- Урад Вялікабрытаніі заклікаюць цвёрда супрацьстаяць расейскім і беларускім спартоўцам на Алімпіядзе
- Атака Ірана на Ізраіль
- Рэформа закона аб прадастаўленні прытулку ў ЕЗ
«Брытанскія сябры Украіны і высокапастаўлены дэпутат заклікаюць урад цвёрда супрацьстаяць расейскім і беларускім спартоўцам на Алімпіядах і Паралімпіядах», – піша міжнароднае выданне Kyiv Post.

«Брытанскія сябры Украіны пры падтрымцы сустаршыні Усепартыйнай парламенцкай групы Украіны (APPG) Алекса Собеля, назвалі любы ўдзел расейскіх і беларускіх спартоўцаў на Алімпійскіх і Паралімпійскіх гульнях у Парыжы пад нейтральным сцягам «крокам назад» і «прапагандысцкай перамогай» Пуціна. Урад Вялікабрытаніі напісаў у Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК), адмовіўшыся ад выступу расейскіх і беларускіх спартсменаў пад нейтральным сцягам. У адказ Вестмінстэрская праваабарончая група ахарактарызавала як глыбокую трывогу. Нягледзячы на запэўніванні МАК, што спартсмены-ўдзельнікі павінны будуць прытрымлівацца строгіх правілаў, у тым ліку адмовы ад публічнай падтрымкі вайны ва Украіне, больш шырокі геапалітычны кантэкст нельга ігнараваць. У сувязі з узмацненнем кампаніі бамбаванняў у гарадах па ўсёй Украіне цяпер не час дазваляць Расеі вяртацца ў міжнародную супольнасць. У канчатковым рахунку, асобныя федэрацыі, якія ўваходзяць у склад алімпійскага руху, вырашаюць, ці ўключаць Расею ці Беларусь, але пазіцыі МАК ствараюць прэцэдэнт, якога часта прытрымліваюцца спартыўныя арганізацыі», – падкрэслівае міжнароднае выданне.
У нядзелю Іран упершыню ажыццявіў прамую атаку на Ізраіль. Па дадзеных Арміі абароны Ізраіля, Тэгеран запусціў больш за 300 дронаў і ракет, аднак пры дапамозе саюзнікаў 99 працэнтаў з іх удалося перахапіць і знішчыць. Пасля таго як 1 красавіка ў Дамаску былі забітыя сем камандзіраў Арміі Аль-Кудс – замежнага падраздзялення іранскага Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі – Іран абвінаваціў у тым, што адбылося Ізраіль і паабяцаў адпомсціць. Балгарская газета 24 гадзіны мяркуе, што пра пачатак вайны казаць не варта.
«Можна ахарактарызаваць тое, што здарылася, як удалую пастаноўку, у якой усе акцёры, уключаючы і заходніх партнёраў – ЗША, Вялікабрытанію і Францыю – былі падрыхтаваныя да сваіх роляў, так што ўсё засталося пад кантролем, і ў рамках папярэдне зададзеных межаў. Іранцам трэба было, так бы мовіць, выпусціць пар, паколькі ўслед за ўдарам па консульстве ў Дамаску рэакцыя ўсяго палітычнага спектра ў Тэгеране была адназначнай: трэба адказаць належным чынам! Гэта было падобна на кантраляваную аперацыю ў абмежаваных рамках, якая праводзіцца для таго, каб прадухіліць буйнейшае сутыкненне», – адзначае балгарскае выданне.
Еўрапарламент адобрыў рэформу заканадаўства ў галіне давання прыстанішча, якая абмяркоўвалася ўжо на працягу многіх гадоў. З невялікай перавагай галасоў былі прынятыя ўсе дзесяць новых заканадаўчых нормаў. Цяпер працэс разгляду хадайніцтваў павінен праходзіць на знешніх межах ЕЗ, а працэдуры рэадмісіі і дэпартацыі павінны быць паскораны. Таксама плануецца аблегчыць цяжар краін на знешніх межах ЕЗ за кошт механізму салідарнага пераразмеркавання мігрантаў. Мадрыдская El País не хавае свайго расчаравання. «Цяперашні пакт з’яўляецца паразай для тых, хто лічыць, што ЕЗ не толькі мае патрэбу ў мігрантах, але і абавязаны іх у сябе прымаць. Адмовіцца ад уласных аргументаў і пагадзіцца на фармулёўкі ўльтраправых, толькі злёгку змякчэлыя – такі падыход мае сваю цану. І плаціць яе будуць людзі, якія ў роспачы ратуюцца ад галечы і вайны, прычым плаціць яшчэ вялікімі пакутамі. Новая агульная палітыка не ўхіляе першапрычыны праблемы, якая і правакуе міграцыю, а таксама ніяк не дапамагае прадухіліць ператварэнне Міжземнага мора ў месца масавай гібелі бежанцаў. У мінулым годзе пры спробе перасекчы яго загінула 3000 чалавек. А таму – не блытайце тактычны ход з рэальным вырашэннем праблемы», – адзначае гішпанскае выданне.
Пасля дзесяцігоддзяў спрэчак і дэбатаў з нядаўняга часу ў Германіі дазволена захоўваць у сябе дома канабіс, а таксама вырошчваць яго для ўласных патрэб – і, адпаведна, спажываць. Новыя правілы, тым не менш, маюць строгія абмежаванні і не распаўсюджваюцца на непаўналетніх. СМІ іншых еўрапейскіх дзяржаў параўноўваюць вопыт рэалізацыі аналагічных ініцыятыў і робяць вывады ў адносінах да сваіх краін. «Як паказвае досвед Люксембурга, абмежавальныя меры не заўсёды паддаюцца кантролю на прадмет іх захавання», – піша люксембургская газета Le Quotidien.
«Наш вялікі сусед па тым боку ракі Мозель проста рушыў услед прыкладу нашага Вялікага Герцагства, дзе ўжо з ліпеня 2023 гады дазволенае вырошчванне канопляў у прыватных мэтах. Аднак у спажыўцоў у Люксембургу няма тых свабод, якія зараз ёсць у іх нямецкіх калег. У грамадскіх месцах курэнне марыхуаны па-ранейшаму строга забаронена! Спажывец абавязаны заставацца ў сваіх чатырох сценах і не мае права запрашаць сяброў. Прынамсі, такая літара закону. Але дэ-факта паліцыя практычна не ў стане праверыць, ці выконваюць прыватнікі, якія гадуюць траву, усе гэтыя заканадаўчыя абмежаванні», – піша люксембургскае выданне.
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя






