з тэрыторыі сектара Газа, – паведамляе амерыканскае выданне The Wall Street Journal са спасылкай на дыпламатаў, якія ўдзельнічаюць.

«Новая прапанова прадугледжвае некалькі этапаў, якія прапануецца рэалізаваць за 90 дзён. На першым этапе бакі павінны дамовіцца аб спыненні агню, пасля чаго ХАМАС адпусціць усіх закладнікаў з ліку грамадзянскіх у абмен на вызваленне некалькіх сотняў палестынскіх зняволеных. У той жа час Ізраіль павінен будзе вывесці свае войскі з населеных пунктаў сектара Газа, спыніць назіранне з дронаў, а таксама не перашкаджаць свабоднаму перамяшчэнню ў анклаве і падвоіць аб’ём гуманітарнай дапамогі, якая паступае ў сектар. На другім этапе ХАМАС павінен вызваліць жанчын-вайскоўцаў і вярнуць Ізраілю целы загінулых у абмен на палестынскіх зняволеных. На трэцім этапе баевікі павінны адпусціць усіх ізраільскіх вайскоўцаў і мужчын баяздольнага ўзросту, у той час як Ізраіль павінен вывесці частку сваіх войскаў з сектара Газа. Таксама абмяркоўваецца стварэнне фонду для аднаўлення Газы і гарантыі бяспекі для палітычнага кіраўніцтва ХАМАСа. Заключны этап плана прадугледжвае перамовы аб пастаянным спыненні агню, нармалізацыі адносін паміж Ізраілем і арабскімі краінамі, а таксама аднаўленне працэсу стварэння палестынскай дзяржавы.  Пакуль з умовамі плана не пагадзіўся ні адзін з бакоў канфлікту. Аднак суразмоўцы выдання адзначылі, што Ізраіль і ХАМАС хоць бы прадэманстравалі гатовасць да перамоваў. Чакаецца, што яны адновяцца ў Каіры ў найбліжэйшыя дні», – удакладняе амерыканскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка