BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: У залежнасці ад залежнасці

Расея вывезла з Дамаска частку персаналу сваёй дыпмісіі, а таксама дыпламатаў КНДР, Беларусі і Абхазіі. Якія сцэнары ўрэгулявання сітуацыі ва Украіне абмяркоўваюць у ЗША? Драма ў Паўднёвай Карэі: імпічмент прэзідэнту. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

“Расея вывезла з Дамаска частку персаналу сваіх дыпламатычных прадстаўніцтваў, а таксама супрацоўнікаў дыпмісій Беларусі, КНДР і Абхазіі,”, – піша расейскае незалежнае выданне Meduza.

«15 снежня ў аэрапорт Чкалоўскі спецыяльным рэйсам ВКС Мінабароны Расеі з авіябазы Хмеймім ажыццёўлены вываз часткі персаналу расейскіх замежпрадстаўніцтваў у Дамаску. Былі таксама эвакуяваныя супрацоўнікі дыпмісій Беларусі, КНДР і Абхазіі. У сувязі з чым праводзілася эвакуацыя, у МЗС РФ не ўдакладнілі. Пры гэтым у паведамленні сцвярджаецца, што праца пасольства Расеі ў Дамаску працягваецца. Неўзабаве пасля падзення рэжыму Башара Асада ў Сірыі ў МЗС Расеі казалі, што Масква ўстанавіла прамыя кантакты з паліткамітэтам «Хаят Тахрыр аш-Шам» – ісламісцкай групоўкай, якая ўзначаліла наступ на ўрадавыя сілы. Сярод іншага дыпламаты з амбасады РФ сустракаліся з прадстаўнікамі групоўкі і абмяркоўвалі пытанні бяспекі дыпмісіі і расейскіх грамадзян у Сірыі. Расея блізкая да пагаднення з новымі сірыйскімі ўладамі аб захаванні дзвюх сваіх ваенных баз у Сірыі — авіябазы Хмеймім у правінцыі Латакія і ваенна-марской базы Тартус на беразе Міжземнага мора. Расея выводзіць частку цяжкай тэхнікі і старэйшых афіцэраў з лініі фронту на поўначы Сірыі і з пастоў у Алавіцкіх гарах. Але войскі на дзвюх асноўных базах застаюцца”, – падкрэслівае расейскае незалежные выданне.

Уладзімір Зяленскі сустрэнецца з лідарамі ЕЗ і НАТА. Галоўнае пытанне: што будзе з падтрымкай Кіева пасля прыходу Дональда Трампа ў Белы дом? Перамовы пачнуцца 18 снежня. На іх будуць, у прыватнасці, лідары​​ Германіі, Францыі, Вялікабрытаніі, Італіі і Польшчы. У сваю чаргу каманда Дональда Трампа праводзіць перамовы па Украіне з адыходзячай адміністрацыяй Джо Байдэна. Як перадае тэлеканал NBС, спецыялісты па нацыянальнай бяспецы ў камандзе рэспубліканца вывучаюць сцэнары ўрэгулявання. Яны маюць намер дабіцца паўзы ў баявых дзеяннях, паколькі гэта “адкрые шлях да перагавораў”. Кіт Келаг, які павінен стаць спецпрадстаўніком ЗША па Украіне, прапаноўваў выкарыстоўваць аргумент амерыканскай дапамогі ВСУ, каб пасадзіць абодва бакі за стол перамоваў. Масква, на яго думку, не захоча нарошчвання гэтай падтрымкі, а Кіеў – яе скарачэння. «Баявыя дзеянні трэба замарозіць па лініі фронту, Украіну таксама нельга прымаць у НАТА бліжэйшыя 10 гадоў», – заяўляў Келаг. Рэспубліканец у прыватнасці пагражаў скараціць ваенную дапамогу. Але канкрэтных рашэнняў ад сустрэчы чакаць не трэба. У той жа час вядома, што ў ЕЗ пачалі абмяркоўваць стварэнне кааліцыі па адпраўцы вайскоўцаў ва Украіну ў якасці міратворцаў. Так яны разлічваюць стрымліваць Расею пасля спынення агню. Як піша ўкраінскае выданне Страна«Эмануэль Макрон прапануе абмеркаваць магчымасць размяшчэння такой міратворчай місіі на саміце лідараў ЕЗ 18-19 снежня. Крыніца назвала такую ​​дыскусію непазбежнай, з прычыны праведзеных у чацвер перамоваў французскага прэзідэнта з прэм’ер-міністрам Польшчы Дональдам Тускам».

