BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: У пошуках рашэння

Беларуская палітзняволеная Марыя Калеснікава сустрэлася з бацькам праз 1.5 гады ізаляцыі. COP29 у Баку: абарона клімату адышла на другі план? Нямеччына: пасля распаду кааліцыі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

«Беларуская палітзняволеная Марыя Калеснікава, сувязі з якой не было з лютага 2023 года, сустрэлася з бацькам. Фатаграфію сустрэчы апублікаваў былы галоўны рэдактар ​​апазіцыйнага беларускага тэлеграм-канала Nexta Раман Пратасевіч. “На здымку Калеснікава абдымае бацьку і ўсміхаецца. З паста Пратасевіча вынікае, што сустрэча адбылася 12 лістапада. Іншых падрабязнасцей сустрэчы, у тым ліку дзе яна адбылася, ён не ўдакладніў”, – піша расейскае незалежнае выданне Meduza.

«Вядома, што сустрэча Калеснікавай з бацькам адбылася ў турэмным шпіталі. Пра гэта журналістам распавялі былыя палітвязні, якія пазналі абстаноўку на фатаграфіі. Да гэтай сустрэчы з моманту зняволення Калеснікавай бацька змог наведаць яе толькі раз – у турэмным шпіталі ў канцы 2022 года. Апошні раз сям’я Калеснікавай атрымлівала ад яе ліст у лютым 2023-га. Пасля гэтага яны даведваліся навіны пра палітвязня ад іншых людзей, якія знаходзіліся з ёй у адной калоніі і выйшлі на волю”, – піша расейскае незалежнае выданне.

У панядзелак у Баку прыступіла да працы Сусветная кліматычная канферэнцыя COP29. У цэнтры ўвагі – пытанне аб тым, як забяспечыць фінансаванне агульнасусветных мер па абароне клімату і як наогул у свеце ідуць справы з прыхільнасцю да гэтай задачы. Барселонская La Vanguardia настроена песімістычна.

«Лідары найважнейшых краін свету не прыехалі ў Баку, і гэта выклікае турботу. Ні ЗША, ні ЕЗ, ні Кітай, ні Расея, ні Індыя не прадстаўлены на самым высокім узроўні. І гэта дэманструе, што багатыя краіны наўрад ці гатовы прадаставіць рэсурсы, у якіх маюць патрэбу краіны, якія развіваюцца. Але апошнія маюць патрэбу ў дапамозе – з тым каб развівацца без вугалю і нафты і спраўляцца з моцнымі паводкамі і засухамі, прычына якіх – змена клімату. Асноўная праблема заключаецца ў тым, што мільёны даляраў субсідый, што выдзяляюцца на здабычу і выкарыстанне выкапнёвых відаў паліва, не ідуць на падтрымку ўстойлівай энергетыкі і дапамогу ў мэтах развіцця. І перашкаджае гэтаму каласальны палітычны, эканамічны і сацыяльны ціск», – піша каталонскае выданне.

Пасля распаду святлафорнай кааліцыі ў складзе СДПН, СвДП і Зялёных усё гаворыць пра тое, што Германію чакаюць датэрміновыя выбары. У якасці меркаванай даты называецца 23 лютага. Федэральны канцлер Олаф Шольц першапачаткова хацеў паставіць у бундэстагу пытанне аб даверы толькі ў студзені наступнага года, а да таго ён мае намер правесці праз парламент цэлы шэраг важных рашэнняў. Перспектыва фармавання ў Германіі новага ўрада і радуе, і засмучае левы польскі партал Krytyka Polityczna.

«Калі да ўлады ў Нямеччыне прыйдуць хрысціянскія дэмакраты, дык гэта будзе добрай весткай для Польшчы. І перш за ўсё ў тым выпадку, калі ХДС сфармуе кааліцыю з Зялёнымі, якія, у адрозненне ад СДПГ, не маюць асаблівых сімпатый да Расеі. Для левых у шырокім сэнсе слова гэта, аднак, было б кепска. Драматычны распад кіруючай кааліцыі ФРГ у складзе трох партый, дзве з якіх адносяцца да левага спектру, і адначасовы рост папулярнасці АдГ – гэта яшчэ адно сведчанне таго, што прагрэсіўныя сілы на Захадзе не ў стане даць пераканаўчы адказ на тую карычневую хвалю, што пагражае захліснуць Еўропу»,  – папярэджвае польскае выданне.

Аглядальнікі еўрапейскіх СМІ разважаюць пра тое, які ўплыў акажа абранне Дональда Трампа прэзідэнтам ЗША на найважнейшыя геапалітычныя крызісы, а таксама агульнасусветны парадак дня. «Другі тэрмін Трампа на пасадзе прэзідэнта ЗША абяцае Анкары такое ж расчараванне, якое напаткала яе і ў першую яго кадэнцыю», – папярэджвае партал Yetkin Report.

«Непасрэдныя чаканні Турцыі ад Трампа ўключаюць у сябе спыненне падтрымкі Атрадаў народнай самаабароны ў Сірыі, адмену закона аб супрацьдзеянні супернікам Амерыкі праз санкцыі (CAATSA) і супрацоўніцтва па рэгіянальных пытаннях. Расчараванне з нагоды няздзейсненых чаканняў падчас першага прэзідэнцкага тэрміна Трампа ўжо заахвоціла Анкару праводзіць больш незалежную знешнюю палітыку. Турцыя імкнецца да прагматычнага і канструктыўнага дыялогу – і спадзяецца, што шчырасць Трампа здольная пракласці шлях да вырашэння даўніх праблем. Аднак перадвыбарнае абяцанне Трампа паставіць інтарэсы Амерыкі на першае месца ўскладніць яго рэакцыю на патрабаванні Турцыі», – адзначае турэцкае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка