У Беларусі праходзяць выпрабаванні на мабілізацыю. Веймарскі трыкутнік: збліжэнне ўнутры ЕЗ? Голад у сектары Газа. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

«У Беларусі вайскоўцы адпрацоўваюць мабілізацыю рэзервістаў і транспартных сродкаў у рамках праверкі боегатовасці», – паведамляе ўкраінскае выданне Ukrainian Military Center.
«Праверка боегатовасці сіл і вайсковых частак была аб’яўлена 11 сакавіка. У рамках гэтых мерапрыемстваў ваенны камісарыят Менскага раёна ажыццяўляе прызыў ваеннаабавязаных асоб на ваенныя зборы. Па словах камісара гэтага беларускага раёна палкоўніка Дзмітрыя Гадуна, яны выконваюць загады па прызыве і ўліку транспартных сродкаў і ваеннаабавязаных. Перад адпраўкай у войска беларускія вайскоўцы прыбываюць на зборныя пункты сельвыканкамаў і ваенных камісарыятаў. Таксама зазначаецца, што пэўная тэхніка паступае з прадпрыемстваў і арганізацый, праходзіць інспекцыю і гатова да адпраўкі ў вайсковыя часткі. У прыватнасці, 19-я асобная гвардзейская механізаваная брыгада разгарнула пункт прыёму аўтамабіляў. Асноўная задача цэнтра – прыём транспартных сродкаў ад дзяржаўных устаноў і арганізацый, а таксама размеркаванне і перадача тэхнікі падраздзяленням для выканання далейшых задач. Мяркуючы па апублікаваных фатаграфіях, у распараджэнні вайскоўцаў знаходзяцца грузавікі, самазвалы, экскаватары. Гэта абсталяванне выкарыстоўваецца для транспарціроўкі харчоў і выканання шэрагу іншых задач. З тэхнікай прыязджаюць і ваенныя вадзіцелі. У лютым урад Беларусі аб’явіў аб правядзенні контртэрарыстычнай аперацыі на мяжы з Украінай. Гэта адбылося ў прымежнай вёсцы Лельчыцы Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці, дзе дыслакаваліся падраздзяленні Сіл спецыяльных аперацый Беларусі», – рэзюмуе ўкраінскае выданне.
Па выніках сумеснай сустрэчы ў Берліне прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон, канцлер Германіі Олаф Шольц і прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск прадэманстравалі адзінства і аб’явілі аб намеры закупляць дадатковае ўзбраенне для Украіны. Еўрапейская прэса з надзеяй глядзіць на гэты Веймарскі трыкутнік – фармат трох краін, названы так пасля сустрэчы ў 1991 годзе трох міністраў замежных спраў у гэтым невялікім мястэчку ў Цюрынгіі. «Перад гэтым еўрапейскім трыа ў самым хуткім часе могуць устаць сур’ёзныя задачы», – піша парыжская газета Le Figaro.
«Калі Трамп у студзені 2025 года вернецца ў Белы дом і перастане цікавіцца еўрапейскімі справамі, то значэнне восі Парыж-Берлін-Варшава ўзрасце шматкроць. Ці азначае гэта, што Веймарскі трыкутнік з’яўляецца фундаментальна антырасейскай канстрцкыяй? Адказ адназначны: не. Эмануэль Макрон падкрэсліў, што народ Расеі не з’яўляецца нашым ворагам. Само сабой зразумела, што мэта Еўропы не заключаецца ў тым, каб штурхнуць расейцаў у абдымкі Кітая – гэта было б каласальнай стратэгічнай памылкай. Хутчэй, у доўгатэрміновай перспектыве – гэта значыць, як толькі Пуцін знікне з гарызонту – гаворка пойдзе аб тым, каб укараніць гэты важны народ у парадыгме, якая вызначае нашу еўрапейскую сям’ю, а гэта прынцып вяршэнства права», – нагадвае французскае выданне.
Ізраіль працягвае сваю барацьбу супраць радыкальнай ісламісцкай групоўкі ХАМАС у сектары Газа. Тым часам становішча грамадзянскага насельніцтва Газы абвастрылася да такой ступені, што, паводле дадзеных, атрыманых Злучанымі Штатамі, людзі аказаліся на мяжы масавага голаду. Вярхоўны прадстаўнік ЕЗ па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль абвінаваціў Ізраіль у тым, што той выкарыстоўвае голад у якасці зброі, паколькі канвоі з гуманітарнай дапамогай занадта доўга праходзяць праверкі. Прэм’ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху адхіліў абвінавачанні, указаўшы на тое, што Ізраіль робіць усё для таго, каб аблегчыць дастаўку дапамогі. «Віна ляжыць зусім не толькі на Ізраілі», – падкрэслівае міланская газета Corriere della Sera.
«Чаму ніводны з тых, хто выказвае сваё абурэнне ‘генацыдам’, якому Ізраіль нібы падвяргае палестынцаў у Газе, не задумаецца пра відавочнае? А менавіта аб тым, што калі ХАМАС у абмен на спыненне агню пагодзіцца адпусціць больш за сто закладнікаў, захопленых падчас пагрому 7 кастрычніка, то ізраільскі ўрад, па ўсёй верагоднасці, у тую ж секунду апынецца змушаным спыніць гэты так званы ‘генацыд’ ? І чаму нікому не прыходзіць у галаву, што калі гэтага не адбываецца, то, магчыма, тэрарысты ХАМАС нясуць пэўную адказнасць за гібель жыхароў сектара Газа?», – піша італьянскае выданне.
Прэзідэнцкія «выбары» ў Расеі завяршыліся чаканым вынікам: Уладзімір Пуцін зацверджаны на пасадзе прэзідэнта на наступныя шэсць гадоў. Паводле заявы ЦВК, за Пуціна было аддадзена больш за 87 працэнтаў галасоў. Назіральнікі паведамілі сама меней аб тысячы выпадкаў парушэнняў падчас выбараў. Кандыдаты ад апазіцыі да ўдзелу ў выбарах дапушчаны не былі. «Судзячы па ўсім, большасць расейцаў працягвае падтрымліваць Пуціна», – адзначае заграбская газета Večernji list.
«Нягледзячы на публічную дэманстрацыю незадаволенасці, не варта сумнявацца ў тым, што Пуцін карыстаецца ўпэўненай падтрымкай унутры краіны, хаця лічба ў 87 працэнтаў, безумоўна, з’яўляецца вынікам фальсіфікацый і парушэнняў, дапушчаных падчас выбараў. Гэтым вынікам Пуцін хоча паказаць усяму свету, і Захаду перш за ўсё, наколькі ўсёабдымна ён кантралюе Расею, а таксама тое, што яго вайна супраць Украіны будзе і надалей працягвацца без якіх-небудзь перашкод. Пуцін пераканаў большасць расейцаў у тым, што вайна супраць Украіны – гэта вайна, мэта якой – абарона Расеі ад Захаду, «што гніе», сапраўды гэтак жа, як падчас Другой сусветнай вайны мэтай Савецкага Саюза была абарона краіны ад нацысцкай Германіі», – піша венгерскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка
Фота: eurotopics.net