Парламент Паўднёвай Карэі (Нацыянальная асамблея) прагаласаваў у суботу, 14 снежня, за імпічмент прэзідэнта краіны Юн Сок Ёля ў сувязі з нядаўнім увядзеннем ім у краіне ваеннага становішча. «За адхіленне Юна ад пасады прагаласавалі 204 дэпутаты, 85 былі супраць. Яшчэ тры парламентарыі ўстрымаліся, восем бюлетэняў былі прызнаныя несапраўднымі», – піша ізраільская газета Вести.

«Ініцыятыву апазіцыі аб’явіць Юну імпічмент патрымалі і некаторыя прадстаўнікі кіруючай партыі Грамадзянская сіла, дзякуючы чаму была дасягнута неабходная большасць у дзве трэці галасоў. Цяпер абавязкі прэзідэнта будуць часова ўскладзены на прэм’ер-міністра Паўднёвай Карэі Хан Дак Су. Нагадаем, што гэта паўторная спроба імпічменту пасля таго, як 7 снежня дэпутаты ад Грамадзянскай сілы, якая займае ў паўднёвакарэйскім парламенце 108 месцаў, байкатавалі галасаванне. У выніку для аб’яўлення імпічменту прэзідэнту тады не хапіла пяці галасоў. Палітычны крызіс у Паўднёвай Карэі выліўся 3 снежня пасля таго, як прэзідэнт Юн Сок Ёль нечакана абвясціў аб увядзенні ўпершыню з 1979 года ваеннага становішча і назваў яго “неабходнай мерай для абароны канстытуцыйнага парадку ад камуністычных сіл і пагроз”, якія зыходзяць ад Паўночнай Карэі. Ваеннае становішча мела на ўвазе забарону на ўсю палітычную дзейнасць, у тым ліку працу парламента і палітычных партый. Рашэнне было прынята на фоне спрэчак паміж партыяй Грамадзянская сіла Юна і апазіцыйнай дэмакратычнай партыяй Табура аб праекце бюджэту. Цяпер справа за Канстытуцыйным судом. Менавіта ён павінен вырашыць, пацвердзіць імпічмент ці аднавіць Юн Сок Ёля на пасадзе. Разгляд справы можа заняць да 6 месяцаў. Калі Канстытуцыйны суд пацвердзіць адхіленне прэзідэнта, у краіне пройдуць нечарговыя выбарыСудзячы па апошніх апытаннях, падтрымка прэзідэнта ў краіне апусцілася да 11%», – піша ізраільскае выданне.

У сілу адсутнасці іншых кандыдатаў усё абышлося фармальнасцю: у мінулую сераду ФІФА аддала права правядзення чэмпіянату свету па футболе сярод мужчын 2030 года Іспаніі, Партугаліі і Марока, а чэмпіянат свету па футболе 2034 года – Саудаўскай Аравіі. «Гульцы маглі б заявіць пратэст і такім чынам паўплываць на сітуацыю,» – лічыць Helsingin Sanomat.

«Будучыня футбола не можа быць аддадзена на водкуп функцыянерам, якіх цікавяць толькі грошы. Але на карту пастаўлена так шмат, што перадавіцы ў газетах і крытыка з боку палітыкаў практычна не аказваюць ніякага ўздзеяння. Тым не менш, ёсць адна група, меркаванне якой спартыўныя чыноўнікі не могуць ігнараваць: гэта самі гульцы. У 2020 годзе футбаліст Рыку Рыскі адмовіўся прымаць удзел у трэніроўках зборнай Фінляндыі ў Катары на знак пратэсту супраць парушэння правоў чалавека ў гэтай краіне. Фінляндыя – маленькая футбольная нацыя, якая не мела ніякага шанцу прайсці адборачныя гульні на чэмпіянат свету ў Катары. Тым не менш, пратэст Рыскі трапіў у загалоўкі газет», – піша фінскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка