- Вядучы кітайскі банк спыняе дзейнасць у Расеі і Беларусі
- Венгрыя адцягвае ўступленне Швецыі ў НАТА
- СБУ сачыла за журналістамі-расследавальнікамі

«Кітайскі Chouzhou Commercial Bank апавясціў сваіх кліентаў у Расеі і Беларусі, што ён спыняе ўсе свае аперацыі там з-за праблем з аплатай, звязаных з заходнімі санкцыямі», – паведамляе міжнароднае выданне The Kyiv Independent.
«Гэта звязана з узмоцненымі абмежаваннямі, якія ЗША абвясцілі ў снежні 2023 года супраць фінансавых устаноў, якія дапамагаюць падтрымліваць ваенныя намаганні Расеі. Меры пашырылі паўнамоцтвы санкцый у дачыненні да любых фінансавых устаноў, заўважаных у правядзенні або садзейнічанні любым істотным транзакцыям або аказанні якіх-небудзь паслуг. А да гэтага ўжо трапілі пад санкцыі фізічныя асобы або кампаніі, якія ўдзельнічаюць у ваенна-прамысловым комплексе Расеі. Такія абмежаванні закранулі ўсе плацяжы, а не толькі SWIFT. Расейскія і кітайскія плацежныя сістэмы па-ранейшаму ствараюць запісы, даступныя заходнім рэгулятарам, незалежна ад выкарыстання SWIFT. Заходнія органы санкцый аказваюць павышаны ціск на кітайскія банкі, каб атрымаць доступ да аперацый, звязаных з Расеяй. Большасць вядучых кітайскіх банкаў маюць філіялы ў ЗША, што робіць іх уразлівымі для прымянення санкцый. Палітычная воля Кітая не выкарыстоўваецца ў шкоду яго ўласным інтарэсам, і кітайцы лагічна жадаюць пазбегнуць санкцый Захаду супраць сваіх банкаў», – падкрэслівае міжнароднае выданне.
Кіроўная партыя Фідэс, якую ўзначальвае прэм’ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан, а таксама саюзная з ёй Хрысціянска-дэмакратычная народная партыя байкатавалі сесію парламента, скліканую апазіцыяй для галасавання па пытанні аб уступленні Швецыі ў НАТА. Пасля таго як сваю згоду на ўступленне дала Анкара, Венгрыя засталася апошняй перашкодай на шляху Швецыі ў шэрагі альянсу. Хоць Будапешт абяцаў не ўстаўляць палкі ў колы! Славацкі партал Aktuality.sk канстатуе наступнае.
«У тым, што тычыцца еўрапейскай дапамогі Украіне, Орбан своечасова пайшоў на папятную, а вось сітуацыя са стаўленнем да ЗША зусім іншая. Венгрыя не дала дабро на ўступленне Швецыі ў НАТА, хоць Орбан запэўніў генеральнага сакратара НАТА Столтэнберга ў тым, што згода будзе атрымана. Улічваючы гэта, узнікае пытанне, чаму прэмʼер-міністр Славакіі Роберт Фіцо падчас свайго візіту ў Будапешт выказаў такую безумоўную падтрымку знешнепалітычнаму курсу Будапешта. Орбан не павінен быць для нас прыкладам, а калі і так, то толькі адмоўным», – адзначае славацкае выданне.
Як стала вядома, Служба бяспекі Украіны ажыццяўляла сачэнне за супрацоўнікамі вядомага партала Bihus.info, які публікуе журналісцкія расследаванні. Так, за журналістамі сачылі падчас іх карпаратыўнага трэнінгу і адпачынку напрыканцы снежня 2023 года. Па выніках скандалу кіраўнік аднаго з аддзелаў спецслужбы быў звольнены. У якасці апраўдання сваіх дзеянняў СБУ спаслалася на тое, што асобныя супрацоўнікі партала набывалі і спажывалі забароненыя рэчывы. Украінскі партал Censor.net патрабуе, каб гэты скандал не застаўся без наступстваў для кіраўніцтва СБУ.
«Гэта ганьба, якая не толькі выразна высвечвае ўвесь той ціск, пад якім змушаныя працаваць журналісты-расследавальнікі, не толькі паказвае на тое, што маса «збушнікаў», якія атрымліваюць зарплату з падаткаў украінскага народа, займаецца невядома чым, але і наносіць каласальную шкоду Украіне на міжнароднай арэне ў часы, калі кожная кропелька дапамогі саюзнікаў для нас вельмі важная. Калі б нешта падобнае адбылося ў краінах Еўрапейскага звяза, то кіраўнік адпаведнага органа, чые падначаленыя так зрабілі бы, сам адразу падаў бы ў адстаўку, але гэта пытанне гонару і палітычнай адказнасці», – з горыччу іранізуе ўкраінскае выданне.
Старшыня Еўракамісіі Уршуля фон дэр Ляен адклікала запланаваную пастанову аб скарачэнні выкарыстання пестыцыдаў у сельскай гаспадарцы. Пра гэта яна заявіла ў аўторак, калі прадстаўляла ў Еўрапарламенце мэты палітыкі Еўразвяза ў справе абароны клімату. Еўрапейская прэса аналізуе рашэнне Еўракамісіі ў кантэксце фермерскіх пратэстаў, якія пракаціліся па Еўропе, а таксама выбараў у Еўрапарламент у чэрвені гэтага года. «Шкада, што рашэнні па такім важным пытанні прымаюцца ў залежнасці ад перадвыбарнай канʼюнктуры», – наракае румынскі партал republica.ro.
«Палітычная эліта ў Брусэлі павінная ўсвядоміць, што еўрапейская палітыка, накіраваная на фармаванне будучыні, не павінная абмяркоўвацца або ўсталёўвацца ўсяго толькі за некалькі месяцаў да выбараў. Бо ў такім выпадку вялікая небяспека таго, што яна будзе палітызаванай. Той факт, што старшыня Еўракамісіі Уршуля фон дэр Ляен робіць крок назад у экалагічнай палітыцы, ёсць частка ўсеагульнай тэндэнцыі на скарачэнне Еўракамісіяй сваіх амбіцый у справе абароны экалогіі. А робіцца гэта для таго, каб саступіць аграрыям! І нядзіўна, бо фермеры – гэта важная група выбаршчыкаў для правацэнтрысцкай Еўрапейскай народнай партыі, членам якой зʼяўляецца і старшыня Еўракамісіі. І пасля выбараў летам гэтага года ЕНП мае намер захаваць за сабой месца наймацнейшай фракцыі ў Еўрапарламенце», – піша румынскае выданне.
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя






