BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Вяртанне палітыкі сілы

Лукашэнка наўрад ці верыць у свой жа закон аб пажыццёвых гарантыях. Расея вядзе перамовы з Іранам пра куплю балістычных ракет малой дальнасці. Чаму абвастрыліся адносіны паміж КНДР і Паўднёвай Карэяй? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

У падпісаным Лукашэнкам 3 студзеня законе «Аб Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь» пазначана, што прэзідэнт Беларусі «валодае недатыкальнасцю», а пасля сыходу з пасады прэзідэнта «не можа быць прыцягнуты да адказнасці за дзеянні, здзейсненыя ў сувязі з ажыццяўленнем ім прэзідэнцкіх паўнамоцтваў». Гарантыі прадастаўляюцца і сям’і экс-прэзідэнта. «Наўрад, ці Лукашэнка верыць у такі дакумент. Не такі ён ужо наіўны чалавек», – заўважае французскае выданне RFI.

«Лукашэнка ў палітыцы не першы год, бачыў, як праходзілі транзіты ўлады ў іншых постсавецкіх краінах з падобнай палітычнай сістэмай. Лукашэнка цудоўна ведае, што адзіны добра працуючы сёння прынцып на постсавецкай прасторы для аўтарытарных рэжымаў – гэта транзіт улады ад бацькі да сына. Гэта добра спрацавала ў Азербайджане, гэта, відаць, добра працуе ў Туркменістане. Для Лукашэнкі вельмі важныя гарантыі захаваньня мадэлі, бо ён лічыць сябе стваральнікам беларускай дзяржавы. Лукашэнка пры гэтым узроставы цэнз не проста не панізіў, ён яго падвысіў з 35 да 40 гадоў. І гэта кажа пра тое, што, прынамсі, на дадзены момант трансфер улады ад Лукашэнкі Аляксандра да Лукашэнкі Мікалаю не плянуецца. Лукашэнка гэтым законам паказвае, што ён сур’ёзна задумаўся аб непазбежным сыходзе, але з адказнасцю. Людзі з МУС, КДБ разумеюць, што ад іх чакае Лукашэнка, таму і дзейнічаюць настолькі заўзята — з вялікай колькасцю затрыманых, абясшкоджаных, выяўленых і г. д. Тое ёсць сітуацыя нараджае яшчэ і дадатковую дынаміку. Спыняцца яны не збіраюцца», – піша французскае выданне.

«Расея плануе закупіць у Ірана балістычныя ракеты малой далёкасці, якія пашыраць магчымасці Масквы па нанясенні страт ўкраінскай інфраструктуры», – паведамляе амерыканская газета The Wall Street Journal.

«Жаданне Масквы набыць у Ірана ўзбраенне з’явілася ў сярэдзіне снежня 2023 года, калі прадстаўнікі расейскай дэлегацыі наведалі палігон у Тэгеране, дзе ім паказалі ракеты блізкага радыусу дзеяння «Абабіл». Раней пра гэты візіт расейскай дэлегацыі ў Іран не паведамлялася, але ён рушыў услед за паездкай у Тэгеран міністра абароны Сяргея Шайгу ў верасні 2023 года, які наведаў штаб Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі. ЗША «занепакоеныя» тым, што расейскія перамовы з Іранам наконт закупкі ракет «актыўна прасоўваюцца». Пастаўка можа адбыцца ўжо вясной 2024 года, але амерыканскія чыноўнікі пакуль не вераць, што здзелка завершана. Набыццё іранскіх ракет разам з пастаўкамі балістычных ракет з Паўночнай Карэі дадуць расейскім войскам новыя магчымасці ў нанясенні ўдараў па ўкраінскай інфраструктуры і руйнаванні ўкраінскай СПА. Таксама ЗША асцерагаюцца, што расце супрацоўніцтва Расеі з Тэгеранам, умацуе ваенны патэнцыял Ірана на Блізкім Усходзе і патэнцыйна забяспечыць падтрымку яго эканомікі, абмежаванай санкцыямі», – паведамляе амерыканскае выданне.

Паўднёвая Карэя заявіла аб ракетным абстрэле з боку КНДР. Улады эвакуіравалі насельніцтва двух прымежных выспаў. Усяго, паводле заяваў Сеула, было выпушчана 200 артылерыйскіх снарадаў. Яны ўпалі ў марскую буферную зону непадалёк ад фактычнай мяжы дзвюх краін. У адказ паўднёвакарэйскія вайскоўцы правялі там вучэнні. Улады паабяцалі рэагаваць на такія інцыдэнты пры каардынацыі ЗША.

«Буферная зона, куды ўпалі паўночнакарэйскія ракеты, з’явілася пяць гадоў таму ў адпаведнасці з пагадненнем, якое падпісалі Пхеньян і Сеул. Яно было заклікана зменшыць напружанасць на мяжы. У 2023 годзе Паўднёвая Карэя прыпыніла дзеянне дакумента ў адказ на запуск ваеннага спадарожніка КНДР. Пасля гэтага паўночнакарэйскія ўлады вырашылі поўнасцю выйсці з пагаднення. У абстрэле няма нічога незвычайнага — зараз Пхеньян праводзіць вучэнні. Але кантэкст выклікае заклапочанасць. Апроч адмовы ад пагаднення, нядаўна лідэр КНДР Кім Чэн Ын публічна заявіў, што больш не будзе імкнуцца да прымірэння і ўз’яднання з Паўднёвай Карэяй. Ён сказаў, што адносіны дзвюх краін сталі варожымі і прыгразіў ядзернай зброяй, калі Вашынгтон і Сеул распачнуць спробу ваеннай канфрантацыі з Пхеньянам», – паведамляе амерыканскае выданне CNN.

Рост няроўнасці ва ўсім свеце, кліматычны крызіс, войны ва Украіне і на Блізкім Усходзе і, ужо амаль забытыя, канфлікты ў Емене і Судане, рост антыдэмакратычных сіл: спіс бягучых крызісаў і войнаў доўгі, а рашэнняў амаль не прадбачыцца. Няўжо 2024 год стане канцом эпохі міжнародных намаганняў па забеспячэнні міру і справядлівасці? Швейцарская газета Neue Zürcher Zeitung са шкадаваннем канстатуе нестабільнасць сітуацыі ў свеце.

«Аўтакраты многіх краін планеты больш не баяцца рабіць штосьці, што парушае міжнароднае права. Мы вярнуліся ў эпоху чыстай сілавой палітыкі, у якой тое, што законна, а што не, вызначаецца наймацнейшым. Гэта эпоха, у якую войны зноў стануць нормай – войны за перакройванне межаў або валоданне рэсурсамі, войны, якія адразу ж набываюць міжнародны маштаб. Чым далей, тым большыя міжнародныя арганізацыі і суды губляюць свой уплыў і значнасць. Дэмакратычным краінам, якія не жадаюць жыць у свеце, дзе ўсё вызначае толькі ўлада наймацнейшых, не застаецца іншага выбару, акрамя як аб’яднацца – і пашырыць сваё саюзніцтва з ЗША», – адзначае швейцарскае выданне.

Беларускае Радыё Рацыя