79% беларускіх мігрантаў у Польшчы задаволены жыццём, кожны трэці адпраўляе грошы ў Беларусь. Прэзідэнцкія выбары ў Румыніі. Мемуары Меркель. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
Нацбанк Польшчы правёў апытанне сярод беларусаў, якія ў апошнія гады пераехалі з Беларусі ў Польшчу, каб даведацца пра іх даходы і занятасць. Некаторыя факты на 2024 год прыводзіць DW.
«Асноўным фактарам эміграцыі стала палітычная сітуацыя, эканамічныя праблемы – на другім месцы. З “карткай паляка” ці польскім грамадзянствам аказалася 24% апытаных. Пры гэтым імігранты з Беларусі – добра адукаваныя людзі, прыкладна кожнаму другому з апытаных да 34 гадоў. Лепш за ўсё ўладкованыя людзі, якія прыехалі да 2019 года і добра ведаюць польскую мову, у больш складанай сітуацыі – якія прыбылі ў 2020-2021 гадах, у асноўным жанчыны. Каля 16% апытаных марнуюць амаль увесь заробак на “пражыванне”, у 37% на бягучыя патрэбы сыходзіць “палова ці менш”. “Амаль 33 працэнты рэспандэнтаў пераводзяць сродкі ў Беларусь”, – гаворыцца ў даследаванні. Беларусы часта занятыя ў галінах з вялікай доляй “маскулінізаваных” прафесій: прамысловасць, транспарт, IT, будаўніцтва. Таксама для іх характэрны “высокі працэнт супрацоўнікаў IT-індустрыі і людзей, якія адкрываюць бізнэс у Польшчы”. Сярод працуючых рэспандэнтаў 13 працэнтаў звязаны з IT. Амаль 79% ацэньваюць узровень задаволенасці жыццём у Польшчы як вельмі добры ці добры, а 68% рэспандэнтаў плануюць застацца ў Польшчы ўвесь час або даўжэй за год», – перадае DW.
***
На прэзідэнцкіх выбарах у Румыніі ў першым туры нечакана перамог кандыдат ад ультраправага лагера – Кэлін Джорджаску. Падчас другога тура, прызначанага на 8 снежня, ён пабарукаецца з прадстаўніцай ліберал-кансерватараў – Аленай Ласконі. Ніводны з кандыдатаў ад кіруючых партый у другі тур не прайшоў. СМІ разважаюць аб тым, якім чынам аўтсайдар, дагэтуль вядомы перш за ўсё толькі карыстальнікам TikTok, змог настолькі вырасці ў вачах выбаршчыкаў. Варшаўская Gazeta Wyborcza зараз глыбока заклапочаная геапалітычнай арыентацыяй Румыніі.
«Праамерыканская палітыка Румыніі прасоўвалася адыходзячым прэзідэнтам ад Нацыянальнай ліберальнай партыі Клаўсам Ёханісам – ініцыятарам так званай Бухарэсцкай дзявяткі, у якую ўваходзіць і Польшча. Гэтая група інтэнсіўна працавала над узмацненнем так званага ўсходняга флангу НАТА і размяшчэннем там амерыканскіх войскаў. Калі Джорджэску стане прэзідэнтам, то гэтая палітыка можа змяніцца», – піша польскае выданне.
***
У аўторак пабачылі свет мемуары былой канцлера ФРГ Ангелы Меркель. Да публікацыі змест сямісотстаронкавай біяграфіі пад назвай “Свабода: Успаміны з 1954 па 2021 год”, якая ўжо перакладзена на 30 моў свету, трымалася ў строгім сакрэце. Еўрапейская прэса ацэньваюць жыццё Ангелы Меркель і гады, праведзеныя ёю на пасадзе федэральнага канцлера. Мадрыдскай El País сёння не хапае Ангелы Меркель.
«З моманту яе сыходу Еўропа кідаецца па двары, як абезгалоўленая курыца. Расколатая, якая страціла арыенціры, у трывозе перад магчымым расейскім нападам. Сыходзячы, Меркель ведала, што пакідае на чале Еўрапейскай камісіі сваю сяброўку Уршулю фон дэр Ляйен, у эфектыўнасці працы якой яна змагла пераканацца ў бытнасць той на міністэрскай пасадзе. Сёння камісія, якую ўзначальвае фон дэр Ляйен, займае куды больш правыя пазіцыі – і заляцаецца да прэм’ер-міністра Італіі. Што мяркуе Меркель аб гэтай трансфармацыі, ці можна супрацоўнічаць з самымі цёмнымі сіламі кантынента? Магчыма, нам яшчэ будзе не хапаць сціплай і зусім не пагардлівай Ангелы Меркель. Яна заўсёды фармулявала свой падыход як “палітыку ўмеранасці і сярэдзіны”. Сярэдзіны, не вельмі правага фланга!», – канстатуе гішпанскае выданне.
***
У Баку завяршылася 29-я Сусветная канферэнцыя па клімаце – COP29. На працягу двух тыдняў удзельнікі з усяго свету шукалі рашэнне па пытанні аб фінансавай кампенсацыі наступстваў кліматычных змен, з якім сутыкаюцца краіны, якія развіваюцца. На фоне таго, што многія краіны мяркуюць, што атамная энергетыка можа стаць адказам на кліматычны крызіс, рыжская Neatkarīgā паказвае на адно важнае, але нявырашанае пытанне.
«Па сканчэнні 70 гадоў выкарыстання атамнай энергіі да гэтага часу няма адзінства ў тым, як быць з назапашанымі радыеактыўнымі адкідамі, частка з якіх будзе ўяўляць небяспеку яшчэ на працягу сотняў тысяч гадоў. Адказ, якога шукаюць урады шматлікіх краін, – гэтае канчатковае геалагічнае пахаванне гэтых адыходаў, гэта значыць запячатванне іх у глыбокіх падземных тунэлях. Аднак усяго толькі адна краіна, а менавіта Фінляндыя, і сапраўды пабудавала такі аб’ект. Эколагі і актывісты руху за забарону выкарыстання атамнай энергіі лічаць, што такі спосаб утылізацыі адходаў, а менавіта – выцясненне ядзернага смецця “з вачэй далоў, з сэрца прэч” – нясе з сабой занадта вялікія рызыкі», – піша латвійскае выданне.
Беларускае Радыё Рацыя






