
Фота: kommersant.ru
Улады Беларусі прымушаюць палітвязняў публічна пакаяцца, каб выйсці на волю. Орбан пагутарыў з Пуціным пра вайну ва Украіне. Францыя: зруху направа не здарылася – што зараз? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«Праваабаронцы ў панядзелак абвінавацілі ўлады Беларусі ў выстаўленні непрымальных умоў для вызвалення палітвязняў, у тым ліку ў напісанні публічных заяваў аб прызнанні сваёй віны і раскаянні», – перадае брытанскае выданне The Independent.
„Такое абвінавачванне прагучала праз некалькі дзён пасля таго, як Лукашэнка паабяцаў вызваліць цяжкахворых і тых, хто быў схоплены падчас масавых пратэстаў супраць яго ўлады ў 2020 годзе. Колькасць вызваленых да гэтага часу дасягнула не менш за 18 чалавек, па словах актывістаў, сярод іх лідар апазіцыі Рыгор Кастусёў, які хварэе на цяжкую форму раку. ЗША і Еўразвяз віталі вызваленне некаторых палітвязняў, але заклікалі Беларусь вызваліць усіх тых, хто быў зняволены падчас пратэстаў 2020 году. Адных вызвалілі па амністыі, другіх памілавалі. Памілаваныя павінны былі публічна прызнаць сваю віну. Некаторыя палітвязні адмовіліся пісаць такі ліст, бо не лічаць сябе вінаватымі. Зараз у Беларусі за кратамі знаходзяцца 1420 палітвязняў, у тым ліку лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі. З іх больш за 200 чалавек знаходзяцца ў цяжкім стане і патрабуюць медычнай дапамогі», – падкрэслівае брытанскае выданне.
Услед за наведваннем Кіева прэм’ер-міністр Венгрыі і цяперашні старшыня Рады ЕЗ Віктар Орбан адправіўся з нечаканым візітам у Маскву. Пасля сустрэчы з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным і размовы з ім аб вайне ва Украіне Орбан аб’явіў гораду і свету аб тым, што Еўропе патрэбен мір, і што над дасягненнем апошняга павінны працаваць усе бакі. Маскоўскае радыё Камерсант FM бачыць у паездцы Орбана пэўны сэнс.
«У адрозненне ад ЕЗ, НАТА, аказваецца, было ў курсе паездкі кіраўніка венгерскага ўрада. Генеральны сакратар Енс Столтэнберг адзначыў, што на бліжэйшай сустрэчы ваеннага блока калегі гатовы заслухаць інфармацыю спадара Орбана аб выніках сваёй місіі. У гэтай сувязі можна меркаваць, што візіт Віктара Орбана ў сталіцу больш падыходзіць пад азначэнне чоўнавай дыпламатыі. Віктар Орбан, па сутнасці, адзіны прадстаўнік заходняй супольнасці, які можа з’ездзіць у расійскую сталіцу і стрываць пры гэтым публічнае асуджэнне з боку саюзнікаў. У любым выпадку ёсць пэўны рух у правільны бок. Зрэшты, не зусім зразумела, дзе ён, гэты бок», – адзначае расейская радыёслужба.
Альянс з левых і зялёных партый, які атрымаў назву “Новы народны фронт”, нечакана выйграў другі тур парламенцкіх выбараў у Францыі. Па папярэдніх падліках, альянсу дасталася амаль трэць месцаў у парламенце. Аб’яднанне Макрона пад назвай Разам заняло другое месца, а правая папулісцкая партыя «Нацыянальнае аб’яднанне, якая лідзіравала ў першым туры галасавання, стала толькі трэцяй. «Поспех Новага народнага фронту доўга не працягнецца», – прарочыць міланская Corriere della Sera.
«Не толькі праеўрапейскія Рафаэля Глюксмана, але і сацыялісты Франсуа Аланда маюць мала агульнага з папулізмам Меланшона і яго непаслядоўным знешнепалітычным курсам. Цяпер у парламенце будуць зроблены спробы сфарміраваць большасць, якая павінна будзе ўвасобіць у сабе некалькі ненатуральную кааліцыю, якая ўзнікла ў выніку выбараў, а менавіта: арыентаваныя на рэформы левыя, па-еўрапейску настроеныя правыя – і цэнтрысты Макрона. У гэтай большасці будзе тры гады на тое, каб знайсці кандыдата, здольнага не толькі адолець вельмі правых, але прадстаўляць усю Францыю – і зноўку аб’яднаць краіну. Аланд, былы прэзідэнт, мог бы адыграць тут немалаважную ролю», – адзначае італьянскае выданне.
Пасля ўрачыстага аднаўлення германа-польскіх урадавых кансультацый на мінулым тыдні ў Польшчы з новай сілай разгарэліся дэбаты пра тое, ці не павінна Варшава прад’явіць Берліну патрабаванні пра выплату рэпарацый. Той факт, што прэм’ер-міністр Дональд Туск падчас сустрэч з канцлерам ФРГ не стаў узнімаць гэтую тэму, быў успрыняты ў Польшчы як рашэнне не вылучаць патрабаванняў, што выклікала абурэнне не толькі сярод апанентаў Туска. «Адмову ад рэпарацый, агучаная ў 1953 году, трэба прызнаць несапраўднай», – прапануе партал Interia.
«Гэтая адмова была сфармуляваная пад ціскам уладароў Савецкага Саюза, а Польшча ў той час не была суверэннай дзяржавай. Акрамя таго, адмова была задумана як жэст сяброўства ў адносінах да ГДР – і тычылася толькі гэтай краіны, але ніяк не ФРГ. Цяперашняе зняцце пытання пра рэпарацыі польскім бокам, гэта значыць фактычная адмова ад рэпарацый у абмен на расплывістыя абяцанні ваеннай дапамогі або падтрымкі з боку нямецкай ваеннай прамысловасці несумяшчальна з інтарэсамі польскай дзяржавы», – адзначае польскае выданне.
Беларускае Радыё Рацыя






