- У Беларусь заходзіў 31 «Шахед»
- Вайна ва Украіне: ці набліжаецца перамір’е?
- Пратэсты ў Грузіі
«У ноч з 1 на 2 снежня ў паветраную прастору Беларусі зайшоў 31 расейскі дрон-камікадзэ тыпу “шахед”, – паведамляе DW.
«Беспілотнікі заляталі з Украіны і Расеі, яны праходзілі праз «беларускі калідор», заляталі ў напрамку Лоева, Брагіна, Рэчыцы, Мазыра, Гомеля і Хойнік. зноў вылецеў у РФ. Першы “шахед” зафіксаваны ў 23:03, апошні – у 04:30. Дзяжурная авіяцыя ВПС Беларусі не ўзнімалася. Паводле звестак Паветраных сіл ВСУ, за ноч над тэрыторыяй Беларусі і РФ былі лакацыйна страчаны 6 БПЛА», – перадае DW.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, мяркуючы па ўсім, гатовы весці перамовы аб магчымым спыненні агню пры пэўных умовах. Размова ідзе аб тым, каб дыпламатычным шляхам вярнуць тэрыторыі, акупаваныя Расеяй, і паставіць астатнюю частку Украіны пад абарону НАТА, – растлумачыў Зяленскі ў сваім інтэрв’ю. Турынская La Stampa разбірае сітуацыю.
«Гатоўнасць Зяленскага пагадзіцца на магчымае ‘вяртанне акупаваных тэрыторый дыпламатычным шляхам’ азначае сабой значны пералом у той партыі ў покер, якая разыгрываецца з моманту заканчэння выбараў у Злучаных Штатах і складаецца з блефаў і заключэння розных закладаў. Ураўненне, вылучанае прэзідэнтам Украіны, на першы погляд выглядае проста: адмова Кіева ад кантролю над акупаванымі Расеяй украінскімі тэрыторыямі ў абмен на ўступленне Украіны ў НАТА. Гэта – прызнанне таго, што ўкраінцам будзе цяжка перанесці яшчэ адну зіму пад бомбамі, у цемры і холадзе і да таго ж – перад неабходнасцю адпраўляць у акопы Данбаса яшчэ адно пакаленне сваіх грамадзян. Доля ўкраінцаў, гатовых падтрымаць ідэю перамоваў, упершыню за амаль тры гады поўнамаштабнай вайны перавысіла адзнаку ў 50 працэнтаў», – піша італьянскае выданне.
Заява грузінскага ўрада аб тым, што ён прыпыніць працэс збліжэння з Еўрапейскім саюзам, выклікала ў Грузіі шырокія пратэсты. У мінулыя выходныя дзясяткі тысяч людзей выйшлі на вуліцы; справа дайшла да сапраўдных вулічных баёў з сілавікамі. Як і пасля выбараў у канцы кастрычніка, грамадзяне патрабуюць правядзенні новых выбараў пад кантролем міжнародных назіральнікаў. Краіна зноў апынулася на ростанях. Мюнхенская Süddeutsche Zeitung не хавае трывогі.
«У Тбілісі ўладу заможных ужо даўно не цікавіць тое, чаго там жадае народ. Аднак большасць грамадзян адчувае сябе падманутымі двойчы – і нават тройчы. Многія ўжо даўно не верылі ў тое, што ўрад сур’ёзна ставіцца да Еўропы і дэмакратыі. На працягу шэрагу гадоў улады выдумлялі адзін рэпрэсіўны закон за іншым – ці ж пераймалі іх у Расеі. У сваёй эквілібрыстыцы паміж Бруселем і Крамлём яны ўсё больш скочваліся ў бок апошняга. Далей напэўна будзе толькі горш», – наракае нямецкае выданне.
Праз восем гадоў паўстанцы вярнуліся ў Алепа. За вельмі кароткі час альянс, які ўзначальвае ісламісцкая арганізацыя Хайят Тахрыр аш-Шам (ХТШ), захапіў горад на поўначы краіны. ХТШ лічыцца пераемнікам звязанай з Аль-Каідай групоўкі Джебхат ан-Нусра. Сірыйскі ўладар Башар Аль-Асад ужо аб’явіў аб сваім контрнаступленні. Апошнія падзеі пагражаюць аднаўленнем грамадзянскай вайны. «Міжнародная супольнасць павінна нарэшце прачнуцца», – заклікае парыжскі каталіцкі веснік La Croix.
«Цяжка сказаць, да чаго прывядзе развіццё падзеяў. Праз восем гадоў пасля паразы апазіцыі яе вяртанне ў Алепа выклікае змешаныя пачуцці – як надзею, так і жах, і перш за ўсё ў хрысціянскай меншасці. Гэта першыя баі такога маштабу з 2020 года, і яны ў чарговы раз сведчаць аб правале палітыкі міжнароднай супольнасці, якая нягледзячы на 13 гадоў вайны і паўмільёна загінуўшых аказалася не ў стане запусціць палітычны працэс з мэтай вырашэння сірыйскага канфлікту. У рэшце рэшт, настаў час ачуцца ад спячкі, каб скончыць з адчуваннем бездапаможнасці і бесперспектыўнасці гэтай вайны, ад якой так страшна пакутуе грамадзянскае насельніцтва», – заклікае французскае выданне.
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя