
Фота: AFP
Загінуўшыя прэзідэнт і кіраўнік МІД Ірана збіраліся ўвосень прыляцець у Беларусь. Як гібель прэзідэнта паўплывае на Іран? Кіраўнік Пентагона папярэдзіў, што бліжэйшыя тыдні і месяцы ва Украіне будуць вырашальнымі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«У нас былі планы з МЗС Беларусі ў наступным месяцы арганізаваць візіт кіраўніка МЗС Ірана, а ў кастрычніку – візіт прэзідэнта», – цытуе амбасадара Ірана ў Беларусі Алірэза Санеі, DW.
„Апошні раз Лукашэнка сустракаўся з Эбрахімам Раісі ў сакавіку 2023 года ў Тэгеране, яны падпісалі дарожную карту супрацоўніцтва паміж краінамі на 2023-2026 гады. DW пісала пратое, што хаця да 2021 года адносінам паміж РБ і Іранам перашкаджалі санкцыі супраць Тэгерана, цяпер Менск, які сам трапіў пад санкцыі, хоча навучыцца ў Ірана іх абыходзіць. Так, Тэгеран зацікаўлены ў беларускай тэхніцы на радовішчах медзі і ў беларускім каліі, а Беларусь разлічвае на дапамогу ў перавалцы грузаў праз Астраханскі порт у Іран для выхаду ў Каспійскае мора, каб пастаўляць угнаенні ў Індыю. У Іране ў сваю чаргу дастаткова грувасткая палітычная сістэма, рашэнні аб стратэгічным партнёрстве прымаюцца доўга. І хаця ва ўмовах ізаляцыі для Ірана актуальны пошук саюзнікаў, але не да такой ступені, як для Беларусі. Іран заўсёды дэманстраваў пэўную гнуткасць. І калі Тэгеран лічыць магчымым дамаўляцца, ён робіць гэта нават з Вашынгтонам», – падкрэслівае DW.
Прэзідэнт Ірана Эбрахім Раісі загінуў, гэта афіцыйна пацвердзілі ўлады Ісламскай рэспублікі. Пры крушэнні верталёта не выжыў ніхто. 19 траўня борт, які перавозіў прэзідэнта Ірана, разбіўся недалёка ад мяжы з Азербайджанам. Каманда ратавальнікаў прыбыла на месца крушэння. Медыцынскія эксперты прыступілі да працэдуры апазнання цел загінуўшых, паведаміў агенцтву Tasnim прадстаўнік Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі ў правінцыі Усходні Азербайджан. У адпаведнасці з канстытуцыяй краіны, у выпадку смерці прэзідэнта яго паўнамоцтвы пераходзяць да першага намесніка. У апошнія тры гады гэтую пасаду займае Махамад Мохбер. Bloomberg піша, што смерць Раісі не нанясе сур’ёзнага ўрону ўнутранай стабільнасці Ірана, паколькі сілы бяспекі, армія і Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі застаюцца пад кантролем Вярхоўнага лідэра.
„Дарэчы, сам загінулы Эбрахім Раісі разглядаўся аналітыкамі як магчымы пераемнік аяталы, за якім застаецца апошняе слова ва ўсіх дзяржаўных пытаннях. Віцэ-прэзідэнт Махамад Мохбер узначаліць краіну толькі часова, максімум на 50 дзён пасля смерці дзейнага кіраўніка дзяржавы. Па канстытуцыі, першы віцэ-прэзідэнт разам са спікерам парламента і кіраўніком судовай улады ўтрох павінны сабраць раду і арганізаваць выбары новага прэзідэнта», – піша амерыканскае выданне.
«Маючыя адбыцца тыдні і месяцы для Украіны будуць вырашальнымі, але краіны Захаду прадоўжаць дзейнічаць рашуча, каб дапамагчы краіне змагацца за сваю свабоду», – паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на заяву кіраўніка Пентагона Лойда Осціна.
«Выжыванне і поспех Украіны маюць вырашальнае значэнне для ўкраінскай бяспекі, еўрапейскай бяспекі, глабальнай бяспекі і амерыканскай бяспекі. Кіраўнік Пентагона ўдакладніў, што калі расейскі дыктатар Уладзімір Пуцін пераможа, то тыраны прыйдуць да высновы, што яны таксама могуць паспрабаваць уварвацца і заваяваць сваіх суверэнных суседзяў. Осцін дадаў, што гэта пакіне Еўропу пад «ценем Пуціна» і зробіць свет больш жорсткім і хаатычным. Таму барацьба Украіны за свабоду і бяспеку важная для ўсіх краін Захаду. Кіраўнік Пентагона дадаў, што ён поўны рашучасці забяспечыць Украіне ўсё неабходнае для поспеху. Нядаўна стала вядома, што ЗША правядуць чарговае паседжанне ў фармаце «Рамштайн» па ваеннай падтрымцы Украіны. Па плане каля 50 краін-удзельнікаў фармату «Рамштайн» абмяркуюць расійскую агрэсію супраць Украіны і прадоўжаць цеснае супрацоўніцтва, каб даць Украіне неабходныя сродкі для абароны сваёй суверэннай тэрыторыі», – піша ўкраінскае выданне.
Пракурор Міжнароднага крымінальнага суда запытаў ордэр на арышт Нетаньяху і лідэраў ХАМАС. «Урад Велікабрытані заявіў, што патрабаванне ордэра на арышт Біньяміна Нетаньяху і іншых лідэраў Ізраіля і ХАМАС не дапаможа дасягнуць мэты Вялікабрытаніі па ўстойлівым спыненні агню ў Газе», – лічыць мясцовае выданне Standard.
«Галоўны пракурор Міжнароднага крымінальнага суда (ICC) заявіў, што будзе хадайнічаць аб ордэры на арышт ізраільскага прэм’ер-міністра разам з міністрам абароны Ёавам Галантам і лідэрамі ХАМАС Ех’я Сінвар, Махамедам Дэйфам і Ісмаілам Ханіе, сцвярджаючы, што яны нясуць адказнасць за ваенныя злачынствы ў Газе і Ізраіле. Карым Хан, галоўны пракурор, абвінаваціў Ізраіль у выкарыстанні «галаду як метаду вядзення вайны» і правядзенні «калектыўнага пакарання» насельніцтва Газы. Адносна нападу ХАМАС на Ізраіль 7 кастрычніка ён назваў тэрарыстычныя дзеянні «несумленнымі злачынствамі», якія «патрабуюць адказнасці». Каментуючы заяўку спадара Хана на выдачу ордэраў на арышт, прэс-сакратар урада Вялікабрытаніі сказаў: «Мы не лічым, што пошук ордэраў дапаможа вывесці закладнікаў, атрымаць дапамогу або забяспечыць устойлівае спыненне агню. Гэта застаецца прыярытэтам Вялікабрытаніі. Паколькі Ізраіль не з’яўляецца членам МКС, ні Нетаньяху, ні Галант не будуць падвяргацца непасрэднай рызыцы арышту ў выпадку, калі суддзі пагодзяцца выдаць ордэры, але гэта можа ўскладніць выезд за мяжу любому чалавеку», – канстатуе брытанскае выданне.
Беларускае Радыё Рацыя






