BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Саступкі – лепш?

ЗША асуджаюць фальшывыя парламенцкія і мясцовыя выбары ў Беларусі. Украіна: два гады пасля пачатку поўнамаштабнай агрэсіі РФ. Будучы старшыня НАТА. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Republican U.S. Presidential nominee Donald Trump attends a campaign event at Briar Woods High School in Ashburn, Virginia, U.S., August 2, 2016. REUTERS/Eric Thayer – RTSKRCO

«Злучаныя Штаты асуджаюць фальшывыя парламенцкія і мясцовыя выбары ў Беларусі , якія прайшлі «ў атмасферы страху» 25 лютага», – піша ўкраінскае выданне NV.

«Немагчыма правесці свабодныя і справядлівыя выбары ў атмасферы страху і з больш чым 1400 палітвязнямі. Але 25 лютага ў Беларусі прайшло галасаванне па выбарах у парламент і мясцовыя саветы. Так званыя выбары прайшлі без удзелу міжнародных назіральнікаў, пра што раней заявіла АБСЕ, выказаўшы «глыбокае шкадаванне». Гэта першыя агульнанацыянальныя «выбары» ў Беларусі з пачатку масавых палітычных рэпрэсій у 2020 годзе. Самаабвешчаны беларускі лідар Аляксандр Лукашэнка раней заяўляў, што плануе ўдзельнічаць у выбарах прэзідэнта Беларусі, якія пройдуць у 2025 годзе. Упершыню Лукашэнка стаў прэзідэнтам Беларусі ў 1994 годзе», – падкрэслівае ўкраінскае выданне.

Сама меней дзесяць тысяч загінулых мірных грамадзян Украіны, 6,5 мільёна бежанцаў, 3,7 мільёна ўнутраных перасяленцаў – такія, паводле дадзеных ААН, трагічныя наступствы поўнамаштабнай вайны, развязанай Расеяй супраць Украіны 24 лютага 2022 года. У адным са сваіх нядаўніх інтэрв’ю прэзідэнт Зяленскі раскрыў дадзеныя аб колькасці загінуўшых воінаў ВСУ, назваўшы колькасць у 31 тысячу чалавек. Паводле ацэнак экспертаў, агульны лік загінулых у баявых дзеяннях з абодвух бакоў ідзе на сотні тысяч. Як будуць развівацца падзеі ў ходзе вайны ? «Неабходна скончыць з табуіраваннем самой магчымасці саступкі расейскім патрабаванням», – мяркуе мальтыйская газета Times of Malta.

«З прычыны патавай сітуацыі важнасць дыпламатычных перамоваў узрастае. Магчыма, менавіта адсутнасць прагрэсу ў ваенных адносінах паказала, наколькі яны непазбежныя. Перамовы могуць прывесці да таго, што некаторыя з чырвоных ліній, устаноўленых украінскім бокам, будуць перагледжаны. Найперш гэта можа закрануць Крым і, што не выключана, нават некаторыя часткі акупаваных тэрыторый на ўсходзе. Так, перамовы з агрэсарам і тыранам могуць паслужыць няслушным сігналам. Але працяг вайны, верагодна, у яшчэ большай ступені пагоршыць гуманітарную трагедыю ў рэгіёне», – папярэджвае мальтыйскае выданне.

У мінулы чацвер ЗША, Германія, Вялікабрытанія і Францыя выказаліся ў падтрымку кандыдатуры прэм’ер-міністра Нідэрландаў Марка Рутэ, які пакідае сваю пасаду, у якасці пераемніка генеральнага сакратара НАТА Енса Столтэнберга. Падобна, усё паказвала на папярэдняе рашэнне. Але затым у СМІ раптоўна пачалі распаўсюджвацца паведамленні аб тым, што прэзідэнт Румыніі Клаўс Ёханіс таксама мае намер балатавацца, і што яго ўжо падтрымалі Балгарыя, Венгрыя і Турцыя. Румынскі партал Republica.ro не цураецца крытыкі.

«Які ў выніку сігнал пасылае Клаўс Ёханіс? Пра тое, што Румынія больш не з’яўляецца стабільным партнёрам на ўсходнім флангу, а праводзіць транзакцыйную палітыку ў эрдаганаўскім духу. Пра тое, што ён не бачыць праблемы ў тым, каб працягнуць руку антылібералу Віктару Орбану (гэтаму траянскаму каню Пуціна ў ЕС і НАТА) дзеля прасоўвання асабістых палітычных інтарэсаў. Пра тое, што яму не хапае дыпламатычнай абачлівасці для таго, каб правесці адрозненне паміж ЕЗ і НАТА, і што Румынія знаходзіцца там, дзе і Балгарыя. Абедзве краіны расчараваныя тым, што яны так і не былі поўнасцю ўключаны ў Шэнгенскую зону . Ёханіс выклікае раскол у НАТА, і гэта якраз у тыя часы, калі альянс павінен дэманстраваць сваё адзінства», – наракае румынскае выданне.

Экс-прэзідэнт Дональд Трамп ужо фактычна забяспечыў сабе вылучэнне на прэзідэнцкіх выбарах ад Рэспубліканскай партыі. Пра гэта дазваляе казаць у тым ліку і яго перамога на праймерыз у штаце Паўднёвая Караліна, дзе ён пакінуў ззаду сваю канкурэнтку Мікі Хэйлі , абышоўшы яе прыкладна на 20 працэнтных пунктаў. Хэйлі не дапамог нават той факт, што Паўднёвая Караліна – родны для яе штат: яна не толькі яго ўраджэнка, але і была яго губернатарам. Аглядальнікі здзіўляюцца, чаму Хэйлі яшчэ не зняла сваю кандыдатуру, а таксама разважаюць аб фактарах поспеху Трампа. «Атмасфера ў грамадстве атручана», – з горыччу адзначае швейцарская газета Corriere del Ticino.

«Байдэнаўскі апанент, вылучэнне якога ўжо практычна гарантавана, да гэтага часу лічыць, што яго падманным спосабам пазбавілі крэслы ў Белым доме. Падступны чарвяк раз’ядае асяродак амерыканскай дэмакратыі. Ён праявіў сябе падчас штурму Капітолія 6 студзеня 2021 года. Расследаванні яго не ўхілілі – ніякім чынам. Эмацыйны раскол у амерыканскай дэмакратыі – гэта яшчэ горш, чым грамадзянская вайна. Калі за тымі, хто атрымаў перамогу на выбарах, не прызнаюць легітымнасці і права кіраваць краінай, то немагчымы ніякі ўстойлівы рост эканомікі. Немагчымы ніякі дабрабыт, які ўхіліў бы абгрунтаванае або неабгрунтаванае падазрэнне, што мелі месца падман або злоўжыванне. Сапернік ператвараецца ў ворага, у чужака-здрадніка», – піша швейцарскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка