BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Вяртанне страху

  • Сумы выплат Беларусі па дзярждоўгу ў 2025 годзе роўныя амаль трэці бюджэту
  • 35 гадоў таму ўпала Берлінская сцяна: свет зноў падзелены?
  • Якія кадравыя перастаноўкі плануе правесці Дональд Трамп?

У 2025 годзе Беларусі трэба заплаціць за дзярждоўг каля 15 млрд рублёў – а гэта амаль траціна выдаткаў бюджэту. “Ці нясе гэта рызыкі для эканомікі Беларусі?”, – задаецца пытаннем DW і прыводзіць актуальныя меркаванні экспертаў BEROC, агучаных падчас прэзентацыі “Маніторынгу эканомікі Беларусі”.

Рызыкі ёсць, гэта значныя выплаты. Але ў значнай частцы доўг плануецца рэфінансаваць. Гэта рызыкі хутчэй палітычнага характару, і іх можна ацэньваць як невысокія. У цэлым прадстаўлены план бюджэту на 2025 год выглядае даволі збалансаваным. Не складае вялікай праблемы і дэфіцыт, яго плануюць закрываць за кошт сродкаў на рахунках урада, а іх зараз дастаткова. Эксперты звяртаюць увагу на тое, што каля 10% даходаў бюджэту – “бязвыплатныя паступленні ад замежных дзяржаў. І гэта ад Расеі, хутчэй за ўсё. Але зноў жа гэта рызыкі палітычныя. Па практыцы апошніх двух гадоў, план і факт пагашэння знешніх даўгоў адрозніваюцца. Мінфін закладвае, што будзе максімум, але пакуль захоўваецца кан’юнктура, калі можна на расейскую частку папрасіць адтэрміноўку, калі рэфінансаваць не ўдасца. Там падслана саломка, якая з першагу погляду і невідавочная», – перадае DW.


Увечары 9 лістапада 1989 года ўлады ГДР адкрылі памежныя пераходы з ФРГ і Заходнім Берлінам. Менш чым праз год падзел Нямеччыны быў пераадолены, а канфлікт паміж Усходам і Захадам, здавалася, застаўся ў мінулым. На фоне гадавіны гэтай гістарычнай даты еўрапейская прэса крытычна аналізуе старыя і новыя раздзяляльныя лініі. «Ад аптымізму, які запанаваў пасля падзення Берлінскай сцяны, не засталося і следу», – канстатуе La Tribune de Genève.

«Логіка супрацьстаяння двух блокаў у той момант была пераадолена. Канцэпцыя ядзернай вайны перамясцілася ў мастацкую літаратуру і падручнікі гісторыі, а Еўразвяз няўхільна пашыраўся на ўсход, абяцаючы трывалы мір на кантыненце. А ў выніку, праз 35 гадоў і нават яшчэ да вяртання Трампа да ўлады, свет апынуўся ў стане большай палярызацыі, чым ён быў з часу падзення “жалезнай заслоны”. Вайна з пуцінскай Расеяй, якая імкнецца да гегемоніі, – ужо каля парога Швейцарыі, а над светам зноў навісла ядзерная пагроза. Фаза аптымізму, якая рушыла пасля падзення Берлінскай сцяны, прайшла незваротна, а бесклапотныя часы зараз здаюцца зусім далёкімі”, – піша швейцарскае выданне.


Чыноўнікі ў ЗША рыхтуюцца да масавых кадравых чыстак, якія абяцае зладзіць Дональд Трамп. CNN піша, што сярод федэральных служачых распаўзаецца страх. Яны баяцца вяртання да так званай сістэмы трафеяў, калі высокія пасады атрымліваюць прыхільнікі прэзідэнта, а не спецыялісты, якія могуць добра выконваць сваю працу незалежна ад змены адміністрацыі Белага дома. Самыя вялікія рызыкі застацца без працы ў супрацоўнікаў Пентагона, Трамп ужо паабяцаў звольніць “генералаў, якія прачнуліся”.

Яшчэ ў свой першы прэзідэнцкі тэрмін Дональд Трамп высмейваў дзяржслужачых і вайскоўцаў. Тады шмат хто звольніўся, а тыя, хто засталіся, проста імкнуліся выстаяць да новых выбараў. Цяпер абраны прэзідэнт, верагодна, адновіць дзеянне свайго ўказа, падпісанага ў 2020 годзе, які дае яму права ініцыяваць масавыя звальненні беспартыйных федэральных служачых. Чыстка можа стаць найбуйнейшай з часоў канца XIX стагоддзі, калі палітычная партыя, якая перамагла, аддавала дзяржаўныя пасады сваім прыхільнікам, а ўсіх нелаяльных звальнялі. Гэтая практыка атрымала назву “сістэма трафеяў”. Першым пад удар можа патрапіць Міністэрства абароны: менавіта вайскоўцы паказалі сябе як самыя лютыя крытыкі Трампа. Адной з першых мэт можа стаць цемнаскуры кіраўнік генштаба ўзброеных сіл Чарльз Браўн: ён публічна разважаў аб тым, як цяжка амерыканцам з цёмным колерам скуры уздымацца па кар’ерных прыступках у войску. Тым часам некалькі чалавек, наадварот, чакаюць павышэння пасля інаўгурацыі Дональда Трампа. Том Хоман, былы выконваючы абавязкі дырэктара Іміграцыйнай і мытнай службы, стане “каралём мяжы”. Так абраны прэзідэнт вызначыў будучае прызначэнне. Хоман будзе адказваць не толькі за памежны кантроль, марскую і авіяцыйную бяспеку, але і за дэпартацыю нелегальных мігрантаў. Трамп ужо заявіў, што не плануе запрашаць у каманду ані пост-старшыні ЗША пры ААН Нікі Хэйлі, ні былога дзяржсакратара Майка Пампеа», – адзначае амерыканскае выданне Politico.


У Баку праходзіць Сусветная кліматычная канферэнцыя COP29. Роўна 180 гадоў таму менавіта ў прыгарадзе азербайджанскай сталіцы была паспяхова прасвідравана першая ў свеце нафтавая свідравіна. У цэнтры ўвагі канферэнцыі стаіць пытанне аб тым, як забяспечыць фінансаванне агульнасусветных мер па абароне клімату – тым больш што пасля абрання Дональда Трампа на безумоўную падтрымку Злучаных Штатаў у гэтым плане спадзявацца не варта. «Калі ЗША сыдуць з сусветнай кліматычнай палітыкі, то іх месца можа заняць Кітай», – мяркуе венская Die Presse.

«Толькі вельмі нямногія вераць, што Вашынгтон можа справакаваць хвалю выхадаў краін з Парыжскай дамовы. Самому Трампу не ўдалося зрабіць гэта яшчэ ў 2017 годзе. Магчыма, такі крок нават, наадварот, надасць імпульс перамовам, – як ужо выказаў здагадку Дэвід Уоскау з Інстытута сусветных прыродных рэсурсаў. Кітай, найбуйнейшы ў свеце «зялёны» пастаўшчык, мог бы заняць сваё месца пад сафітамі – і ўзяць на сябе больш адказнасці. У выніку гэтага Пекін можа набыць падвойную выгаду: з аднаго боку, такі паварот прынясе Кітаю ўхвалу з боку Захаду. А па-другое, што тычыцца глабальнай кліматычнай палітыкі, Кітаю такім чынам будзе лягчэй рэалізоўваць свае ўласныя ідэі», – прапануе аўстрыйскае выданне.

Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя