Беларусь: мілітарызацыя непаўналетніх. Няроўны саюз: Трамп, Еўропа і НАТА. Занепакоенасць у сувязі з аперацыяй Ізраіля ў Рафаху. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.
Дзяржаўныя СМІ Беларусі пішуць пра тое, што моладзь павінна «ўсведамляць свой абавязак любіць і абараняць Радзіму». Дзяржапарат вельмі хоча даведацца, наколькі сур’ёзна моладзь ставіцца да гэтага абавязку. Так улады Берасця абавязалі навучэнцаў каледжа прайсці анкетаванне пад назвай «Гатовасць абараняць інтарэсы Айчыны». Некаторыя з дзесяці пытанняў тычыліся вайны. Яны цікавіліся, ці гатовыя падлеткі здзейсніць гераічны ўчынак «за Радзіму» і «ўстаць на абарону Радзімы ў выпадку нападу на яе». «Калі спатрэбіцца, трэба быць гатовым памерці за свайго прэзідэнта», – цытуе выказванні ў асяродку беларускіх школьнікаў міжнароднае выданне Stopfake.
«На гэтым планы чыноўнікаў па мілітарызацыі дзяцей у Беларусі не спыняюцца. У красавіку 2023 года дзяржаўныя СМІ асвятлялі візіт кіраўніцы верхняй палаты беларускага парламента і блізкага паплечніка Лукашэнкі Наталлі Качанавай у «патрыятычны цэнтр» дзіцячага садка ў невялікім беларускім горадзе. Качанава ацаніла ідэю, сказаўшы, што гэта абсалютна правільнае рашэнне. Патрыятычнае выхаванне павінна пачынацца з дашкольнага ўзросту. У рамках так званых «патрыятычных мерапрыемстваў» прадстаўнікі пракуратуры перыядычна наведваюць дзіцячыя садкі, дзе інфармуюць дзяцей аб ходзе расследаванняў «генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны» 1941-1945 гг. Тэрміны пачатку гэтага расследавання – 2020-2021 гады, сведчаць аб тым, што яно таксама мела на мэце адцягнуць увагу ад народных пратэстаў. Іх выкарыстоўвалі для прапагандысцкай спробы прыраўняць палітычных апанентаў Лукашэнкі да нацысцкіх злачынцаў», – канстатуе міжнароднае выданне.
У Еўропе працягваюць абмяркоўваць выказванні Дональда Трампа, паводле якіх абарона з боку НАТА павінна распаўсюджвацца толькі на краіны альянсу, якія ўкладаюць дастатковы аб’ём сродкаў у абарону. Але калі Злучаныя Штаты ўжо нельга лічыць надзейным партнёрам, дык як тады Еўропе самой арганізаваць сваю абарону? У сваім артыкуле літоўскі партал 15min выказвае асцярожны аптымізм адносна абароннага патэнцыялу Еўропы.
«З аднаго боку, ацэнка пагрозы дае падставу спадзявацца на тое, што краіны НАТА падзяляюць аднолькавае бачанне расейскай пагрозы, што павінна выліцца ў выдзяленне дадатковых сродкаў на развіццё еўрапейскага ваенна-прамысловага комплексу і сродкаў абароны. З іншага боку, рэсурсы абмежаваныя. Не будзем забывацца на тое, што і без Злучаных Штатаў пакінутыя чальцы НАТА нашмат апярэджваюць аўтарытарную Расею ў плане эканамічных і фінансавых рэсурсаў, а таксама тэхналогій. Галоўнае тут – каб мы, еўрапейцы, узгаднілі адзін з адным прыярытэты і эфектыўна задзейнічалі гэтыя рэсурсы ў мэтах абароны нашага дабрабыту і ладу жыцця», – піша літоўскае выданне.
Намер Ізраіля ажыццявіць наступ на горад Рафах выклікала немалую занепакоенасць на міжнароднай арэне. Імкнучыся прадухіліць наступленне, ПАР зноў звярнулася ў Міжнародны суд ААН. Тым часам у Каіры праходзяць перамовы аб магчымасці перамір’я і абмену захопленых хамасаўцамі заложнікаў на палестынцаў, якія знаходзяцца ў ізраільскіх турмах. «Магчыма, гуманітарную катастрофу ў Рафаху ўсё ж такі ўдасца прадухіліць», – піша лонданскі штотыднёвік The Economist.
«Вяртанне 13 лютага ізраільскіх прадстаўнікоў у Каір для працягу перамоваў сведчыць аб наступным: у Ізраілі зыходзяць з таго, што патрабаванні ХАМАС – гэта ўсяго толькі гамбіт і што можна дасягнуць пагаднення аб часовым перамір’і. У Ізраілі мяркуюць, што патрэба хамасаўцаў у перагрупоўцы і неабходнасць даць насельніцтву хаця б нейкую перадышку напярэдадні святога месяца Рамадан, які пачынаецца 10 сакавіка, могуць прымусіць ХАМАС пагадзіцца на саступкі падчас перамоваў аб вызваленні закладнікаў. Для таго каб сітуацыя ў Рафаху не ператварылася ў пекла, адзін з бакоў павінен міргнуць першым», – адзначае брытанскае выданне.
У гішпанскім партовым горадзе Барбаце падазроныя ў гандлі наркотыкамі ў спробах пазбегнуць ператрусу пратаранілі сваім 14-метровым катарам паліцэйскую надзіманую лодку. У выніку двое афіцэраў паліцыі загінулі, а трэцяму прыйшлося ампутаваць руку. Па выніках расследавання восем мясцовых жыхароў былі арыштаваны, ва ўсіх раней ужо меліся судзімасці. «У рэшце рэшт Гішпанія павінна ўзброіцца супраць злачыннасці», – патрабуе мадрыдская газета El País.
«Наркагандляры настолькі нахабна паводзяць сябе ў Гібралтарскім праліве, што адкрыта кідаюць выклік сілам правапарадку. Гішпанія знаходзіцца ў самым сэрцы наркатрафіку ў Еўропу. Эскалацыя гвалту была толькі пытаннем часу. Кантрабандыст пратараніў патрульную лодку, каб забіць паліцыянтаў, таму што ён быў упэўнены ў тым, што можа гэта зрабіць. Мабыць, спатрэбілася гібель двух паліцыянтаў, для таго каб урад, парламент і судовая сістэма краіны ўсвядомілі сур’ёзнасць сітуацыі ў Гібралтарскім праліве – і пачалі дзейнічаць з належнымі хуткасцю і рашучасцю», – наракае мясцовае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка
Фота: Міністэрства абароны Беларусі