Шарэнда-Панасюк: “Мяне часта шантажавалі дзецьмі”. Вайна РФ супраць Украіны: ці вядзе Трамп перамовы з Пуціным? Сустрэча правых у Мадрыдзе. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

Паліна Шарэнда-Панасюк правяла за кратамі больш за чатыры гады. Ёй неаднаразова падаўжалі тэрмін зняволення, і актывістка сур’ёзна думала, што больш не ўбачыць сваіх дзяцей – яе часта гэтым шантажавалі ў калоніі.«На прэс-канферэнцыі 10 лютага Паліна распавяла, як ёй да крыві разбілі твар, 270 дзён трымалі ў ШІЗА без свежага паветра і сонца і якім была яе сустрэча з сынамі пасля доўгага расстання», – паведамляе DW.
«Выпраўленчую калонію №24 актывістка называе няйначай, як жывадзёрня. Яна расказвае, што палітвязня Вікторыя Кульша можа памерці ў зняволенні. “Вікторыя – чалавек, перад якім я схіляюся. Яна трымала галадоўкі месяцамі, адмаўлялася ад ежы, казала: “Пайду да канца, не здамся”. У яе ўжо адмовілі ныркі. Працягвае ў такім стане трымацца”. Умовы ў штрафным ізалятары, дзе Шарэнда-Панасюк правяла 270 дзён, яна называе катавальнымі. Жанчын не выводзяць на прагулку, яны вымушаны ўвесь час быць у адным і тым жа турэмным адзенні, часта няма магчымасці памыцца, круглыя суткі, нават падчас туалета, яны знаходзяцца пад відэаназіраннем. Па словах Паліны, яна была вымушаная падпісаць прашэнне аб памілаванні, бо сур’ёзна баялася за сваё здароўе і таго, што не зможа пабачыцца з дзецьмі, гэтым яе ўвесь час шантажавала адміністрацыя. Акрамя таго, яе прымусілі падпісаць пагадненне аб канфідэнцыйным супрацоўніцтве. “Гэта значыць недастаткова пасадзіць, падарваць здароўе, давесці практычна да інваліднасці, – працягвае жанчына. – У мяне быў псеўданім Эдэльвейс. У калоніі я павінна была расказваць аб настроі сярод зняволеных, асабліва напярэдадні выбараў. Сваёй заявай я хачу абвергнуць жаданне супрацоўнічаць з сілавікамі», – цытуе Шарэнду-Панасюк DW.
У інтэрв’ю газеце New York Post прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што ўжо размаўляў па тэлефоне з расейскім прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным на тэму заканчэння вайны РФ супраць Украіны. Калі менавіта адбылася размова, Трамп не ўдакладніў. Крэмль факт размовы не пацвердзіў і не абверг. Аглядальнікі разважаюць пра падаплёку таго, што адбываецца, выказваючы як сумневы, так і надзею. Міланская La Stampa абураная перспектывай прамых перамоваў паміж Трампам і Пуціным без удзелу Кіева.
«Гэта стала б крокам у бок такога жаданага Пуціным сцэнара “новай Ялты”, пры якім прэзідэнты ЗША і Расеі падзялілі б свет паміж сабой – як “паміж роўнымі”. Гэта ў першую чаргу азначала б “гаварыць пра Украіну без самой Украіны” і тым самым парушыць умову, якую Кіеў выставіў адразу ж пасля пачатку буйнамаштабнага ўварвання РФ тры гады таму і якое пакуль што выконвалася ўсімі заходнімі партнёрамі. Калі Пуцін і Трамп дасягнуць “дамоўленасці” без узгаднення з тымі, каго яна непасрэдна закранула б, гэта прывяло б да таго, што гэта ўмова была б праігнаравана. Немагчыма прымусіць украінцаў паступіцца сваім суверэнітэтам на карысць Масквы, сапраўды гэтак жа, як нельга прымусіць еўрапейцаў ваенным спосабам удзельнічаць у рэалізацыі рашэння, пра якое яны не дамаўляліся”, – піша італьянскае выданне.
Па запрашэнні іспанскай папулісцкай партыі Vox у суботу ў Мадрыдзе сабраліся вядучыя прадстаўнікі шэрагу еўрапейскіх вельмі правых партый. Пад лозунгам “Зробім Еўропу зноў вялікай”, які паўтарае трампаўскі слоган пра Амерыку, яны пазіцыянуюць сябе як палітычная альтэрнатыва для будучыні Еўропы. «Насамрэч не настолькі яны і адзіныя», – заўважае варшаўская Gazeta Wyborcza.
«Нацыяналісты і правыя, якія сабраліся, рабілі ўсё для таго, каб прадэманстраваць адзінства перад тварам агульнага ворага – і ў той жа самы час змаўчаць пра тое, што падзяляе іх ужо сёння, а ў будучыні і зусім можа зрабіць іх Інтэрнацыянал немагчымым, паколькі яны супярэчаць адзін аднаму нават па самых базавых пытаннях. Так, усе яны патрабавалі закрыцця еўрапейскіх межаў перад мігрантамі, абароны сям’і і дэмакратыі і адмовы ад праекту аб’яднанай Еўропы, але маўчалі не толькі з нагоды антыеўрапейскіх выказванняў Дональда Трампа, да прыкладу пра яго пагрозу накласці пошліны на еўрапейскія тавары, але і пра пагрозу, якая з’яўляецца для Еўропы і еўрапейскіх дэмакратычных», – піша польскае выданне.
У Швейцарыі падчас рэферэндуму былі аднагалосна адспрэчаны законы і прадпісанні, накіраваныя на перавод эканомікі на “зялёныя” рэйкі. Каля 70 працэнтаў тых, хто галасаваў, выступілі супраць ініцыятывы, згодна з якой у выніку эканамічнай дзейнасці Швейцарыі неабходна было б спажываць столькі рэсурсаў і выкідваць столькі забруджвальных рэчываў, колькі зможа вытрымаць прырода на працягу дзесяці гадоў. На думку мюнхенскай Süddeutsche Zeitung, вынікі рэферэндуму ў чарговы раз адлюстроўваюць разрыў паміж успрыманнем праблемы і дзеяннямі, неабходнымі для яе вырашэння.
«Гэты разрыў з’яўляецца недаглядам палітыкаў, якія абяцаюць выбаршчыкам, што ўсё будзе гэтак жа, як і раней, а клімат мы, маўляў, як-небудзь выратуем – мімаходзь. Неабходныя крокі і адпаведная перабудова грамадства і эканомікі тым самым адсоўваюцца на нявызначаны тэрмін. А менавіта Швейцарыя магла б стаць прыкладам для іншых краін. Адмова ад ініцыятывы па абароне навакольнага асяроддзя – гэта не проста адмова ад прыняцця даўно ўжо неабходных мер. Адназначнасць гэтага рашэння можа нашкодзіць экалогіі ў цэлым», – адзначае нямецкае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка






