Па сутнасці – за крытыку. Як у Беларусі судзяць за “заклікі да санкцый”? Украіна: усё за частковае спыненне агню. Еўрапейская абарона: якія прыярытэты? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

«За апошнія чатыры гады больш за 200 чалавек асудзілі ў Беларусі за “заклікі да санкцый”. Большасць атрымалі працяглыя тэрміны зняволення, таксама актыўна ідуць завочныя працэсы. Пры гэтым пракуроры нават не спрабуюць звязаць выказванні абвінавачаных з наступствамі для эканомікі краіны», – перадаеDW.
«Юрысты “Вясны” адзначаюць, што тэарэтычна пад артыкул аб “закліках да санкцый” можна падвесці любое крытычнае выказванне супраць рэжыму Лукашэнкі, што і робяць улады Беларусі. “Улады дабіваюцца таго, каб само слова “санкцыі” ў людзей выклікала страх”. Пры гэтым абвінавачанні па справах аб “закліках да санкцый” максімальна размытыя, кажа былы беларускі адвакат. “Гэта больш нагадвае сачыненне на зададзеную тэму, чым абвінавачанне, заснаванае на фактах. Ніхто не знайшоў час звязаць выказванні чалавека з наступствамі, якія гэта мела для эканомікі РБ. Таму што насамрэч такую ўзаемасувязь вельмі цяжка правесці», – перадае DW.
Уладзімір Зяленскі даў згоду на прапанову пра спыненне ўдараў па аб’ектах энергетычнай інфраструктуры тэрмінам на 30 дзён, пра якую падчас сваёй тэлефоннай размовы ў аўторак дамовіліся прэзідэнты ЗША і Расеі. Пры гэтым Пуцін адказаў адмовай на ідэю пра поўны рэжым спынення агню, якая была прапанаваная Вашынгтонам і Кіевам. Паводле слоў Трампа, цяпер абодва бакі маюць намер «аператыўна працаваць над паўнацэнным перамір’ем». У пятніцу ў Саудаўскай Аравіі павінны пачацца перамовы паміж Злучанымі Штатамі і Украінай.Дублінская The Irish Times абураецца з нагоды той саступлівасці, якую Трамп выяўляе ў стаўленні Масквы.
«Пуцін падкрэсліў, што “ключавой умовай недапушчэння эскалацыі канфлікту” і прасоўвання ў яго вырашэнні з’яўляецца “поўнае спыненне замежнай ваеннай дапамогі і прадастаўлення разведдадзеных Кіеву”. Вылучэнне такіх папярэдніх умоў сведчыць пра максімалісцкую пазіцыю Расеі – вынік, які ні ў якім разе не прымальны ні для Кіева, ні для яго еўрапейскіх саюзнікаў. Ён стаў бы ні многа, ні мала – узнагародай Маскве за незаконную агрэсію. І калі Трамп усяляк спрабуе адвесці ад тэмы легітымнага патрабавання Украіны пра вяртанне сваіх тэрыторый, то ён характэрна маўчыць, калі гаворка ідзе пра тое, каб аблажыць амбіцыі Пуціна”, – піша ірландскае выданне.
Трамп вядзе перамовы з Пуціным наконт заканчэння вайны ва Украіне, а НАТА знаходзіцца ў экзістэнцыйным крызісе з-за бягучай палітыкі Злучаных Штатаў. На фоне ўсіх гэтых падзей У Бруселі лідары краін Еўразвязу збіраюцца на сустрэчу, падчас якой яны плануюць абмеркаваць планы Еўропы па ўзбраенні, пытанні агульнай абароны і далейшай падтрымкі Кіева. Больш за дзве з паловай тысячы навукоўцаў падпісалі заклік да адмовы ад палітыкі ўзбраення, які апублікавала міланская Corriere della Sera.
«Будучы навукоўцамі, многія з якіх працуюць у галінах навукі, звязаных з ваеннымі тэхналогіямі, будучы прадстаўнікамі інтэлектуальных колаў і грамадзянамі, якія ўсведамляюць сучасныя глабальныя рызыкі, мы ўпэўнены, што маральны і грамадзянскі абавязак любога чалавека, які кіруецца добрай воляй, – выступаць супраць закліку да далейшай вайны. Узмацненне мілітарызацыі не абароніць мір, але прывядзе да вайны. Апошняе, што нам трэба, гэта сітуацыя, калі Старая Еўропа ператворыцца з маяка стабільнасці і міру ў жупел вайны», – адзначае бельгійскае выданне.
Незадоўга да таго, як яго кандыдатура павінна была быць вылучана на пасаду прэзідэнта краіны ад Рэспубліканскай народнай партыі, мэр Стамбула Экрэм Імамаглу апынуўся за кратамі. У аўторак улады прызналі несапраўдным яго дыплом аб вышэйшай адукацыі, наяўнасць якой з’яўляецца неабходнай умовай для вылучэння на пасаду кіраўніка краіны. У правінцыі Стамбул уведзена забарона на сходы і абмежаваны доступ у інтэрнэт. Тым не менш, тысячы людзей выйшлі на вуліцы на знак пратэсту. Лонданская Financial Times разглядае гэты ход Эрдагана ў кантэксце апошніх разважанняў пра тое, што Еўразвяз і Турцыя павінны ўзмацніць сваё супрацоўніцтва.
«Крытыка з боку Еўропы, мяркуючы па ўсім, будзе гучаць не вельмі гучна – прыглушаная надзеямі на тое, што Турцыя зробіць значны ўклад у зніжэнне залежнасці кантынента ад Злучаных Штатаў у плане бяспекі. Менавіта разлік на гэта, у спалучэнні з вяртаннем Трампа ў Белы дом, магчыма, і пераканаў апарат Эрдагана ў тым, што ён можа дазволіць сабе ўзяць свайго суперніка на мушку. Яшчэ большы адкат ад дэмакратыі ў гэтай 85-мільённай краіне стаў бы яшчэ адным прыкрым сігналам таго, што Трамп 2.0 ставіць з ног на галаву ўсе міжнародныя адносіны – і ўзмацняе лідараў, якія робяць стаўку на аўтарытарызм», – піша брытанскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка






