BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Войны рэсурсаў

Польскі суддзя збег у Беларусь – „удар пад дых” Варшаве? Шайгу больш не міністр абароны ў Расеі. Сустрэча Эрдагана і лідара апазіцыі Озеля. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Кіраўнік юрыдычнага аддзела Нацыянальнай рады суддзяў Польшчы папрасіў прытулку ў Беларусі. Цяпер ён дае інтэрв’ю беларускім СМІ і вядзе прапаганду на карысць Лукашэнкі. Чаго трэба баяцца Варшаве?», – задаецца пытаннем DW.

Тысячы жыхароў Беларусі ў апошнія гады збеглі ў Польшчу, ратуючыся ад палітычных рэпрэсій з боку лаяльнага Маскве рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Польскі суддзя Томаш Шміт абраў супрацьлеглы накірунак. У Польшчы былі зусім здзіўленыя, калі ў пачатку траўня Шміт з’явіўся на прэс-канферэнцыі ў беларускім дзяржаўным інфармацыйным агенцтве БелТА, дзе заявіў, што асабіста папрасіў беларускага кіраўніка Лукашэнку пра „апеку і абарону”.

Для беларускіх эмігрантаў у Польшчы некаторыя словы Шміта сталі насмешкай: Беларусь – “адкрытая і дружалюбная краіна”? Польская пракуратура абвінаваціла Шміта ва ўдзеле ў інфармацыйнай вайне супраць Польшчы. Томаш Шміт – дастаткова вядомы чалавек у Польшчы. Томаш Шміт і яго калегі з Мінюста забяспечвалі жонку Шміта канфідэнцыйнымі звесткамі аб апазіцыйных суддзях, а Эмілія Шміт выкарыстоўвала гэтыя матэрыялы для сваіх пастоў у паклёпніцкай кампаніі ў сацыяльных сетках супраць суддзяў, якія выступалі супраць палітызацыі судовай сістэмы. Уцёкі суддзі яшчэ больш абвастрылі палітычны канфлікт паміж польскім левацэнтрысцкім урадам і нацыянал-кансерватыўным лагерам. За месяц да выбараў у Еўрапарламент абодва палітычныя блокі ідуць нароўні адзін з адным. Судзячы па рэакцыі польскіх палітыкаў, уцёкі Шміта сталі для іх поўнай нечаканасцю і правалам новай сакрэтнай службы, падсправаздачнай прэм’ер-міністру”, – наракае DW.

Пачаўшы свой пяты прэзідэнцкі тэрмін, Пуцін зняў з пасады міністра абароны Сяргея Шайгу, які ўзначальваў гэтае ведамства з 2012 года, і прызначыў на гэтую пасаду Андрэя Белавусава, які раней займаў крэсла першага віцэ-прэм’ера. Прэса разважае пра тое, чаму ў разгар вайны супраць Украіны Крэмль паставіў на чале войска грамадзянскую асобу, ды яшчэ і эканаміста.

«Прызначэнне на пасаду кіраўніка ваеннага ведамства грамадзянскага спецыяліста, які разбіраецца ў эканоміцы, – гэта зусім не знак разрадкі, а зусім наадварот – прыкмета намеру весці працяглую вайну», – так ацэньвае перастаноўку турынская La Stampa.

«Выступаючы ўчора ў Думе, новы першы віцэ-прэм’ер Дзяніс Мантураў заявіў, што расейскія абаронна-прамысловыя прадпрыемствы з 2023 года прыцягнулі больш за 500 тысяч чалавек, на вытворчасць ваеннай прадукцыі былі перапрафіляваныя каля 850 грамадзянскіх прадпрыемстваў, а заработная плата супрацоўнікаў вырасла на 30-60 працэнтаў. Ваенізаваная эканоміка патрабуе таго, каб на чале кута стаяў міністр, які звёў бы разам прадпрыемствы, войска і ўрад – у якасці падрыхтоўкі да таго, што пасля выдзялення Украіне амерыканскай дапамогі ператвараецца ў вайну сродкаў і рэсурсаў. Зяленскі робіць стаўку на Захад, Пуцін – на аўтаркію савецкага ўзору», – піша італьянскае выданне.

Упершыню за восем гадоў Эрдаган сустрэўся з прадстаўніком Рэспубліканскай народнай партыі – найбуйнейшай апазіцыйнай сілы краіны. Што менавіта абмяркоўвалі прэзідэнт Турцыі і лідар РНП – невядома. Тым не менш іх сустрэча выклікала цэлую буру на старонках мясцовай прэсы. «Эрдаган робіць стаўку на нармалізацыю, паколькі нічога іншага яму проста не застаецца», – адзначае стамбульская Birgün.

«Прэзідэнцкі рэжым перажывае сур’ёзныя цяжкасці. Ні ад фінансавых колаў, ні ад заходніх лідараў ён не можа атрымаць таго, што жадае. Параза 31 сакавіка, адмена візіту ў Белы дом, адсутнасць грашовых паступленняў з-за мяжы – усе гэтыя фактары, якія накладаюцца адзін на аднаго, змушаюць палац усяляк манеўраваць. Рэжым даў расколіну. Эрдаган спрабуе выкарыстаць усе магчымасці для кансалідацыі ўласнай улады. Пры гэтым ён шукае падтрымкі як у сябе ў краіне, гэтак і за мяжой. Сваёй «стратэгіяй разрадкі» ён спрабуе забіць некалькіх зайцоў адразу», – піша турэцкае выданне.

Сацыялістычная партыя Каталоніі (PSC) упершыню атрымала перамогу на рэгіянальных выбарах у Каталоніі. Сепаратысцкія партыі пазбавіліся абсалютнай большасці, якой валодалі раней: партыя Левыя рэспубліканцы Каталоніі, якая стаяла ў руля рэгіёна да выбараў, апынулася толькі на трэцім месцы, нават ззаду кіруемай Карласам Пучдэмонам партыі «Разам за Каталонію». Аглядальнікі абмяркоўваюць прычыны перамогі сацыялістаў і разважаюць пра тое, ці не варта лідару PSC Сальвадору Іллі рушыць услед прыкладу кіраўніка цэнтральнага ўрада Педра Санчэса – і зрабіць стаўку на супрацоўніцтва з сепаратыстамі. На думку партала Eldiario.es, правядзення рэферэндуму аб незалежнасці выключаць нельга.

«Каталонская праблема» была цэнтральным кампанентам дзяржаўнай палітыкі Іспаніі з пачатку ХХ стагоддзя, – і яна заўсёды была свайго роду важным водападзелам. Так, на самароспуск Іспаніі разлічваць не варта. Але калі Левыя рэспубліканцы Каталоніі заключаць дамову з Сацыялістычнай партыяй Каталоніі аб сумесным кіраванні, то тады яны змогуць аказаць ціск на Пэдра Санчэса. Сцэнар, пры якім іспанскі ўрад пагадзіўся б на правядзенне рэферэндуму аб незалежнасці, вынікі якога былі б абавязковыя да выканання, можа здацца ўтопіяй, але іспанская палітыка пры Санчэсе не раз падносіла нам дзіўныя неспадзеўкі. Сістэмы дзейнічаюць тактычна – хаця б дзеля таго, каб забяспечыць сваё выжыванне», – піша гішпанскае выданне.

Беларускае Радыё Рацыя