700 дзён Сяргей Ціханоўскі знаходзіцца ў поўнай ізаляцыі. ЗША і Украіна: зброя ў абмен на рэдказёмы? Трамп прапануе перадаць сектар Газа пад кантроль ЗША. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

«Роўна 700 дзён Сяргей Ціханоўскі, асуджаны на 18 гадоў калоніі, утрымліваецца ў рэжыме інкамунікада. Афіцыйнай інфармацыі пра ягл ў яго сям’і і адвакатаў няма амаль два гады», – перадае DW.
“Апошні раз я чула голас мужа больш за чатыры гады таму. У мяне было ўсяго пяць хвілін, каб падтрымаць яго, расказаць пра дзяцей, спытаць пра здароўе. Тады я яшчэ не ведала, што нам больш не дазволяць пагаварыць. Часта ўспамінаю той размову і думаю, што яшчэ магла б сказаць”, – напісала ў Telegram Святлана Ціханоўская. Сяргея Ціханоўскага затрымалі 29 траўня 2020 года падчас правядзення пікету па зборы подпісаў за вылучэнне ў якасці кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай. Праз два дні праваабаронцы прызналі блогера палітвязнем. Ён стаў першым палітвязнем Беларусі падчас падзеяў 2020 года. Праз паўтара гады яго асудзілі на падставе 4 артыкулаў крымінальнага кодэкса на 18 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Пазней Ціханоўскаму прызначылі яшчэ паўтара гады зняволення, абвінаваціўшы ў “злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы”. У маі будзе пяць гадоў, як Сяргей Ціханоўскі знаходзіцца ў зняволенні», – паведамляе DW.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што ў абмен на далейшую ваенную і фінансавую дапамогу Украіна павінна даць ЗША доступ да сваіх каштоўных карысных выкапняў. Падобную прапанову ўжо выказваў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў верасні мінулага года падчас прадстаўлення свайго плана перамогі. Ва Украіне ёсць паклады рэдказямельных элементаў, тытана і літыя. Лонданская The Daily Telegraph дзеліцца наступнымі разважаннямі.
«Утрыманне Украінай тэрыторый у Курскай вобласці можа паслужыць важкай разменнай манетай для аднаўлення здабычы карысных выкапняў на тэрыторыях поўдня Украны, над якімі ў Расеі няма поўнага кантролю. Украіна спадзяецца, што, як толькі мірнае пагадненне будзе заключана, наяўнасць гэтых выкапняў павысіць стратэгічную каштоўнасць краіны ў вачах Злучаных Штатаў і паспрыяе таму, што Вашынгтон забяспечыць дзейсныя гарантыі на выпадак патэнцыйнай агрэсіі Расеі. А паколькі Расея адмаўляецца сур’ёзна разглядаць магчымасць мірных перамоваў, непрыкрыты прагматызм Трампа можа нечакана пайсці на карысць Украіне», – піша брытанскае выданне.
Падчас візіту прэм’ер-міністра Ізраіля Біньяміна Нетаньяху ў ЗША прэзідэнт Дональд Трамп выступіў з ідэяй таго, каб ЗША ўзялі сектар Газа пад свой кантроль, з мэтай ліквідаваць наступствы баявых дзеянняў і ператварыць яго ў свайго роду “Рыўеру Блізкага Усходу”. Пазней Белы дом заявіў, што гаворка ідзе аб аднаўленні сектара і “часовым” высяленні людзей, якія там пражывалі. «Насамрэч Трамп пераследуе іншы план, пра які ён пакуль не распаўсюджваецца», – мяркуе румынскі партал Spotmedia.
«Калі і ёсць нешта, чаго Нетаньяху і Трамп хочуць больш за ўсё, дык гэта пагадненне пра нармалізацыю стасункаў з Саудаўскай Аравіяй. Магчыма, Трамп менавіта для гэтага праводзіць некаторыя лжывыя лініі перамоваў. Ён штучным чынам стварае праблемы, з тым каб усунуць удзельнікам свайго роду завышаную планку, якую яны затым маглі б панізіць. Выказванні Трампа былі такімі нечаканымі, скандальнымі і далёкімі ад рэальнасці, што яны могуць быць толькі часткай нейкага больш маштабнага плана. Ну а калі не, і калі Трамп казаў усё гэта сур’езна, то тады праблемы забяспечаны. Прычым усім бакам!», – падкрэслівае румынскае выданне.
Вось ужо амаль два тыдні грэчаскія Кікладскія выспы ў Эгейскім моры скалынае чарада землятрусаў. Эксперты з турботай пазіраюць на архіпелаг, а тысячы жыхароў і турыстаў пакінулі папулярны курортны вулканічны востраў Санторыні, дзе ў сераду адбыўся самы магутны на сённяшні дзень землятрус сілай 5,2 бала. Нікасійская Phileleftheros філасофствуе з нагоды адносін чалавека і прыроды.
«З аднаго боку, вера чалавека ў сваю здольнасць утаймоўваць прыроду вартая захаплення: людзі вераць, што могуць кантраляваць землятрусы, вулканы і цунамі. Таму яны ўкладваюць мільёны ў будаўніцтва на краі скал, над вулканамі. Што гэта? Наіўнасць, фанабэрыстасць ці аптымістычны настрой на тое, што, маўляў, усё абыдзецца? Надзея на тое, што мы можам выйграць час, выкарыстаўшы ў сваіх інтарэсах некранутую прыроду, спакой ці любыя іншыя цудоўныя ўласцівасці, якія яна прапануе. Але ці ўладныя мы над прыродай? Турысты спешна пакідаюць востраў, бізнесмены занепакоеныя тым, што сезон можа быць страчаны, а адданыя астравіцяне, якія ўкараніліся тут, спрабуюць абараніць сябе, не пакідаючы востраў», – піша грэчаская газета.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка






