Туск заявіў пра неабходнасць узмацнення вайсковага кантынгенту на мяжы з Беларуссю і Расеяй. Трамп у Кангрэсе: „Гэта толькі пачатак“. Германія: ХДС/ХСС і СДПГ плануюць шматмільярдныя пазыкі.

«Абарона ўсходняй мяжы ЕЗ сёння стала прыярытэтам, заявіў прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск у Брусэлі, куды ён прыбыў на саміт па Украіне. Ён таксама адзначыў, што мае намер ставіць пытанне пра неабходнасць павелічэння прысутнасці еўрапейскіх і натаўскіх войскаў на ўсходніх межах», – перадае DW.
«Каб па-сапраўднаму гарантаваць чыюсьці бяспеку, перш за ўсё трэба быць у бяспецы самому. Неабходна забяспечыць бяспеку еўрапейскіх межаў, у прыватнасці з Расеяй і Беларуссю, а таксама бяспеку мора, паветра і кіберпрасторы. І тады мы зможам аказваць больш якасную і эфектыўную дапамогу Украіне», — цытуе прэм’ер-міністра польскае выданне Onet. 6 сакавіка ў Бруселі прайшоў экстранны саміт Еўрасаюза па Украіне. Галоўныя тэмы сустрэчы на вышэйшым роўні – тэрміновая і доўгатэрміновая падтрымка Украіны ў новым кантэксце, а таксама новы падыход ЕЗ да еўрапейскай абароны», – перадае DW.
У аўторак прэзідэнт ЗША Дональд Трамп выступіў з прамовай перад Кангрэсам і выклаў мэты сваёй палітыкі. “За 43 дні мы дасягнулі большага, чым большасць іншых урадаў за чатыры ці восем гадоў – і гэта толькі пачатак”, – такімі словамі папярэднічаў сваю прамову Трамп. Тэму вайны ва Украіне ён закрануў вельмі коратка – у канцы свайго выступу, які доўжыўся цэлых 100 хвілін. Лонданскаму The Times не па душы тое, што Трамп у сваіх публічных выступах выказвае прэтэнзіі у стаўленні не расейскага прэзідэнта, а ўкраінскага.
«У прамове містара Трампа сяго-таго не хапала, і гэта вельмі трывожыць. Ён ні разу не згадаў Уладзіміра Пуціна: не прагучала ні намёку на крытыку ў адрас чалавека, адказнага за вайну ва Украіне. У адказ на крытычныя заўвагі ў свой адрас наконт таго, што ён мяккі да Расеі, прэзідэнт прамармытаў: “Калі вы хочаце завяршыць вайну, то трэба гаварыць з абодвума бакамі”. Кідаецца ў вочы імкліва нарастаючы кантраст паміж тым варожым падыходам, які Трамп абраў у дачыненні да Зяленскага, і адсутнасцю якіх бы там ні было выразных слоў з боку яго адміністрацыі ў адрас Расеі», – падкрэслівае брытанскае выданне.
У ходзе перагавораў аб стварэнні кааліцыі блок ХДС/ХСС і СДПГ дамовіліся аб неабходнасці дзяржаўных пазык на мільярдныя сумы. Плануецца адмяніць так званы даўгавы тормаз у тым, што датычыцца расходаў на абарону, а таксама выдзеліць 500 мільярдаў еўра на інвестыцыі ў інфраструктуру. Для прыняцця гэтага рашэння трэба ўнесці папраўкі ў Асноўны закон, для чаго ў бундэстагу на карысць гэтага кроку павінна прагаласаваць большасць у дзве трэці дэпутатаў. Пасяджэнне бундэстага ў яго цяперашнім складзе запланавана на наступны тыдзень. «Рашэнне надалей не задзейнічаць пазыковы тормаз там, дзе гаворка ідзе пра выдаткі на абарону, было безальтэрнатыўным,» – падкрэслівае Frankfurter Allgemeine Zeitung.
«Нямеччына вяртаецца з таго ‘армейскага водпуску’, у які святлафорная кааліцыя адправілася восенню – насуперак таму, што Пуцін працягваў свой рух наперад і трэба было прымаць у разлік магчымасць таго, што ў Белы дом вернецца Трамп – і тут жа адкрые другі палітычны фронт. ХДС/ХСС і СДПГ змаглі дамовіцца – хай і даволі высокай цаной стварэння спецыяльнага фонду для інфраструктуры, і гэты факт з’яўляецца важным і сур’ёзным сігналам Пуціну, Трампу (які больш не можа сцвярджаць, што Берлін, маўляў, нічога не робіць), а таксама еўрапейскім саюзнікам. „Амерыка вярнулася“, – заявіў у сваім звароце да нацыі Трамп. „Але зараз вярнулася і Нямеччына!“, – заўважае нямецкае выданне.
Пасля масавых пратэстаў, прымеркаваных да другой гадавіны крушэння цягніка ў Тэмбі, у аўторак грэчаскі парламент пастанавіў стварыць камісію па расследаванні меркаванага ўтойвання адказнасці ўладаў за катастрофу. Чатыры апазіцыйныя партыі таксама паставілі пытанне аб вотуме недаверу прэм’ер-міністру Кірыякасу Міцатакісу. Галасаванне адбудзецца ў пятніцу. Газета грэчаскіх левых Avgi мяркуе, што краіна мае патрэбу ў новым старце.
«Ці выкліканая цяперашняя вострая рэакцыя адной толькі катастрофай у Тэмбі? Па ўсёй верагоднасці, не. Прычына – у адсутнасці перспектыў для моладзі з маламаёмасных слаёў насельніцтва, а таксама пастаянная няўпэўненасць – зусім не толькі ў тым, што датычыцца чыгуначных зносін! Страх перад будучыняй адольвае нават тых, хто пакуль яшчэ не жыве на мяжы пражытачнага мінімуму. Як бы ўрадавая прапаганда ні старалася прыменшыць маштаб народнага яднання падчас пратэстаў у дзень гадавіны катастрофы ў Тэмбі, гэтая тактыка, здаецца, не спрацоўвае. Бо кожны дакладна ведае, чаму ён выйшаў на вуліцу і далучыўся да пратэсту», – піша грэчаскае выданне.
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя






