Што чакае Беларусь пасля мірных перамоваў? Сыравінная здзелка паміж ЗША і Украінай сарвалася. Месца Еўропы ў перафарматаваным свеце. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

«Спыненне агню ва Украіне створыць як мноства рызык, так і новыя магчымасці для беларускіх уладаў», – прыводзіць меркаванне аналітыка Арцёма Шрайбмана DW.
«Зараз улады Беларусі спрабуюць уклініцца ў перамовы. Адсюль – вызваленне некаторых палітвязняў і спроба прыцягнуць да сябе ўвагу ЗША. Адна з важных задач для афіцыйнага Менска – не аказацца забытым у працэсе зняцця санкцый. У гэтым сцэнары Лукашэнка вызначана паспрабуе актываваць сваю двухбаковую дыпламатыю з ЗША. Але таксама яму будзе трэба актываваць адносіны з ЕЗ – тады мы можам убачыць хутчэйшую амністыю палітвязняў. Шрайбман падкрэслівае, што найважнейшая невядомая для Беларусі – як Расея бачыць тэрыторыю краіны ў сваім пасляваенным планаванні. Можа быць нейкае пагадненне не разгортваць войскі на тэрыторыі Беларусі ў якасці меры па ўмацаванні даверу ў рэгіёне. А можа быць і далейшая мілітарызацыя Беларусі Расеяй. Таму відавочна, што многае, калі не ўсё ў Беларусі, залежыць ад параметраў гэтай здзелкі», – нагадвае DW.
Як чакалася, Украіна і Злучаныя Штаты маглі ўжо ў гэтую пятніцу – падчас візіту Зяленскага ў ЗША – падпісаць рамачнае пагадненне пра здабычу сыравіны, але перамовы зайшлі ў чакаемы тупік. Згодна з паведамленнямі, праект пагаднення прадугледжвае сумесную распрацоўку і экспарт украінскіх карысных выкапняў, такіх як нафта, газ, уран, вугаль і рэдказямельныя металы, аднак здзелка не ўключае гарантый бяспекі з боку Злучаных Штатаў. Амстэрдамская газета De Volkskrant разважае пра тое, што прапанаваная Украіне сыравінная здзелка толькі пацвярджае вар’яцтва сённяшніх уладаў, які кіруюць светам.
«Адрозненне паміж Амерыкай эпохі плана Маршала і цяперашняй Амерыкай, якая адціскае прыродныя рэсурсы, найлепшым чынам адлюстроўвае дэфармацыю характару гэтай краіны. Цяпер Украіну шантажом прымушаюць да худога міру, прычым без мінімальных гарантый бяспекі. У Эр-Рыядзе аўтарытарызм вырашае лёс вольнага свету. У гэтым карумпаваным зборышчы няма нічога пазітыўнага, адна толькі смага нажывы і маральная дэградацыя. Хацелася б, каб у пекле было адведзена спецыяльнае мястэчка, дзе людзі такога гатунку таміліся б у распаленых катлах да сканчэння дзён – прычым пажадана на павольным агні, які падтрымліваецца іх жа ўласнымі запасамі газу і нафты», – падкрэслівае нідэрландскае выданне.
‘Захаду’ ў ранейшым разуменні слова ўжо, мабыць, не існуе: нядаўняе галасаванне ў Радзе Бяспекі ААН, выступ віцэ-прэзідэнта ЗША Джэй Ды Вэнс на Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы, новыя мытныя пошліны і аднаўленне расейска-амерыканскіх адносін паказалі, што Злучаныя Штаты пры прэзідэнце Трампе ў корані змянілі вектар. «Еўропа не павінна адмаўляцца ад дыялогу з Масквой», – папярэджвае жэнеўская Le Temps.
«Што б ні адбывалася далей, давядзецца дамаўляцца з Расеяй аб правілах суіснавання на нашым кантыненце. У такіх абставінах адмова ад дыялогу, візітаў і разумення пункту гледжання апанента – які дагэтуль упарта дэманстравала Еўропа – азначае толькі тое, што яна сама не жадае быць часткай рашэння. Прапаведуючы радыкальны падыход, які Еўропа наогул не можа сабе дазволіць у сілу фінансавых прычын, яна з самага пачатку заступіла сабе шлях да ролі пасярэдніка. Нават калі значную долю адказнасці за цяперашнюю катастрофу нясе Дональд Трамп, еўрапейцы таксама не могуць сказаць, што святыя як анёлы – і ні ў чым не вінаватыя», – піша швейцарскае выданне.
Па выніках некалькіх раўндаў перамоў па фармаванні ўрада, якія праваліліся, у Аўстрыі, мяркуючы па ўсім, дасягнуць прарыў: лідары Аўстрыйскай народнай партыі, Сацыял-дэмакратычнай партыі Аўстрыі і партыі NEOS – Новая Аўстрыя і Ліберальны форум прадставілі сумесна распрацаваную праграму. І зараз у гэтыя выходныя яе павінны будуць ухваліць партыйныя камітэты. Правапапулісцкая Аўстрыйская партыя свабоды, якая атрымала на выбарах большую колькасць галасоў, такім чынам, застанецца ў апазіцыі. «Аптымальны варыянт у няпростых умовах», – такі каментар люблянскай газеты Dnevnik.
«Калі б фармаванне ўрада правалілася, то тады, мяркуючы па выніках апытанняў, краіна ўпала б у яшчэ большую залежнасць ад АПС, рэйтынгі якой пасля выбараў працягнулі расці. Для таго каб пазбегнуць новых выбараў, партыям прыйшлося пакінуць убаку свае рознагалоссі – і дабіцца-такі дамоўленасці. І зараз, сфармаваўшы ўрад, яны паспрабуюць загнаць джына АПС назад у бутэльку – працуючы ў інтарэсах насельніцтва і ўстараняючы такім чынам агульную незадаволенасць. Як і ў Нямеччыне, гэта, магчыма, апошняя спроба традыцыйных партый паставіць заслон уздыму ўльтраправых», – падкрэслівае славенскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка






