BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Вось і партнёры…

Святлана Алексіевіч: Тое, што адбываецца ў Беларусі, — гэта фашызм. ISW: Пра планы Пуціна ў выпадку спынення дапамогі ад Штатаў. Як у свеце адрэагавалі на сварку прэзідэнтаў ЗША і Украіны? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

“Нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч прыехала на кніжны кірмаш у Вільні і ўзяла ўдзел у дыскусіі «Ці можа мастацтва быць дыпламатычным мостам?». Таксама Алексіевіч сустрэлася з беларускай дыяспарай у Вільні. 1 сакавіка з пісьменніцай паразмаўляла кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету Святлана Ціханоўская”, – перадае Polskie Radio.

“Падчас сустрэчы палітык уручыла Алексіевіч Крыж Адраджэння – за шматгадовую працу, значны ўнёсак у нацыянальнае адраджэнне і развіццё Беларусі праз дзейнасць у сферы культуры. Пасля гэтага нобелеўская лаўрэатка паехала на кніжны кірмаш, дзе ўзяла ўдзел у дыскусіі «Ці можа мастацтва быць дыпламатычным мостам?»/ «Мы, беларусы, цяпер апынуліся, бадай, у найцяжэйшым моманце нашай гісторыі. Тое, што адбываецца ў нас, гэта страшней за Сталіна. У нас гуманітарная катастрофа. Тое, што адбылося ў нас, калі мы не заўважылі, як гэта не заўважылі і ў Расеі, калі пасля эйфарыі свабоды, нібыта свабоды, у краіну стаў запаўзаць фашызм. Тое, што адбываецца ў Расеі, што адбываецца ў нас, – гэта фашызм»”, – цытуе Святлану Алексіевіч польскае радыё. 

«Украінскія войскі, абапіраючыся на істотную дапамогу ЗША, наносяць расейскім сілам непасільныя страты, дасягаючы пры гэтым нязначных поспехаў. Гэтая сітуацыя ў спалучэнні з сур’ёзнымі праблемамі, з якімі РФ сутыкнецца ў 2025-м, дае ЗША вялікія рычагі ўплыву на мірныя перамовы», – пішуць аналітыкі ISW.

«Прыпыненне ваеннай дапамогі Украіне з боку ЗША падштурхне Уладзіміра Пуціна да далейшага ўзмацнення жорсткасці патрабаванняў і падагрэе яго перакананасць у тым, што ён можа дабіцца поўнай перамогі з дапамогай вайны. Украінскія сілы выкарыстоўвалі ваенныя сістэмы, якія  пастаўля ЗША,  уключаючы сістэмы СПА Patriot і сістэмы далёкага ўдару HIMARS і ATACMS, для абароны ад начных удараў расейскіх дронаў і ракет, ускладненні расейскай лагістыкі, парушэнні абароннай прамысловай базы суперніка. Намаганні Украіны, якія падтрымліваюцца пастаянным патокам заходняй дапамогі, значна замарудзілі прасоўванне Расеі, нанеслі значныя страты расейскаму персаналу і тэхніцы, а таксама падарвалі намаганні РФ па забеспячэнні эканамічнай і ўнутранай стабільнасці ва ўмовах узрастаючага ціску вайны. Украіна, ЗША і іх заходнія саюзнікі маглі б выкарыстаць сітуацыю для атрымання саступак ад Пуціна падчас мірных перамоваў. Крэмль, верагодна, актывізуе сваю ваенную кампанію ва Украіне і паспрабуе выкарыстоўваць любую затрымку або спыненне амерыканскай ваеннай дапамогі – як гэта было зроблена вясной 2024 года. Спыненне дапамогі Украіне нясе зніжэнне ўплыву ЗША ў свеце і ўзмацненнем іх супернікаў. Расея, Іран, Паўночная Карэя і Кітай сфаравалі блок. Яны накіраваны на паразу ЗША і іх саюзнікаў. Аднак еўрапейскія краіны па-ранейшаму гатовы падтрымліваць Украіну. Зяленскі прыняў удзел у еўрапейскім абаронным саміце ў Лондане 2 сакавіка, каб абмеркаваць мірныя планы ва Украіне і пытанні сумеснай абароны», – піша амерыканскае спецыялізаванае выданне.

CNN са спасылкай на крыніцу, якая была датычная да абмеркавання «рэсурснай» здзелкі, піша, што спецпасланнік ЗША першапачаткова рэкамендаваў Зяленскаму не сустракацца з Трампам. Кіт Келлог, у прыватнасці, раіў украінскаму лідару спачатку ўмацаваць двухбаковыя адносіны. Але ў Кіеве настаялі на візіце ў Вашынгтон, заключае тэлеканал. CBS News дадае, што цяпер амерыканская адміністрацыя засумнявалася, што ўвогуле зможа ўрэгуляваць ваенны канфлікт. «Цяпер перспектывы Кіева гэтак жа змрочныя, як і ў любы дзень вайны», – піша Bloomberg.

«Еўрапейцы збіраюць аскепкі і мяркуюць, падтрымліваць ім Кіеў у адзіночку або заключыць здзелку з Трампам, хай і ў шкоду палітычнай будучыні Зяленскага. У Белым доме меркаванні падзяліліся. Адны дарадцы пераканаліся ў сваёй рацыі: прэзідэнцтва Байдэна збалавала Зяленскага, а зараз з ім скончана. Іншыя пярэчаць: ЗША занадта шмат уклалі ва ўрэгуляванне і не адступяць: проста ўзмоцняць ціск на Кіеў і будуць пазбягаць кантактаў асабіста з Зяленскім», – піша амерыканскае выданне.

«У Расеі ўрад Валагодскай вобласці створыць маладзёжную арганізацыю пад назвай “Апрычнікі”. Пастанова пра яе стварэнні апублікавана на партале афіцыйных актаў», – піша LRT.

Мэтай “Апрычнікаў”, як указана ў дакуменце, стане “фармаванне сістэмы маральных і сэнсавых арыенціраў моладзі, фармаванне і ўмацаванне агульнарасейскай грамадзянскай ідэнтычнасці грамадзян”. “Апрычнікі” будуць праводзіць культурна-гістарычныя, грамадска карысныя, спартыўныя і іншыя мерапрыемствы. Губернатар Валагодскай вобласці Георгій Філімонаў вядомы сваімі рэзка кансерватыўнымі поглядамі. У снежні 2024 года ён прысутнічаў на адкрыцці ў Волагдзе помніка Сталіну і заявіў, што плануе таксама ўсталяваць помнік цару Івану Грознаму. Вядома, што апрычнікі, або апрычнае войска – у XVI стагоддзі  – асабістая гвардыя цара Івана Грознага. Іх адметнымі знакамі былі сабачая галава на шыі ў каня і мятла на пугавішчы. Яны займаліся рэпрэсіямі па прамым указанні цара, канфіскацыяй маёмасці яго меркаваных ворагаў і супернікаў на карысць дзяржавы, ажыццяўлялі масавыя пакаранні. Фактычна дзейнасць апрычнікаў можна назваць дзяржаўным тэрорам», – цытуе незалежных расейскіх гісторыкаў літоўскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка