У Сенат ЗША ўнесены законапраект аб прызнанні пратэрмінаваных беларускіх пашпартах. Выбары ў ЗША: Трамп зноў стане прэзідэнтам? Грузія: масавыя пратэсты супраць вынікаў выбараў. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

«Сенатар Бенджамін Кардын занёс у Сенат ЗША законапраект з працоўнай назвай Belarus and Russia Investments in Democratic Governance during Exile Act. Ён прадугледжвае меры падтрымкі для грамадзян Беларусі і Расеі, якія былі вымушаны з’ехаць са сваіх краін з-за палітычных рэпрэсій, – пішаDW.
«Як гаворыцца ў тэксце праекта закона, у выпадку яго прыняцця на працягу 90 дзён будзе распрацаваны працэс прызнання пратэрмінаваных беларускіх пашпартоў сапраўднымі для паездак у ЗША. Акрамя таго, прапануецца прызнаць грамадзян Беларусі асобамі “бяздомнай нацыянальнасці”, якія не могуць падацца на візу ў Беларусі. Адпаведна, пры прыняцці законапраекта, беларусы змогуць падавацца на амерыканскія іміграцыйныя і неіміграцыйныя візы ў любых іншых краінах ці краінах па зацверджаным пераліку, бо яны не могуць зрабіць гэта ў сябе на радзіме. Таксама прапануецца надаць беларусам статус часовай абароны (TPS) – ён прысвойваецца чалавеку па запыце і дае яму права жыць і працаваць у ЗША. У дакуменце змяшчаецца і заклік да Еўракамісіі выдаваць беларусам дакументы для здзяйснення міжнародных паездак. На дадзены момант законапраект перададзены ў Камітэт Сената па замежных справах. “Галасаванне па гэтаму праекту яшчэ не праводзілася, і наперадзе яшчэ дастаткова шмат этапаў, перш чым ён уступіць у законную сілу, але галоўнае, што пачатак яму ўжо пакладзены”, – тлумачыць DW.
Праз тыдзень у ЗША адбудуцца прэзідэнцкія выбары. Паводле апытанняў, у кастрычніку рэйтынгі Дональда Трампа сур’ёзна ўзраслі, і зараз ён фактычна ідзе крок у крок са сваёй канкурэнткай Камалай Харыс. Еўрапейская прэса задаецца пытаннем, што зрабіла магчымым такі рост папулярнасці Трампа – і што будзе азначаць яго патэнцыйнае вяртанне ў Белы дом. Партал wPolityce чакае, што ў выпадку перамогі Трампа той узмацніць ціск на Еўропу ў плане павелічэння выдаткаў на абарону.
«Незалежна ад розных стратэгічных і палітычных адзнак, Еўропа не ў стане рэзка павысіць свае выдаткі на абарону. Калі б краіны НАТА – без ЗША – захацелі выйсці на ўзровень выдаткаў на абарону ў тры працэнты ВУП, то гэта азначала б рост выдаткаў прыкладна на 200 мільярдаў даляраў. Гэта і тлумачыць тое, чаму эліты ў заходніх сталіцах асцерагаюцца магчымай перамогі Трампа. Опцыя ‘праехацца зайцам’ у пытаннях бяспекі мінае – і зараз трэба альбо радыкальна рэарганізаваць артыкулы выдаткаў, на што гатовыя толькі нешматлікія, – ці ж атлантычныя адносіны кардынальным чынам зменяцца», – піша польскае выданне.
У панядзелак увечары на вуліцы Тбілісі выйшлі дзясяткі тысяч людзей, якія пратэстуюць супраць абвешчаных вынікаў выбараў у парламент. Пад ціскам грамадскасці частка бюлетэняў будзе падлічана нанава. Раней Цэнтральная выбарчая камісія заявіла, што перамогу з 54 працэнтамі галасоў атрымала правячая нацыянал-кансерватыўная партыя “Грузінская мара”. Праеўрапейская апазіцыя заяўляе аб тым, што мелі месца маніпуляцыі і фальсіфікацыі. Турынская La Stampa мяркуе:
«У грамадзян Грузіі, якія выйшлі на вуліцы ў знак пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў галасавання, ёсць два варыянты: альбо пратэсты будуць задушаныя, як гэта адбылося з беларусамі ў 2020 годзе, альбо яны даб’юцца правядзення новых выбараў – што ўдалося ўкраінцам падчас Аранжавай рэвалюцыі 2004 года, на Майдане ў Кіеве, рэвалюцыі, якая паклала пачатак адмежаванню Украіны ад расейскай сістэмы. Галоўнай рысай расейскай сістэмы з’яўляецца нязменнасць і недатыкальнасць улады ва ўмовах кумаўскай алігархіі, у якой грамадзяне зведзены да ролі падданых. Грамадзяне Грузіі, якія выйшлі на вуліцы, асцерагаюцца, што Іванішвілі дзеля захавання ўлады гатовы прынесці ў ахвяру еўрапейскую перспектыву краіны – і выбраць аўтарытарызм, які непазбежна выведзе Тбілісі на пуцінскую арбіту», – піша італьянскае выданне.
У Балгарыі адбыліся яшчэ адны пазачарговыя парламенцкія выбары – сёмыя па ліку з 2021 года. Аналагічна вынікам галасавання ў чэрвені, на першае месца выйшла кансерватыўная партыя ГЕРБ, якую ўзначальвае Бойка Барысава. Набраўшы 26,4 працэнта галасоў, яна абагнала рэфарматарскі блок ПП-ДБ (Працягваем перамены – Дэмакратычная Балгарыя), за які прагаласавалі 14,2 працэнта выбаршчыкаў. На трэцяе і чацвёртае месца выйшлі ўльтраправая партыя Адраджэнне (13,4 працэнта) і Рух за правы і свабоды (11,2 працэнта), лідарам якога з’яўляецца алігарх Дэлян Пееўскі, які мае вельмі неадназначную рэпутацыю. «Сафія можа неўзабаве пачаць пазіраць на Маскву», – мяркуе венская Der Standard.
«Партыя, якая пакуль што выключалася – у якасці партнёра для фармавання кааліцыі, – гэта ‘Рух за правы і свабоды’ алігарха і медыямагната Дзяляна Пееўскага. У 2021 годзе Злучаныя Штаты ўвялі супраць яго санкцыі, ягоныя выведзеныя ў ЗША актывы былі канфіскаваныя. Як бы там ні было, Пееўскі спадзяецца, што пры правым і папулісцкім урадзе Трампа ён будзе выкраслены з санкцыйнага спісу. Калі пераможа Трамп, то Барысаў зможа разлічваць яшчэ і на пракрамлёўскія партыі Адраджэнне, правую – Веліч ці сацыялістаў. Бо пры Трампе Вашынгтон ужо не будзе аказваць ціску ў плане захавання Балгарыяй празаходняга курса», – адзначае аўстрыйская газета.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка






