- Беларусь накіравала знішчальнікі на збіванне расейскіх беспілотнікаў Shahed
- У цэнтры Мюнхена стралялі непадалёк ад консульства Ізраіля
- Прэзідэнт Егіпта ў гасцях у Эрдагана

«Паводле шматлікіх паведамленняў, у чацвер Беларусь падняла знішчальнікі, каб збіць расейскія беспілотнікі “Шахед” над сваёй тэрыторыяй», – піша амерыканская газета Miami Herald.
„Два ўдарныя беспілотнікі «Шахед» увайшлі ў Гомельскую вобласць на паўднёвым усходзе Беларусі, якая суседнічае з Украінай і Расеяй, каля 1 гадзіны ночы. Беларусь перакінула знішчальнікі са сваёй авіябазы ў Баранавічах прыкладна ў 1:30, 2:20 і ў 3:10. «У Гомельскай вобласці збіваюць «Шахеды» — чутныя выбухі», — пішуць выданні па свеце і апублікаваюць відэа, на якім нібыта бачна, як беспілотнікі Shahed «гараць і падаюць у небе над Гомелем». Той жа Newsweek не змог адразу праверыць інфармацыю пра надзвычайнае здарэнне і звярнуўся па каментар у беларускае МЗС», – падкрэслівае амерыканскае выданне.
«У цэнтры Мюнхена раніцай 5 верасня пачуліся стрэлы – гэта адбылося каля Цэнтра дакументацыі гісторыі нацыянал-сацыялізму і генеральнага консульства Ізраіля. Нападнік забіты», – паведамляе Bild.
«Серыя стрэлаў прагучала зранку 5-га верасня каля Цэнтра дакументацыі гісторыі нацыянал-сацыялізму ў Мюнхене. Побач з месцам, дзе пачулі выстралы, знаходзіцца генеральнае консульства Ізраіля. У паліцыі паведамілі, што ў цэнтры Мюнхена праводзіцца маштабная аперацыя. Відавочцы паведамляюць, што над месцам, дзе адбылася страляніна, лятае паліцэйскі верталёт. Пакуль што незразумела, у каго цэліўся стрэлак. Па звестках Bild, стралок узяў з сабой даўгаствольны пісталет. Ён дастаў зброю і першым пачаў страляць па пецярых паліцыянтах, якія дзяжурылі ў цэнтры горада. Па папярэдніх дадзеных, стрэлак быў адзін, пра іншых падазраваных нічога не паведамляецца. У паліцыі дадалі, што праваахоўнікі адкрылі агонь па падазроным чалавеку ў раёне Караліненплац, ён быў паранены. Як стала вядома пазней, чалавек, які нападаў, загінуў. Міністэрства замежных спраў Ізраіля паведаміла, што ніхто з ягоных супрацоўнікаў не пацярпеў. 5 верасня – чарговая гадавіна тэракту на Алімпіядзе 1972 года ў Мюнхене, калі палестынскія тэрарысты ўзялі ў заложнікі адзінаццаць ізраільскіх спартсменаў і забілі іх», – нагадвае нямецкае выданне.
Пасля больш чым дзесяцігадовай напружанасці Турцыя і Егіпет нармалізавалі свае адносіны: паўгода таму прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган наведаў Каір , а цяпер з візітам у адказ у Анкару прыбыў яго егіпецкі калега Абдул-Фаттах Халіл ас-Сісі. Па меркаванні газеты турэцкіх сацыялістаў Evrensel, гэты візіт мае першым чынам рэгіянальнае значэнне.
«Тое, што мы бачым, сведчыць аб тым, што ўрад Эрдагана, які яшчэ ўчора спрабаваў выбіцца ў рэгіянальныя лідары за кошт адносін і супрацоўніцтва з Братамі-мусульманамі і іншымі ісламісцкімі сіламі і аддаваўся неаасманскім марам, сёння імкнецца да ‘нармалізацыі’. Пачалося ўсё з ААЭ і Саудаўскай Аравіі – і зараз працягваецца Егіптам і Сірыяй. Такім чынам, візіт Ас-Сісі мае вялікае значэнне для ўрада Эрдагана, паколькі ён уяўляе сабой крок да больш гарманічнай палітычнай лініі са Злучанымі Штатамі, НАТА і іх рэгіянальнымі партнёрамі», – адзначае турэцкае выданне.
Нямецкі канцэрн Volkswagen – найбуйнейшы аўтавытворца Еўропы – больш не выключае зачынення вытворчых філіялаў і скарачэнні працоўных месцаў ужо ў самой Нямеччыне. Па меркаванні рады дырэктараў, ранейшыя меры цвёрдай эканоміі не змогуць прадухіліць спаўзанне кампаніі ў мінус. Прафсаюзы абвінавачваюць кампанію ў нездавальняючым менеджменце – і заклікаюць канцэрн замест заяўленых мер засяродзіцца на вытворчасці больш канкурэнтаздольнай прадукцыі. «На прыкладзе крызісу VW бачныя праблемы, якія ахапілі Нямеччыну як прамысловую пляцоўку ў цэлым», – канстатуе гамбургскі штотыднёвік Der Spiegel.
«Выдаткі на аплату працы і энергію – вышэй, чым дзе б там ні было, нават еўрапейскія прамысловыя пляцоўкі, да прыкладу Італія ці Францыя, таннейшыя. Пакуль што аб намеры скараціць працоўныя месцы і згарнуць фабрыкі заявілі ў першую чаргу пастаўшчыкі, такія як Continental ці ZF. Цяпер жа крызіс усёй сілай ударыў і па VW, найбуйнейшаму працадаўцу краіны ў сферы прамысловасці. Кіраўнікі канцэрна ў Вольфсбургу, мяркуючы па ўсім, ачуліся ад сну. Але ці прачнуліся палітыкі ў Берліне? Нацыя аўтамабілебудаўнікоў мае патрэбу ў бачанні будучыні. У якім напрамку будзе рухацца краіна бліжэйшыя гады? Якую выгаду можа прапанаваць прамысловая пляцоўка? Адказ на гэтыя пытанні павінен даць і федэральны ўрад», – заклікае нямецкае выданне.
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя






