Шпіёнскі цень Беларусі і Расеі. Уцечка ваеннай інфармыцыі з Нямеччыны пра Украіну. Ці саступіць Байдэн Трампу? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

The Wall Street Journal выпусціў вялікі матэрыял пра дзейнасць расейскіх шпіёнаў і агентаў на Захадзе. Размова ў гэтым матэрыяле ідзе і пра забойства лётчыка Максіма Кузьмінава ў Гішпаніі, за якім, як лічаць гішпанскія следчыя, стаіць Крэмль. У выданні падаюцца погляды людзей, якія прымаюць і рэалізуюць рашэнні. Гэта погляд на грамадзян (нараджэнцаў) Расеі і яе саюзніка Беларусі як на магчымую агентуру Масквы. І гэта менавіта тая прычына, па якой грамадзяне Беларусі і Расеі ў апошні час падвяргаюцца абмежаванням і дыскрымінацыі ў шэрагу краін ЕЗ.
«Выснова па справе Кузьмінава выглядае банальна: расейскі бок асабліва і не хавае сваё дачыненне да гэтага злачынства. Выглядае на тое, што межы РФ не былі зачыненыя ў 2022 годзе, бо мэтай Пуціна было ўкараніць дадатковых агентаў, якія з’язджалі разам з супраціўнікамі вайны (ці зусім пад маскай супраціўнікаў вайны). Гэта дазволіла Маскве замясціць агентаў, якіх сотнямі выслалі з Еўропы і ЗША ў 2022 годзе. І зараз новае пакаленне агентуры актыўна працуе», – папярэджвае амерыканскае выданне.
Расейская прапагандыстка Сіманьян апублікавала перахоп запісу гутаркі інспектара ВПС Германіі Інга Герхартца, начальніка аддзела аперацый і вучэнняў камандавання ВПС Франка Грэфе і яшчэ двух высокапастаўленых афіцэраў Бундэсвера, якія абмяркоўваюць сітуацыю ва Украіне і магчымае выкарыстанне ракет Taurus. Нямецкая газета Bild мяркуе, што перахоп гутаркі мог адбыцца ў Сінгапуры, адкуль да канферэнцыі падключаўся адзін з супрацоўнікаў генерала Герхартца.
«Сам перахоп канферэнцыі інспектара ВПС з’яўляецца правалам – адным з самых сур’ёзных у ваеннай гісторыі краіны. Той факт, што служба ваеннай контрразведкі пачала праверку па факце з’яўлення запісу, а яе распаўсюджванне ў ФРГ блакіруецца, гаворыць аб тым, што расейцам, па ўсёй бачнасці, усё ж удалося перахапіць гутарку афіцэраў. Аднак афіцэры не плануюць у гутарцы, як гэта сцвярджае расейская прапаганда, якія-небудзь канкрэтныя вайсковыя аперацыі ВСУ. Яны, як спецыялісты, праводзяць мазгавы штурм аб магчымасцях прымянення ракет Taurus ва Украіне і прыходзяць да высновы, што: 1) пастаўкі можна арганізаваць, 2) яны б пайшлі на карысць Украіне і маглі быць выкарыстаны для ўдараў па Крымскім мосце, 3) прысутнасць нямецкіх спецыялістаў у Украіне для абслугоўвання Taurus не з’яўляецца неабходнасцю. Тым самым яны абвяргаюць словы канцлера Шольца, для якога дадзены аргумент і зусім стаў асноўным у абгрунтаванні рашэння не перадаваць Taurus Кіеву», – адзначае нямецкае выданне.
«Прэзідэнт Байдэн з усіх сіл спрабуе пераадолець сумневы ў сваім лідарстве ўнутры сваёй партыі і шырокую незадаволенасць кіраўніком нацыі, у выніку чаго ён адстае ад Дональда Дж. Трампа якраз у той момант, калі іх усеагульныя выбары вось-вось пачнуцца», – прыводзіць вынікі нядаўняга апытання The New York Times.
«Калі да лістападаўскіх выбараў засталося восем месяцаў, 43 працэнты падтрымкі Байдэна адстаюць ад 48 працэнтаў Трампа ў нацыянальным апытанні зарэгістраваных выбаршчыкаў. Толькі кожны чацвёрты выбаршчык лічыць, што краіна рухаецца ў правільным кірунку. Больш чым удвая больш выбаршчыкаў лічаць, што палітыка Байдэна нанесла ім асабіста шкоду, чым лічаць, што яго палітыка дапамагла ім. Большасць выбаршчыкаў лічыць, што эканоміка ў кепскім стане. Да гэтага часу менавіта Трамп лепш аб’яднаў сваю партыю, нават на фоне праймерыз, які працягваецца. Сярод 19 працэнтаў выбаршчыкаў, якія заявілі, што не ўхваляюць абодвух верагодных кандыдатаў — незвычайна вялікую кагорту ў 2024 годзе, якую сацыёлагі і палітычныя стратэгі часам называюць «двайнымі ненавіснікамі», — Байдэн насамрэч апярэджваў Трампа: 45% супраць 33», – піша амерыканскае выданне.
Услед за Нацыянальным сходам і Сенат Францыі большасцю галасоў выказаўся за ўключэнне права на аборт у Канстытуцыю краіны. Дасягненне большасці ў тры пятыя галасы, якое цяпер патрабуецца на сумесным галасаванні ў сакавіку, лічыцца чыстай фармальнасцю. Такім чынам заканадаўцы абараняюць права жанчын на свабоду прыняцця рашэння ў выпадку цяжарнасці. Берлінская газета taz падкрэслівае значэнне канстытуцыйнай гарантыі.
«Як і ў іншых краінах, дасягненні заканадаўства аб абортах знаходзяцца пад пагрозай не толькі ў ЗША – у Францыі да сённяшняга дня цалкам магла ўзнікнуць сітуацыя, пры якой заканадаўчы орган з рэакцыйнай большасцю ў любы момант мог зноў абмежаваць ці нават адмяніць гэтую свабоду. У Францыі, дзе ўжо нельга выключаць верагоднасці рэзкага нахілу направа, гэтая рызыка зараз у значнай ступені адхілена, дзякуючы папраўцы да Канстытуцыі. Такім чынам, дэпутаты паказваюць астатняму свету, як можна абараніць правы жанчын ад турбулентнасці на палітычнай арэне. На гэты раз Францыя апраўдала сваю рэпутацыю сусветнага першапраходцы – ролю, на якую яна прэтэндуе яшчэ з эпохі Асветніцтва», – падкрэслівае нямецкае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка
Фота: anhor.uz






