BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Выбудаваць раўнавагу

Еўрапейскія дыпламаты прыйшлі да будынка Менскага гарадскога суда, каб падтрымаць журналіста Ігара Ільяша. Нямеччына напярэдадні выбараў. Макрон едзе да Трампа: чаго чакаць Еўропе?

Здымак ілюстрацыйны

«Еўрапейскія дыпламаты прыйшлі да будынка Мінскага гарадскога суда, каб падтрымаць журналіста Ігара Ільяша», – перадае DW.

“Свабода слова павінна быць гарантаваная”. Журналістыка – гэта не злачынства. Цяпер у Беларусі за кратамі знаходзяцца 39 супрацоўнікаў СМІ. Усе палітычныя зняволеныя павінны быць вызваленыя неадкладна і безумоўна”, – заявіла ў Facebook прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі. Да акцыі далучыліся дыпламаты Аўстрыі, Чэхіі, ЕЗ, Фінляндыі, Бельгіі, Нідэрландаў, Швецыі, Славакіі і Вялікабрытаніі. Справу Ігара Іліяша 21 лютага разглядае Менскі гарадскі суд. Яго абвінавачваюць у “дыскрэдытацыі Беларусі” і “садзейнічанні экстрэмізму”, – перадае DW.


У нядзелю ў Нямеччыне пройдуць датэрміновыя выбары ў бундэстаг. Паводле дадзеных апошніх апытанняў, саюз ХДС/ХСС апярэджвае правапапулісцкую партыю АдГ з вынікам 30 працэнтаў супраць 20. СДПГ, канцлер ад якой пакуль што ўзначальвае ўрад, можа атрымаць каля 15 працэнтаў, а партыя Зялёныя – ад 13 да 14 працэнтаў. Акрамя таго, шанцы прайсці ў бундэстаг ёсць і ў партыі Левыя (6-8 працэнтаў), СвДП (4-5 працэнтаў) і Саюза Сары Вагенкнехт (4-5 працэнтаў). Што стаіць на коне – для Германіі і для Еўропы? «Ускосным чынам нямецкія выбаршчыкі выкажуць і сваю пазіцыю наконт новых павеваў з Вашынгтона», – тлумачыць парыжская Libération.

«Міжнародны кантэкст, у якім разгортваюцца выбары ў бундэстаг, надае ім куды большае значэнне, чым тое, якое яны да гэтага часу мелі. У нядзелю асаблівая ўвага будзе прыкавана да ўздыму ўльтраправых. Вынік, якога даб’ецца АдГ, акрамя ўнутрыпалітычнага складніка – перш за ўсё ў тым, што тычыцца міграцыйнага пытання, – стане яшчэ і індыкатарам устойлівасці Германіі ў адносінах да несуцяшальных палітычных тэндэнцый у Злучаных Штатах. Адмысловую ролю тут гуляе і той факт, што Ілон Маск і віцэ-прэзідэнт Джэй Ды Вэнс выказалі сваю падтрымку нямецкай ультраправай партыі», – піша французскае выданне.


У панядзелак прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон адправіцца з візітам у Вашынгтон, каб правесці кансультацыі з прэзідэнтам Трампам па пытанні Украіны. Напярэдадні сустрэчы Макрон заявіў аб тым, што ён мае намер пераканаць Трампа больш цесна супрацоўнічаць з Еўропай у тым, што тычыцца спынення вайны РФ супраць Украіны. Акрамя таго, прэзідэнт Францыі збіраецца перасцерагчы кіраўніка Белага дома ад таго, каб той вёўся на вуду Пуціна. Брусэльская De Morgen выступае за моцную Еўропу.

«Баланс сіл – зараз гэта адзіны шлях, які дазволіў бы сесці за стол перамоваў на роўных. Гэтаму нас навучыла халодная вайна. У 1975 годзе 35 краін з сапернічаючых адзін з адным Усходняга і Заходняга блокаў змаглі заключыць тагачасныя Хельсінскія пагадненні, якія ўключалі ў сябе дамоўленасці па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. У кантэксце тагачаснай ідэі вельмі недальнабачна з боку Расеі апрыёры адхіляць як “непрымальную” прапанову аб адпраўцы ва Украіну еўрапейскага міратворчага кантынгенту. Так, у кароткатэрміновай перспектыве – гэта наша пуга, але і пернік таксама – бо толькі моцная Еўропа здольная прапанаваць гарантыі стабільнасці ў нашым агульным суседстве», – піша бельгійскае выданне.


Ізраіль рыхтуецца наступаць на Заходнім беразе пасля выбухаў недалёка ад Тэль-Авіва. Па дадзеных газеты “Маарыў”, “Хамас” рыхтаваў тэракт і ўсталяваў бомбы ў трох аўтобусах. Але таймеры былі настроены няправільна: час “да” і “пасля поўдня” пераблытана, так што выбухі адбыліся не ў гадзіну пік, а ўначы. Ніхто не пацярпеў. На гэтым фоне прэм’ер Біньямін Нетаньяху загадаў пачаць маштабную аперацыю на Заходнім беразе Іардана. Іншая пагроза спыненню агню – сітуацыя вакол абмену палоннымі. Напярэдадні групоўка перадала целы чатырох заложнікаў, гэта ў тым ліку хлопчыкі Арыэль і Кфір Бібас, а таксама іх маці Шыры. Але ізраільскія вайскоўцы сцвярджаюць, што целы жанчыны сярод астанкаў няма і абвінавачваюць баевікоў ва ўсвядомленай правакацыі. Газета Haaretz адзначае, што перадача целаў закладнікаў узмацніла абурэнне тым, як урад Ізраіля спраўляецца з крызісам. “Суразмоўцы выдання называюць дзеянні “Хамаса” наўмыснымі псіхалагічнымі маніпуляцыямі, накіраванымі на паглыбленне рознагалоссяў у грамадстве і падрыў даверу да ўладаў. Апазіцыя абвінавачвае прэм’ер-міністра Біньяміна Нетаньяху ў тым, што ён робіць стаўку на ваенныя дзеянні ва ўрон перамовам. Аднак прыхільнікі жорсткай лініі сцвярджаюць, што такая пазіцыя неабходна, каб «Хамас» не выкарыстоўваў закладнікаў як інструмент ціску ў будучыні”, – піша ізраільскае выданне.

Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя