BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: У патрэбе кааліцыі

Латвія можа закрыць мяжу з Беларуссю. Як Еўропе абараняць сябе ў будучыні? Да чаго вядуць масавыя пратэсты ў Сербіі? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

Здымак ілюстрацыйны

“Латвійскія пагранічнікі ў сувязі з наплывам мігрантаў  звернуцца да ўрада з просьбай часткова закрыць памежны пункт «Патэрніекі» ў Краслаўскім краі, дазволіўшы перасякаць яго толькі аўтатранспарту”, – цытуе начальніка ДВА Гунтыса Пуятса DW.

“Пуятс паведаміў, што ў панядзелак гэтая прапанова будзе пададзена ў Кабінет міністраў. Пункт можа быць зачынены на шэсць месяцаў, а калі паток парушальнікаў стане крытычным, ДВА можа папрасіць закрыць яго зусім. Начальнік ДВА распавёў, што ў выходныя дні памежны пункт быў зачынены на кароткі час з-за нестабільнай працы тэхнічных сістэм і рызыкі, што ён можа быць выкарыстаны нелегальнымі мігрантамі, бо памежнікі заўважылі шмат парушальнікаў на беларускім баку. «Прааналізаваўшы інфармацыю, мы прыйшлі да высновы, што існуе высокая рызыка таго, што пункт можа быць выкарыстаны для масавага пранікнення нелегальных мігрантаў у Латвію», – сказаў Пуятс, дадаўшы, што па той бок мяжы сабралася некалькі дзясяткаў чалавек, таму былі прынятыя прэвентыўныя меры, каб прадухіліць спробу іх пранікнення. Каля паўночы ў нядзелю памежны пункт аднавіў працу. Пуятс адзначыў, што вялікая колькасць парушальнікаў зараз спрабуе пракрасціся праз мяжу Польшчы – нават зімой іх колькасць дасягала сто чалавек за дзень. “3 сакавіка польскі Сенат ухваліў законапраект, які дазволіць часова абмяжоўваць правы мігрантаў прасіць у краіне прытулку ў сітуацыі, калі Беларусь вядзе гібрыдную вайну супраць Польшчы і спрабуе пераправіць у Польшчу тысячы нелегальных імігрантаў, – нагадвае DW.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп адвярнуўся ад НАТА, адштурхнуў ад сябе саюзнікаў і вядзе перамовы з Пуціным наконт заканчэння вайны ва Украіне – не залучаючы ў гэты працэс еўрапейцаў. Як Еўразвяз у цэлым, так і асобныя яго краіны ўжо мабілізуюць фінансаванне на абаронныя патрэбы, Парыж прапануе раскрыць свой ядзерны парасон над іншымі дзяржавамі, а Лондан фармуе новыя альянсы. СМІ абмяркоўваюць зменлівую мадэль бяспекі Еўропы. «Нарэшце Еўропа пачала ўсведамляць сваю сілу», – не хавае сваёй радасці Frankfurter Rundschau.

«Тое, што Лондан, Парыж і Берлін зноў згуртавалі шэрагі, даруе ўсяму свету пробліск надзеі. Гэтак жа сітуацыю бачаць і Японія, Паўднёвая Карэя і Аўстралія, якія ўдзельнічаюць па відэасувязі ў сустрэчах, на якія брытанскі прэм’ер-міністр Кір Стармер зноў запрасіў іх у выходныя. Стармер плануе распрацоўку гарантый бяспекі на той выпадак, калі перамір’е, падпісанае Украінай, будзе ў чарговы раз парушана Расеяй. У выхадныя Францыя падняла над Чорным морам самалёт-разведчык AWACS, які суправаджалі два знішчальнікі. З Еўропы паступаюць неверагодна кепскія навіны – для Пуціна і Трампа», – піша нямецкае выданне.

У мінулую суботу ў Бялградзе адбылася масавая акцыя пратэсту супраць карупцыі, якая расквітнела ў краіне пры прэзідэнце Вучычы. У дэманстрацыі прынялі ўдзел звыш ста тысяч чалавек. Па словах відавочцаў, сёлетнія пратэсты сталі самымі маштабнымі з часоў звяржэння Слабадана Мілошавіча 25 гадоў таму. Падставай да хваляванняў, якія не сціхаюць ужо некалькі месяцаў, стала трагедыя ў Нові-Садзе, якая адбылася з-за невыканання нормаў падчас правядзення будаўнічых работ, а таксама паўсюднай кругавой парукі. На думку бялградскага штотыднёвіка Vreme«цяперашнія пратэсты – гэтая горкая параза для прэзідэнта».

«Вучыч увесь час паводзіць сябе такім чынам, што правакуе нянавісць, – бо ён спрабуе патушыць пажар бензінам. Наконт ідэі аб стварэнні пераходнага ўрада – адзінай магчымасці скончыць гэты крызіс! – ён не раз казаў, што гэта магчыма толькі праз яго труп. Ніхто не жадае смерці Вучыча. Наадварот, грамадзяне заяўляюць, што жадаюць мірных змен, а дакладней – сумленных выбараў. І што ж зараз? Кажучы спартыўнай мовай, зараз мяч на баку Вучыча. Пратэст 15 сакавіка стаў для яго сур’ёзнай палітычнай паразай. Ці зможа ён яе прыняць і, хаця б часткова, зрабіць нешта дзеля таго, каб уціхамірыць сітуацыю і пракласці шлях да выхаду з крызісу?», – піша сербскае выданне.

Сваім указам прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у значнай ступені зрэзаў фінансаванне радыёстанцый Голас Амерыкі, Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода і іншых амерыканскіх каналаў замежнага вяшчання. Згодна з паведамленнямі СМІ, у прымусовы водпуск адпраўлены ўжо звыш 1300 супрацоўнікаў. Яшчэ з часоў халоднай вайны Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода было незалежным голасам, які маглі чуць людзі, якія жылі ва ўмовах аўтакратыі і дыктатарскіх рэжымаў. Аглядальнікі не хаваюць сваёй трывогі. У сябе ў Facebook гісторык і дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны Уладзімір Вятровіч падкрэслівае тую значную ролю, якую адыгрывалі гэтыя дзве крыніцы інфармацыі: «У Савецкім Саюзе Голас Амерыкі і Радыё Свабода называлі ‘варожымі галасамі’ і бязлітасна глушылі, з тым каб яны не даносілі праўду за жалезную заслону. Не стала ні Звязу, ні заслоны. Цяпер змоўклі і галасы, якія неслі праўду. Не з-за глушылак, а з-за нежадання карыстацца праўдай і складанымі інструментамі яе данясення. Хлусня ў сацсетках – хуткі, танны і эфектыўны сродак для тых, хто мае намер ашукваць».

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка