Лукашэнка будзе балатавацца ў прэзідэнты ў 2025 годзе. Францыя ў зоне расейскага ўплыву? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
Пра гэта дыктатар заявіў журналістам на выбарчым участку пасля галасавання на выбарах у парламент і мясцовыя саветы. «Лукашэнка абвесціў, што чым мацней Захад будзе «напружваць» беларусаў, тым «хутчэй ён пойдзе на выбары». Ён жа сцвярджае, што «нідзе ў свеце адкрытых сумленных выбараў як у Беларусі – няма, а ў Беларусі, быццам», гэта свята», – піша нямецкае выданне DW.
«Лукашэнка знаходзіцца ва ўладзе ў Беларусі амаль 30 гадоў. Напярэдадні мінулых прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе супраць ягоных апанентаў былі заведзеныя крымінальныя справы. У прыватнасці, удзельнікі выбарчай кампаніі Сяргей Ціханоўскі і Віктар Бабарыка да гэтага часу знаходзяцца ў зняволенні. Пасля галасавання ў краіне прайшлі масавыя пратэсты, тысячы чалавек былі затрыманы. Сам Лукашэнка аб’явіў, што набраў больш за 80% галасоў і аб’явіў сябе прэзідэнтам краіны. Дзесяткі заходніх краін не прызналі яго такім, некаторыя заклікалі правесці паўторныя выбары», – піша нямецкае выданне.
У другую гадавіну вайны ва Ўкраіне прэса разважае пра тое, ці хопіць Еўразвязу сіл для стварэння ўласнага альянсу бяспекі. Варшаўскі штотыднёвік Polityka мяркуе наступнае.
«Ужо зараз Еўропа марнуе на абарону ў шмат разоў больш, чым Расея. Але краінам ЕЗ неабходна думаць шырэй, калі гаворка заходзіць пра адрозненні ў вызначэнні пагроз і звязаны з гэтым недавер адзін да аднаго. Гэтыя адрозненні ў вызначэнні і разуменні пагроз з’яўляюцца прычынай таго, што мы – нягледзячы на ўвесь прагрэс – да гэтага часу працягваем дружна таптацца на месцы. Няма на сёння важнейшай мэты, на якой павінны сканцэнтравацца ўсе прадстаўнікі еўрапейскіх дзяржаў і ўрадаў, уключаючы польскае. І калі гэтая мэта будзе дасягнута, то і Трамп не будзе здавацца нам такім страшным, якім ён бачыцца зараз», – падкрэслівае польскае выданне.
У распараджэнне агенцтва AFP патрапіў лютаўскай даклад Генеральнай дырэкцыі ўнутранай бяспекі Францыі (DGSI). Спецслужба папярэджвае пра спробы ўмяшання Масквы ва ўнутраныя справы Францыі з мэтай дэстабілізацыі сітуацыі ў краіне. Размова ідзе, у прыватнасці, аб маючых адбыцца Алімпійскіх гульнях у Парыжы, на якіх расейскіх атлетаў хутчэй за ўсё не будзе, а спакуса іх сарваць або азмрочыць у Крамля напэўна прысутнічае. «Згаданыя ў дакладзе і ўкраінскія ўцекачы і расейскія палітэмігранты ў Францыі, якія могуць стаць мішэнню для расейскіх спецслужбаў», – піша французская газета Le Figaro.
«У якасці прыкладу дзейнасці расейскіх спецслужбаў прыводзіцца гісторыя з графіці ў выглядзе зорак Давіда, якія пасля нападу ХАМАСа на Ізраіль наносілі на сценах парыжскіх дамоў грамадзяне Малдовы, а арганізатарам аказаўся бізнесмен з гэтай краіны Анатоль Прызенка. Сам Прызенка першапачаткова не адмаўляў свайго ўдзелу ў акцыі і яшчэ ў лістападзе сцвярджаў, што яна не мела антысеміцкага характару, а была свайго роду актам салідарнасці з яўрэямі і Ізраілем. DGSI жа прыйшла да высновы, што Прызенка і ягоныя людзі дзейнічалі па ўказанні ФСБ. Выснова французскіх спецслужбаў не з’яўляецца сенсацыяй. Ён быў відавочны яшчэ восенню мінулага года, а расейскі бок зрабіў усё, каб аблегчыць працу французскіх следчых. Выканаўцамі акцыі былі адкрытыя дылетанты, якія дзейнічалі на рэдкасць сякерна і хутка трапілі ў рукі паліцыі. Насамрэч расейскі бок даўно дзейнічае нахабна і адкрыта, нават не імкнецца асабліва маскіраваць свае дзеянні і хоча тым самым паказаць сваю сілу: так было ў выпадку Літвіненкі, Скрыпаля, Навальнага і Кузьмінава. Так было і ў Парыжы напрыканцы мінулага года», – наракае французскае выданне.
Дональд Трамп перамог на праймерыз у Паўднёвай Караліне. Як перадаюць амерыканскія СМІ, пасля падліку амаль 99% бюлетэняў ён атрымлівае амаль 60% галасоў, а Мікі Хэйлі – каля 40%. Да 2017 года Хэйлі была губернатарам Паўднёвай Караліны. Як адзначае The Associated Press, гэта першы за некалькі дзесяцігоддзяў выпадак, калі палітык, які змагаецца за намінацыю ў прэзідэнты, прайграе першаснае галасаванне ў родным штаце. Выступаючы з пераможнай прамовай, Дональд Трамп заявіў, што «ніколі не бачыў Рэспубліканскую партыю такой згуртаванай». Замежныя СМІ пішуць, што чарговы поспех палітыка абвастрыў барацьбу. «Што тычыцца Хэйлі, то пройгрыш скараціў яе і без гэтага сціплыя шанцы на намінацыю», – піша брытанская газета The Guardian.
«Яна, зрэшты, працягне ўдзельнічаць у гонцы: яе штаб ужо выдаткаваў сямізначную суму на агітацыю па тэлебачанні, а напярэдадні «супераўторка» палітык адправіцца ў паездку па некалькіх штатах. Штаб Трампа ўжо абвінаваціў Хэйлі ў тым, што яна толькі спрабуе адтэрмінаваць непазбежнае і гуляе на рэспубліканскіх праймерыз ролю «сурагата Джо Байдэна», – адзначае брытанскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка