BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: У палітычным змаганні

Польшча выдаткуе €2,3 млрд на ўмацаванне мяжы з Расеяй і Беларуссю. Нідэрланды: новы правы ўрад сфарміравана. Літва: будзе другі тур прэзідэнцкіх выбараў. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Прэм’ер-міністр Дональд Туск заявіў у суботу, што Польшча плануе інвеставаць 2,3 мільярда еўра ва ўмацаванне бяспекі ўздоўж сваёй усходняй мяжы з Расеяй і Беларуссю», – піша еўрапейскае выданне Politico.

«Мы інвестуем 10 мільярдаў злотых (2,3 мільярда еўра) у бяспеку нашай мяжы з Беларуссю і Расеяй», — сказаў польскі лідар на прэс-канферэнцыі. Гэта будзе інвестыцыя «ў нашу бяспеку, і перш за ўсё ў бяспечную ўсходнюю мяжу. Падкрэсліваючы стратэгічнае становішча краіны на ўсходнім флангу як NATO, так і Еўрасаюза, Туск падкрэсліў адказнасць Польшчы за еўрапейскую бяспеку. «Мы пачалі гэтыя працы, каб зрабіць мяжу Польшчы бяспечнай у мірны час і непранікальнай для ворага ў час вайны», — сказаў ён. Мяжа Польшчы з Беларуссю была кропкай узгарання на працягу некалькіх гадоў з-за павелічэння колькасці імігрантаў, якія жадаюць перасекчы польскую мяжу. У 2021 годзе Варшава абвінаваціла Менск у пропуску тысяч мігрантаў без дакументаў праз мяжу ў ЕС, Беларусь адмаўляе абвінавачванні. У мінулыя выходныя Туск паўтарыў сваю ўпэўненасць, што рэжым Лукашэнкі ў Беларусі «суарганізуе гэтую практыку», паколькі Менск дэманструе ўсё больш агрэсіўную пазіцыю ў дачыненні да Польшчы. Туск 11 мая заявіў, што Польшча сутыкнулася з «гібрыднай вайной» у сферы нелегальнай іміграцыі з Беларус. «Калі гаворка ідзе пра бяспеку Польшчы, сродкаў не будзе абмежавана», — цытуе еўрапейскае выданне.

У Нідэрландах новая кіруючая кааліцыя, сфарміраваная з чатырох партый і якая носіць ярка выяўлены правы характар, мае намер увесці “самае строгае заканадаўства ў сферы прадастаўлення прытулку за ўсю гісторыю чалавецтва”. Сярод іншых планаў – змякчэнне экалагічных прадпісанняў для сельскай гаспадаркі. Як заявіў лідар правапапулісцкай Партыі свабоды Герт Вілдэрс , кааліцыйны дагавор сведчыць аб тым, што краіну чакае нямала перамен. «Зусім ні да чаго ісці па шляху галандцаў, ёсць і іншыя прыклады», – падкрэслівае брусельская Le Soir.

«Прыклад Гаагі не абяцае зіготкіх даляглядаў, бо ёсць і іншыя, куды больш годныя прыклады. Правыя ў Партугаліі толькі што далі ад варот паварот ультраправым, хоць для іх гэта і азначае рызыку таго, што прыйдзецца фармаваць вельмі няёмкі ўрад меншасці. А іншыя лібералы ў Еўрапейскім парламенце першапачаткова абвяргаюць любыя кампраметуючыя альянсы падобнага роду. Застаецца толькі спадзявацца, што нават на фоне электаральнага поспеху партый, якія падняліся на эгаізме і непрыманні іншых, знойдуцца мужчыны і жанчыны, якія адпрэчаць гэтую псеўданармальнасць – і будуць здольныя бачыць далей свайго носа», – піша бельгійскае выданне.

У нядзелю ў Літве адбыўся першы тур прэзідэнцкіх выбараў. У другі тур галасавання выйшлі дзейны прэзідэнт Гітанас Наўседа і кіраўнік урада Інгрыда Шыманітэ. Яны пакінулі ззаду такіх супернікаў, як прарасейскі кандыдат Эдуард Вайткус, Рэмігіюс Жэмайтайціс, які вызначыўся антысеміцкімі выказваннямі і правы папуліст Ігнас Вегеле, якія хоць і не выйшлі ў другі тур, але ўсё ж сабралі нямала галасоў. «Знешнепалітычны курс краіны застанецца нязменным – каго б ні абралі прэзідэнтам», – падкрэслівае партал Delfi.lt.

«Самая важная сфера працы прэзідэнта – гэта знешняя палітыка і палітыка бяспекі. У цэлым паміж Шыманітэ і Науседам вялікай розніцы няма, і гэта добра. Абодва кандыдаты выступаюць за падтрымку Украіны, моцную ролю НАТА ў справе забеспячэння бяспекі нашага рэгіёна і ўсведамляюць усю небяспеку, якая зыходзіць ад агрэсіўных аўтарытарных дзяржаў, перш за ўсё, Расеі. Калі вас у першую чаргу хвалюе знешняя палітыка і вы лічыце, што яна павінна быць празаходняй і ў той жа самы час адпавядаць інтарэсам Літвы, то тады няма асаблівай розніцы, за каго галасаваць», – піша літоўскае выданне.

У Іране пацярпеў аварыю верталёт прэзідэнта краіны Ібрахіма Раісі. Як паведамляе ВВС, верталёт здзейсніў жорсткую пасадку ў горнай мясцовасці ля горада Верзеган недалёка ад ірана-азербайджанскай мяжы.

«Праводзіцца буйнамаштабная пошукавая аперацыя з удзелам ратавальнікаў Чырвонага Паўмесяца, ваеннаслужачых і паліцэйскіх. Кіраўнік МУС Ірана Ахмад Вахідзі заявіў, што дрэнныя ўмовы надвор’я перашкаджаюць ратавальнікам дабрацца да месца здарэння. Адзін з прадстаўнікоў мясцовых уладаў назваў здарэнне словам «крушэнне», але ў інтэрв’ю іранскай газеце прызнаўся, што яму самому яшчэ давядзецца дабрацца да месца здарэння.

Тым часам іранскае агенцтва Tasnim паведаміла, што два з трох верталётаў з картэжа прэзідэнта Ірана Эбрахіма Раісі дабраліся да пункта прызначэння.

Мясцовыя жыхары паведамляюць аб тумане ў гэтым раёне, які перашкаджае выявіць верталёт і вызначыць яго стан. На борце верталёта таксама знаходзіліся губернатар правінцыі Усходні Азербайджан і міністр замежных спраў Хасейн Амір Абдалахіян. Што магло адбыцца з верталётам, на якім знаходзіўся прэзідэнт Ірана, застаецца незразумелым. Сувязь з верталётам, прэзідэнтам або асобамі, якія яго суправаджалі, адсутнічае. Раісі вяртаўся з іранскай правінцыі Усходні Азербайджан, на мяжы з Азербайджанам, дзе ён з Аліевым удзельнічаў у цырымоніі адкрыцця дамбы на рацэ Аракс. У Іране шмат верталётаў, але міжнародныя санкцыі ўскладняюць іх рамонт і абслугоўванне. Ваенна-паветраны флот краіны таксама ў асноўным сфарміраваўся яшчэ да Ісламскай рэвалюцыі 1979 года», – паведамляе брытанскае выданне.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: wikimedia.org