- Сустрэча ў Пхеньяне Пуціна і Кіма
- Пасада генсака НАТА: зялёнае святло Марку Рутэ

У распараджэнне брусельскага выдання Politico патрапілі сакрэтныя дакументы з Беларусі і Азербайджана, з якіх вынікае, што Менск з 2018 па 2022 гады актыўна пастаўляў узбраенне Баку для барацьбы з армянскім саюзнікам АДКБ. Эксперты Politico мяркуюць, што без згоды Масквы ці за яе спінай Лукашэнка наўрад ці вырашыўся б на такія крокі. «У гэтых пастаўках і крыецца, на думку Politico, асноўная прычына, якая заахвоціла Пашыняна адклікаць амбасадара з Беларусі. Крыніца ўцечкі не паведамляецца, але хутчэй за ўсё размова аб заходніх спецслужбах, якія здабылі дакументы і перадалі іх Арменіі. Цяпер Пашынян можа пацвердзіць, што з такім сябрам, як Лукашэнка, і ворагі не патрэбны», – перадае бельгійскае выданне.
У сераду расейскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін наведаў з афіцыйным візітам Пхеньян, дзе сустрэўся з паўночнакарэйскім уладаром Кім Чэн Ынам. Бакі падпісалі «дагавор аб усёабдымным стратэгічным партнёрстве», які прадугледжвае пашырэнне супрацоўніцтва і абавязацельствы аб узаемнай ваеннай падтрымцы. Няясна, аднак, у якой ступені мяркуецца пашырыць кааперацыю ў ваенна-тэхнічнай сферы, і ці змяшчаюцца ў дагаворы адпаведныя палажэнні. «Становішча вельмі сур’ёзнае», – адзначае рыжская Diena.
«Іранічныя заўвагі аб летуценнях двух дыктатараў тут ні да чаго. Паўночная Карэя – верагодна, самая ваенізаваная краіна свету. Яе ваенна-прамысловы комплекс у шырокіх маштабах вырабляе артылерыйскія і ракетныя сістэмы (а таксама снарады і ракеты) яшчэ па савецкіх узорах. Што з гэтай прадукцыі ўжо паступае ў Расею і яшчэ будзе паступаць для падтрымкі яе агрэсіі супраць Украіны, – гэтага, вядома, ніхто публічна не агучыць, аднак няма ніякіх сумневаў у тым, што гаворка ідзе аб значных абʼёмах. Пхеньянскае пагадненне ператварае Маскву ў значную сілу як на Карэйскай паўвыспе, так і ва ўсім рэгіёне», – адзначае латвійскае выданне.
Пасля Венгрыі і Славакіі сваю згоду на абранне Марка Рутэ генеральным сакратаром НАТА дала і Румынія. Адпаведная заява была зроблена ў мінулы чацвер. Такім чынам, кандыдатуру былога прэмʼер-міністра Нідэрландаў падтрымалі ўсе краіны альянсу. На змену Енсу Столтэнбергу, які сыходзіць у адстаўку пасля дзесяці гадоў, праведзеных на гэтай пасадзе, вылучаўся і прэзідэнт Румыніі Клаўс Ёханіс. Еўрапейская прэса выказвае ўпэўненасць у тым, што Рутэ – прыдатная фігура на такую важную пасаду. «У Рутэ ёсць усе якасці, неабходныя для пасады, якая абяцае быць вельмі няпростай», – лічыць венская Kleine Zeitung.
«У дадатак да выпрабаванняў, звязаных з вайной ва Украіне, у лістападзе Рутэ можа чакаць вельмі сурʼёзная праверка на трываласць. У выпадку сваёй перамогі на выбарах Дональд Трамп не толькі паспрабуе перакласці падтрымку Украіны на плечы еўрапейцаў, але, верагодна, пачне раз-пораз ставіць пад сумнеў прынцыпы НАТА. І Рутэ можа апынуцца для альянсу сапраўдным поспехам. Гэтага палітыка па мянушцы «тэфлонавы Марк» лічаць не толькі майстэрскім перагаворшчыкам, але і чалавекам, здольным уплываць на Трампа, бо раней Рутэ ўжо ўдавалася прадухіляць найбольш памылковыя крокі і выхадкі тагачаснага прэзідэнта ЗША», – адзначае аўстрыйскае выданне.
Узмацненне жорсткасці рыторыкі паміж Ізраілем і ліванскай ісламісцкай групоўкай Хезбала набірае абароты: прадстаўнікі Арміі абароны Ізраіля заявілі аб тым, што зацверджаны план магчымага наступлення ў Ліване. Кіраўнік Хезбалы прыгразіў, што калі Кіпр прадаставіць Ізраілю свае парты і аэрадромы, то тым самым сам стане «часткай вайны». Нікасія неадкладна заявіла, што не плануе нічога падобнага. Лонданская Financial Times перасцерагае.
«Папярэднія войны Ізраіля ў Ліване не здолелі ні ўтаймаваць, ні аслабіць Хезбалу – у 2006 годзе Ізраіль выйшаў з аднамесячнай вайны з гэтай ваеннай групоўкай з разбітым носам. Больш за тое, па сканчэнні васьмі месяцаў разбуральнага канфлікту ў Газе Ізраілю так і не ўдалося дасягнуць ключавых мэт, пастаўленых Нетаньяху. Баявая моц ХАМАС шмат у чым знясілена. Але нават высокапастаўленыя ізраільскія вайскоўцы зараз прызнаюць, што знішчыць ХАМАС немагчыма – у сілу яе ваяўнічай ідэалогіі і глыбокай укаранёнасці ў палестынскім грамадстве. А наогул Хезбала – куды больш небяспечны супернік: гэта самы цяжкаўзброены недзяржаўны актар у свеце», – папярэджвае брытанскае выданне.
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя






