Пратэст ля беларускай амбасады ў Вільні: патрабаванне свабоды для палітвязняў. Бухарэст абвінаваціў Маскву ў дыверсіі. Іран адказаў адмовай на патрабаванне Трампа пачаць перамовы. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
У Вільні некалькі дзясяткаў чалавек у нядзелю днём правялі акцыю пратэсту каля беларускай амбасады супраць турэмнага зняволення і катаванняў прадстаўнікоў апазіцыі ў Беларусі рэжымам Аляксандра Лукашэнкі. «На думку беларускай апазіцыі, рэжым А. Лукашэнкі называюць „incommunicado“, г.зн. не падае ніякіх дадзеных аб палітвязнях, не дапускае да зносін з імі сваякоў і адвакатаў – праваабаронцы лічаць гэта формай катаванняў», – піша DELFI.lt
«Падчас акцыі пратэсту ля будынку амбасады Беларусі ў сталіцы былі змешчаныя фатаграфіі актывістаў, арыштаваных у краіне рэжымам, і якія ўтрымліваюцца пад вартай без сувязі са знешнім светам: праваабаронцы і лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага, а таксама іншых актывістаў — Аляксандра Францкевіча, Уладзіміра Кнігі, Ігара Ласіка, Сяргея Ціханоўскага і Віктара Бабарыкі”, – піша літоўскае выданне.
***
У Румыніі затрыманы шэсць чалавек па падазрэнні ў дзяржаўнай здрадзе: ім ставіцца ў віну супрацоўніцтва з Расеяй. Раней з краіны былі высланы ваенны аташэ РФ і яго намеснік. Паводле дадзеных справаздачы, прадстаўленай разведвальнымі службамі Італіі, ультраправы кандыдат у прэзідэнты Кэлін Джарджэску атрымліваў падтрымку ад Расеі, якая арганізоўвала кібер-напады на яго карысць. Служба знешняй разведкі РФ у сваю чаргу абвінаваціла кіраўніцтва Еўразвяза ў развязванні працэсу супраць Джарджэску. Як адзначае Румынская служба RFI, краіна апынулася пад прыцэлам вонкавых маніпулятараў.
«Справаздача італьянскіх і справаздача французскіх спецслужбаў, якая рушыла за ім, даюць дастаткова аргументаў на карысць таго, каб пераканаць тых, хто лічыў, быццам ануляванне вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у лістападзе-снежні было неабгрунтаваным. Аднак пасланне, якое змяшчаецца ў гэтых дакладах, выходзіць за межы самой Румыніі. Цяпер не толькі Румынія, але і ўвесь Еўразвяз стаў аб’ектам атак з двух бакоў – з Масквы і Вашынгтона. І накіраваныя яны на ліберальныя дэмакратычныя краіны і еўрапейскія каштоўнасці», – перадае RFI.
***
Вярхоўны лідар Ірана Алі Хаменеі заявіў, што яго краіна не саступіць патрабаванням ЗША. Гэта адбылося праз дзень пасля заявы Дональда Трампа ў Белым доме. «Хаменеі падкрэсліў, што Ісламская рэспубліка не гатова весці перагаворы пад націскам і ўзаемадзейнічаць з “хуліганскай дзяржавай”, – пішуць ізраільскія Вести.
«Днём раней Трамп заявіў журналістам: “Мы знаходзімся на апошніх этапах перамоваў з Іранам, і гэта будзе цікава”. Трамп таксама паведаміў, што адправіў ліст Хаменеі з просьбай пачаць перамовы аб пагадненні па іранскай ядзернай праграме. Рэагуючы на зварот Трампа, Хаменеі заявіў, што “ёсць хуліганскія дзяржавы, якія настойваюць на перамовах не для вырашэння праблем, а каб навязаць свае патрабаванні. Тэгеран не прыме іх”. Хаменеі падкрэсліў, што Тэгеран таксама ніколі не прыме патрабаванні аб абмежаванні сваёй ракетнай праграмы. У апошні час прэзідэнт Трамп неаднаразова падкрэсліваў, што ён не зацікаўлены ў ваенных дзеяннях, а аддае перавагу дыпламатычнаму шляху і пагадненню з Іранам. Каля месяца таму амерыканскі прэзідэнт перадаў аналагічнае пасланне Тэгерану. “Я хацеў бы заключыць здзелку з Іранам па ядзернай праграме, я аддаю гэтамі перавагу замест бамбардзіроўцы”, – сказаў ён тады і падкрэсліў: “Калі мы заключым здзелку, Ізраіль не стане бамбаваць Тэгеран”. Трамп таксама дадаў: “Яны не жадаюць паміраць, ніхто не жадае паміраць”, – цытуе Трампа ізраільская газета.
***
У ЗША ствараюць стратэгічны рэзерв крыптавалют, такі ўказ падпісаў прэзідэнт Дональд Трамп. Штаты перастануць прадаваць канфіскаваныя біткойны і распрацуюць стратэгію іх назапашвання, але без дадатковых выдаткаў для падаткаплацельшчыкаў. Акрамя таго, з’явіцца яшчэ адзін спецыяльны фонд для захоўвання іншых лічбавых актываў, якія канфіскавалі ўлады. Як паведаміў інвестар Дэвід Сакс, адказны за палітыку ЗША ў сферы штучнага інтэлекту і крыптовалют, рэзерв можа складацца прыкладна з 200 тыс. біткойнаў. На фоне навін аб стварэнні рэзерву цана некаторых крыптавалют знізілася. Так, біткойн у моманце страціў каля 5%. “Указ прэзідэнта расчараваў рынак”, – з такім загалоўкам выйшаў матэрыял Bloomberg.
«Раней інвестары выходзілі на рынак у чаканні, што ўрад купіць біткойны. Цяпер яны будуць згортваць пазіцыі. Умовы захоўвання іншых крыптаактываў аказаліся яшчэ больш строгімі. Згодна з пастановай, улады не будуць закупляць іх дадаткова. Гаворка, у прыватнасці, аб Cardano, Ethereum, Solana і Ripple. Прыхільнікі стварэння рэзерву сцвярджалі, што інвестыцыі ў біткойн дапамогуць ураду скараціць дзярждоўг у $ 36 трлн. На думку скептыкаў, запас дазволіць узбагаціць кіраўнікоў найбуйнейшых кампаній на гэтым рынку, якія ўжо валодаюць вялікімі сумамі біткойнаў. Яны таксама сцвярджаюць, што небяспечна звязваць будучыню краіны з вельмі валацільнымі актывамі. Біткойн ў моманце страціў каля 5%», – піша амерыканскае выданне.
Беларускае Радыё Рацыя






