BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Узмацніць пазіцыі

У сям’ях зняволеных беларускіх апазіцыянераў ужо год няма вестак. Два гады з пачатку поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну. Пра якую пагрозу нацбяспецы заявілі ў ЗША? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Прайшоў год з таго часу, як сям’я зняволенай беларускай апазіцыянеркі Марыі Калеснікавай атрымала ад яе ліст, і з таго часу яе ніхто не бачыў і не чуў, заявілі ў сераду яе сваякі і заходнія афіцыйныя асобы. «Калеснікава, якая адбывае 11 гадоў зняволення за дапамогу ў арганізацыі антыўрадавых пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе, і іншыя зняволеныя апазіцыянеры месяцы запар утрымліваюцца без права спатканняў, што выклікае асцярогі за іх дабрабыт», – сочыць за сітуацыяй брытанская газета Іndependent.

«З коратка стрыжанымі валасамі і яркай усмешкай Калеснікава была вядомая тым, што з’яўлялася на дэманстрацыях і фармавала рукамі абрыс сэрца, калі беларусы выйшлі на масавыя пратэсты пасля выбараў у 2020 года. Улады ў адказ арыштавалі больш за 35 000 чалавек і жорстка збілі тысячы з іх. Многія вядучыя дзеячы апазіцыі былі арыштаваныя. 41-гадовая Калеснікава знаходзіцца за кратамі з верасня 2020 года. Яе змясцілі пад варту пасля таго, як яна парвала пашпарт на мяжы, калі ўлады спрабавалі яе выслаць. Свой апошні ліст сям’і яна напісала 12 лютага 2023 г. пасля таго, як была шпіталізавана ў цяжкім стане. Міністр замежных спраў Германіі Анналена Бэрбок на гэтай падставе выказала занепакоенасць. Камітэт па правах чалавека ААН неаднаразова патрабаваў ад беларускіх уладаў ужыць «тэрміновыя меры абароны» для тых, хто знаходзіцца за кратамі без права зносін, але не атрымаў адказу. Больш за год ніхто не бачыў і не чуў пра Віктара Бабарыку, кандыдата ў прэзідэнты, які спрабаваў кінуць выклік Лукашэнку ў 2020 годзе, але быў заключаны ў турму і атрымаў 14 гадоў пазбаўлення волі. Паплечнік Калеснікавай, зняволены адвакат Максім Знак таксама даслаў свой апошні ліст 9 лютага 2023 года, а Сяргей Ціханоўскі, зняволены муж апазіцыянеркі Святланы Ціханоўскай, апошні раз бачыўся з адвакатамі 9 сакавіка 2023 года», – наракае і працягвае сачыць за сітуацыяй вядучае брытанскае выданне.

***

Вось ужо на працягу амаль двух гадоў Украіна змагаецца супраць Расеі, якая распачала 24 лютага 2022 года поўнамаштабную вайну супраць суседняй краіны. Усіх здзівіла нечаканая здольнасць да супраціву , выяўленая ўкраінскім войскам. Надзеі на хуткае выгнанне агрэсара падчас контрнаступлення ВСУ , які пачаўся ў чэрвені 2023 года, тым не менш, не апраўдаліся. Незадоўга да другой гадавіны пачатку поўнамаштабнай вайны еўрапейская прэса робіць спробы абмаляваць далейшыя перспектывы. Румынскі партал Spotmedia піша пра выклікі, з якім сутыкаецца новы галоўнакамандуючы ВСУ Аляксандр Сырскі.

«Перад новым галоўнакамандуючым стаяць дзве складаныя задачы, з якімі не ўдалося справіцца яго папярэдніку: адсутнасць панавання ў паветры і скарачаэнне колькасці баявых частак. Той факт, што неўзабаве Украіна зможа задзейнічаць больш знішчальнікаў F-16 , а таксама тое, што набірае абароты уласную вытворчасць беспілотнікаў, напэўна дапаможа ёй узмацніць свае пазіцыі ў паветры. Застаецца праблема недахопу асабовага складу, а вырашыць яе можна толькі палітычным шляхам – за кошт новай мабілізацыі», – адзначае румынскае выданне.

***

ЗША паведамілі аб планах Расеі размясціць ядзерную зброю ў космасе. Па дадзеных амерыканскай разведкі, Масква распрацоўвае сістэму, якая зможа знішчаць на арбіце іншыя спадарожнікі. Як удакладняюць СМІ, размова не ідзе аб скідзе ядзерных снарадаў на Зямлю. Першым пра новую «пагрозу нацбяспецы» напярэдадні распавёў рэспубліканец Майк Тэрнер, які ўзначальвае спецкамітэт Палаты прадстаўнікоў па разведцы. Ён не стаў прыводзіць падрабязнасці. Але некаторыя кангрэсмены азнаёміліся з дакументамі, пасля чаго дэталі аб супрацьспадарожнікавым комплексе Расеі трапілі ў СМІ. Замежныя выданні адзначаюць, што новая тэхналогія не толькі паставіла ў тупік вайскоўцаў, але і ўзмацніла палітычныя рознагалоссі ў Вашынгтоне.

Як піша The New York Times, Злучаным Штатам няма чаго супрацьпаставіць новай расейскай зброі. «Яна зможа знішчаць грамадзянскія камунікацыі і сістэмы спадарожнікавага назірання, якія ЗША выкарыстоўваюць у тым ліку для кантролю свайго ядзернага арсенала. Чыноўнікі адзначаюць, што запуск «забойцы спадарожнікаў» не здаецца непазбежным. Але і часу, каб яго прадухіліць, не так шмат. Дагавор 1967 года забараняе размяшчаць на арбіце ядзерную зброю. Але Расея апошнім часам выходзіць з дамоваў часоў халоднай вайны. А значыць, той жа лёс можа напаткаць «дагавор пра космас», – папярэджвае амерыканскае выданне.

***

Напярэдадні прызначаных на лістапад прэзідэнцкіх выбараў у Злучаных Штатах усё часцей узнікаюць спрэчкі аб тым, ці варта 81-гадоваму Джо Байдэну ў сілу свайго здароўя вылучацца на другі тэрмін. Следчы, які займаўся справай аб захоўванні прэзідэнтам сакрэтных дакументаў у сябе дома, заявіў, што ў Байдэна дрэнная памяць. Байдэн рашуча адпрэчыў гэтае абвінавачванне. Еўрапейская прэса ўключылася ў дыскусію і ўзважвае станоўчыя і адмоўныя бакі кандыдатуры Байдэна. «Узрост Джо Байдэна нельга разглядаць выключна як праблему», – такое меркаванне рымскай газеты La Repubblica.

«Заклятыя ворагі ЗША і Еўропы ведаюць, што прэзідэнт Джо Байдэн праявіў гераічную стойкасць, падтрымліваючы прэзідэнта Зяленскага. Ім вядома, што ў сітуацыі, калі Ізраіль сутыкнуўся з вялізным маральным і фізічным узрушэннем, Байдэн змог задзейнічаць сваю ўсё яшчэ немалую сілу, для таго каб не дазволіць маленькай габрэйскай дзяржаве апынуцца раздушанай пад ударамі хваляў сусветнай нянавісці. А яшчэ ім вядома, што ніхто лепшы за гэтага ветэрана, які ведае ад і да ўсе сакрэты Вашынгтона, не справіцца з задачай зрабіць так, каб скнарны і загразлы ў сварках Кангрэс прагаласаваў-такі за выдзяленне пакетаў ваеннай дапамогі Кіеву, Іерусаліму і Тайваню», – канстатуе італьянскае выданне.

Беларускае Радыё Рацыя