BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Вірус вайны

  • Расея працягнула выратавальную лінію да беларускіх НПЗ з «чорнага спісу»
  • Як разрастаецца канфлікт на Блізкім Усходзе
  • Фіцо і Орбан: новы саюз?

«Расея дэ-факта паглынула два беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы ў свой уласны велізарны сектар перапрацоўкі цяпер, калі Еўропа і Украіна забаранілі імпарт з Беларусі, якая не мае выхаду да мора», – піша міжнароднае выданне The Energyintel.
«Перавалка беларускіх нафтапрадуктаў праз Расею цягам апошніх трох гадоў няўхільна расла і цяпер складае ў сярэднім каля 200 тыс. барэляў на суткі.
Сама Расея закупляе каля 20 тысяч барэляў на дзень беларускай прадукцыі, частка з якой субсідуецца Масквой – астатняе ідзе на рээкспарт, па сутнасці, як расейская прадукцыя. Маніторынг і колькасная ацэнка беларускіх патокаў будзе мець вырашальнае значэнне для атрымання больш дакладнай карціны ўласных балансаў нафты і прадуктаў Расеі цяпер, калі сектары дзвюх краін пераплецены як ніколі», – папярэджвае міжнароднае выданне.


У ноч на чацвер Іран нанёс ракетныя ўдары па аб’ектах у Пакістане. Паводле заявы іранскіх уладаў, гэта было зроблена ў мэтах ліквідацыі тэрарыстаў з суніцкай групоўкі Джэйш аль-Адль. Пакістанская армія ў даўгу не засталася і ў тую ж ноч ударыла ракетамі па тэрыторыі Ірана. У выніку абедзвюх атак загінулі людзі. Еўрапейская прэса аналізуе дзеянні Ірана на Блізкім Усходзе і перасцерагае аб небяспецы эскалацыі ў рэгіёне. «Іранскія ўдары па тэрыторыі Пакістана выклікаюць трывогу», – піша лонданскі штотыднёвік The Spectator.
«Ваенная акцыя Тэгерана не мае прамой ці відавочнай сувязі з цяперашняй вайной паміж Ізраілем і ХАМАС у Газе, аднак яна ніяк не ў стане рассеяць асцярогі наконт таго, што паступова ўвесь Блізкі Усход можа аказацца ўцягнутым у больш маштабны і непрадказальны канфлікт. Усё кажа аб тым, што ступень напружанасці і ўзаемнага недаверу на ўсім Блізкім Усходзе зашкальвае. Любое непаразуменне ці няправільнае дзеянне могуць папросту справакаваць шырокамаштабную вайну: з-за вайны ў Газе Ліван, Чырвонае мора, Емен, Ірак і Сірыя ператварыліся ў зоны канфлікту», – канстатуе брытанскае выданне.


Па выніках сустрэчы ў Будапешце прэмʼер-міністры Славакіі і Венгрыі Роберт Фіцо і Віктар Орбан заявілі пра тое, што іх краіны намацалі адмысловую сувязь. Па словах Орбана, узаемаадносіны паміж імі яшчэ ніколі не былі такімі трывалымі. Аглядальнікі разважаюць пра тое, што абʼядноўвае гэтых дваіх, а што – падзяляе. «Орбан не знойдзе ў асобе Фіцо моцнага ідэалагічнага саюзніка», – мяркуе будапешцкі штотыднёвік hvg.
«Орбану было лягчэй з Польшчай, таму што Яраслаў Качыньскі зрабіў сваім галоўным прынцыпам максімальнае дыстанцыяванне Польшчы ад Еўразвяза. Калі палякі абʼядналі намаганні з Орбанам па ідэалагічных меркаваннях, то ў выпадку Фіцо гатовасць да супрацы грунтуецца на іншых фактарах. Пасля перамогі цяперашняга славацкага прэмʼер-міністра на вераснёўскіх выбарах стала ясна, што Фіцо праводзіць куды больш асцярожную палітыку, чым яго венгерскі калега», – адзначае венгерскае выданне.


Прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон абвясціў аб прыняцці мер па паляпшэнні сітуацыі ў школах і прафілактыцы юнацкага гвалту. Сярод заяўленых мерапрыемстваў – павелічэнне колькасці ўрокаў па палітычнай асвеце, увядзенне тэатра як абавязковага прадмета, абавязковы ўдзел у праграме «Служэнне нацыі» для моладзі, а таксама ўвядзенне школьнай формы – пакуль на ўзроўні эксперыменту. Аглядальнікі скептычна ацэньваюць ініцыятыву прэзідэнта, шмат каго таксама вельмі раздражняе абвешчаны ім лозунг «Каб Францыя заставалася Францыяй», які некалі выкарыстоўваўся ўльтраправымі. «Новых хваляванняў наўрад ці ўдасца пазбегнуць», – папярэджвае нямецкая газета Frankfurter Allgemeine Zeitung.
«Пакет мер, прадстаўлены Макронам, зʼяўляецца прызнаннем таго, што Францыя страціла кантроль над часткай свайго грамадства. Калі Макрон заяўляе аб тым, што гэта ніяк не звязана з іміграцыяй, то ён зноў паўстае левым лібералам. Зразумела, дзяржава павінна ўтвараць і фармаваць сваіх грамадзян, якія падрастаюць, паводле сваёй канцэпцыі. Нямеччына таксама спрабуе рабіць гэта ў рамках інтэграцыйных класаў і курсаў. Аднак у ХХІ стагоддзі сітуацыя выглядае такім чынам, што многія мігранты і іх нашчадкі знаходзяцца пад моцным уплывам краін свайго паходжання. І меркаваць, што тут дапамогуць такія меры, як увядзенне школьнай формы ці тэатральныя пастаноўкі – хутчэй, наіўна», – іранізуе нямецкае выданне.

Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя