BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Ведай нашых

Як Беларусь абыходзіць еўрасанкцыі. Чаму механізм вынятку актываў РФ выклікае рознагалоссі ў ЗША? Без надзеі на Надзеждзіна. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

Нямецкае выданне Wirtschaftswoche публікуе рэпартаж аб тым, як кампаніі, якія працуюць у Беларусі, паспяхова абыходзяць еўрапейскія санкцыі. У поле зроку выдання патрапіў вытворца варот «Алютэх», якая належыць сямейнай фірме Hörmann са Штайнхагена (Паўночны Рэйн-Вестфалія).

Пасля шырокамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну Hörmann аддае перавагу не афішаваць сваю дзелавую актыўнасць у Беларусі, але прадукцыя «Алютэха», будучы танней еўрапейскіх аналагаў, карыстаецца папулярнасцю сярод спажыўцоў. ЕЗ яшчэ ў сакавіку 2022 года забараніў увоз вырабаў са сталі з Беларусі і Расеі, але прадукцыя «Алютэха» (гаражныя брамы) працягваюць пастаўляцца ў Германію і іншыя краіны ЕЗ. Wirtschaftswoche высветліла, што вароты паступаюць у ЕЗ праз Літву, дзе дзейнічае даччынае прадпрыемства «Алютэха». Эксперты выдання выказалі здагадку, што «Алютэх» абыходзіць санкцыі, дэкларуючы сваю прадукцыю на мытні ў якасці вырабаў з алюмінію. У самім «Алютэх» такое меркаванне аспрэчылі і падкрэслілі, што не займаюцца падобнымі маніпуляцыямі. Факт, аднак, застаецца фактам: cанкцыйная прадукцыя з Беларусі трапляе ў ЕЗ», – адзначае нямецкае выданне.

Камітэт Сената ЗША падтрымаў законапраект аб канфіскацыі расейскіх актываў. Як перадае Reuters, дакумент мяркуе, што амерыканскі прэзідэнт зможа перадаваць канфіскаваныя сродкі Кіеву. Гаворка ідзе і пра заблакаваныя ў ЗША актывы расейскага ЦБ. Іх сума можа дасягаць $6 млрд. Цяпер дакумент павінен адобрыць увесь Кангрэс. Між тым многія парламентарыі, як пішуць СМІ, занепакоеныя законнасцю такога механізма. «Але еўрапейскія чыноўнікі», – прынамсі піша амерыканскае выданне Politico, – асцерагаюцца ўкараняць механізм канфіскацыі з-за прававых рызык і магчымага адтоку інвестараў. У лютым прадстаўнікі G7 павінны абгаварыць законнасць такой схемы. Пасля гэтага, заключае выданне, краіны ЕС, верагодна, пагодзяцца толькі “на першы крок” – падзяліць прыбытак ад актываў. У той жа час даходы, атрыманыя ад заблакіраваных расейскіх актываў, могуць замарозіць», – падкрэслівае амерыканскае выданне.

Прэзідэнцкая кампанія Барыса Надзеждзіна выклікала на Захадзе нечаканы ўсплёск чаканняў на перамены Расеі. «У рэальнасці «надзея на Надзеждзіна» выглядае наіўна. Сама меней. У кіраўніка знешняй разведкі Германіі (BND) Бруна Каля няма ілюзій наконт сітуацыі ў РФ», – адзначае нямецкая газета Fokus.

Пуцін не спалохаецца напасці на краіны НАТА. Важна засвоіць, што яго апетыты не абмяжоўваюцца Украінай. Пуцін трывала сядзіць у сваім крэсле і спадзявацца на змены ў Расеі не варта: нават калі ён выпадзе з акна або атрымае якую-небудзь іншую траўму, то знойдзецца дастаткова людзей, якія думаюць сапраўды гэтак жа, як ён, і будуць праводзіць тую жа палітыку. І вось ужо кіраўнік расейскага парламента папярэджвае аб трэцяй сусветнай вайне. Пуцін неаднаразова выкарыстоўвае гістарычныя параўнанні з Другой сусветнай вайной, каб апраўдаць свой напад на суседнюю краіну. Ён прыраўноўвае ўварванне ва Украіну па яго загаду да абароны Савецкага Саюза ад злачыннай захопніцкай вайны нацысцкай Германіі. Асабліва на юбілейных датах Масква для сваёй ваеннай прапаганды выкарыстоўвае аргумент «абароны памяці загінуўшых на вайне», – падкрэслівае нямецкае выданне.

У мінулы аўторак турэцкі парламент пераважнай большасцю прагаласаваў за ўступленне Швецыі ў НАТА. На працягу паўтара года Турцыя ўсяляк пярэчыла гэтаму рашэнню – зрэшты, спачатку тое ж самае мела месца і ў выпадку Фінляндыі. «Тактыка зацягвання сябе апраўдала», – ухваляе турэцкае кіраўніцтва праўрадавая газета Hürriyet.

«Швецыя змяніла сваю канстытуцыю ў тым, што тычыцца палажэнняў аб тэрарызме. Шэрагу членаў Рабочай партыі Курдыстана быў забаронены ўезд у Швецыю. У стаўленні ЗША атрымалася дасягнуць наступнага: памятаеце ўсе тыя бясконцыя дэбаты з нагоды паставак знішчальнікаў F-16? У гэтых адносінах Турцыя зробіць значны крок наперад, і неўзабаве мы ўсё гэта ўбачым. Падагульняючы, можна сказаць, што Турцыя аказала максімальнае супраціўленне, якое магла дазволіць сабе як член НАТА. І самае галоўнае: як сябры, так і ворагі ўбачылі, што Турцыя – краіна, якая ўмее падчас перамоваў гнуць сваю лінію», – канстатуе мясцовае праўрадавае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка