
Будучыня беларускіх ІТ-спецыялістаў у Літве: выключэньняў быць не павінна? Эквадор: вайна паміж мафіяй і дзяржавай. Гаага разглядае пазоў супраць Ізраіля. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«У дзвюх тысяч беларусаў прыпынена дзеянне віду на жыхарства ў Літве з-за пагрозы нацыянальнай бяспецы. Сярод іх не толькі кіроўцы, але і высокакваліфікаваныя працаўнікі, занятыя на прадпрыемствах, якія пераехалі з Беларусі», – паведамляе літоўскае выданне lrt.lt.
«Некаторыя эксперты гавораць, што было б няправільна выстаўляць гэтых людзей за дзверы, бо іх ужо праверылі. Больш за тое, іх розумы патрэбны краіне. Аднак іншыя падкрэсліваюць, што выключэнняў быць не павінна, якую б каштоўнасць не прадстаўляў працаўнік. Але па факце, колькасць выпадкаў, калі высокакваліфікаваныя беларускія работнікі, якія жывуць у краіне на працягу некаторага часу, падаюць у суд на Літву, расце. Іх прызнаюць пагрозай нацыянальнай бяспецы, паколькі, напрыклад, яны працавалі на беларускіх дзяржаўных прадпрыемствах або служылі ў беларускім войску. Паводле ацэнак, у цяперашні час у Літве жыве больш за 60 000 беларускіх грамадзян, з якіх 4500 працуюць на высокакваліфікаваных пасадах. Яны працуюць у кампаніях, якія спецыялізуюцца на інфармацыйных тэхналогіях (ІТ), і ў стартапах у сферы фінансавых тэхналогій. Многія з гэтых кампаній – беларускія. Гучаць выказванні, што несправядліва, калі Літва выстаўляе гэтых людзей за дзверы зараз, калі яны ўжо прайшлі праверку і атрымалі запрашэнне працаваць тут. Вялікія кампаніі, у якіх працуе шмат замежнікаў, вядома, пытаюцца, як быць, узнікаюць хваляваннні. Мо праверку для беларусаў трэба зрабіць больш жорсткай толькі для тых, хто зноў прыбывае», – прапануе літоўскае выданне.
Пасля таго як з эквадорскай турмы збег вядомы наркабарон, усю краіну ахапіла хваля гвалту: справа дайшла да перастрэлак і актаў марадзёрства. На днях узброеныя людзі ў масках уварваліся ў тэлестудыю і ў прамым эфіры ўзялі супрацоўнікаў тэлеканала ў заложнікі: пад руляй аўтаматаў яны прымусілі вядучых на камеру запатрабаваць ад прэзідэнта краіны Даніэля Набоа спыніць барацьбу з наркагандлем. Набоа ўвёў у краіне надзвычайнае становішча і задзейнічаў войска для барацьбы з наркамафіяй. «Меры павінен прымаць увесь кантынент», – падагульняе парыжская газета Le Monde.
«Эквадор, які доўгі час лічыўся астраўком свету ў гэтым змучаным рэгіёне, стаў здабычай арганізаванай злачыннасці. Слабасць Эквадора – гэта яшчэ адзін доказ таго, наколькі ілюзорна спадзявацца на тое, што мерамі на ўзроўні адной дзяржавы можна перамагчы праблему, якая мае транснацыянальны характар. Калі дэстабілізацыя ў краіне зацягнецца, то гэта абярнецца катастрофай як для непасрэдных суседзяў Эквадора, так і для большай часткі Лацінскай Амерыкі ў цэлым. Эквадор мае патрэбу ў дапамозе для ўстанаўлення парадку, прычым дапамога гэтая павінна паступіць ад краін усяго кантынента. Толькі ў гэтым выпадку дзяржава здолее справіцца з праблемай, якая стала галоўнай перашкодай для нармальнага жыцця грамадзян. Сітуацыя не церпіць адкладання», – заклікае французскае выданне.
У Міжнародным судзе ААН у Гаазе пачаліся слуханні па іску Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі супраць Ізраіля. ПАР абвінавачвае Ізраіль у здзяйсненні генацыду палестынцаў падчас сваёй аперацыі супраць радыкальнай ісламісцкай групоўкі ХАМАС у сектары Газа. Ізраіль адмаўляе абвінавачанні і ўказвае на тое, што яго дзеянні прадыктаваны неабходнасцю самаабароны. «Ізраіль даказвае, што з’яўляецца дэмакратыяй», – піша рымская газета La Repubblica.
«Рашэнне Ізраіля пагадзіцца на разгляд гэтай справы ў Міжнародным судзе ў Гаазе мае вялікае значэнне не толькі з прычыны таго, якім будзе прысуд. Згаджаючыся апаніраваць абвінавачванням у генацыдзе, вылучаным Паўднёвай Афрыкай у сувязі з модусам вайны ў Газе, яўрэйская дзяржава нагадвае свету аб тым, што яна – дэмакратыя, якая падтрымлівае міжнародны парадак, прызнае яго і мае намер заставацца часткай гэтага парадку. Гэта – пазіцыя, якая рэзка кантрастуе з тым, як паводзяць сябе аўтакратыі, такія як пуцінская Расея, якія адмаўляюцца юрыдычна адказваць за свае дзеянні ды імкнуцца падарваць міжнародны парадак», – падкрэслівае італьянскае выданне.
У Турцыі набірае абароты перадвыбарная барацьба ў кантэксце муніцыпальных выбараў, прызначаных на 31 сакавіка. Уся ўвага прыкавана да Стамбула, у якім на другі тэрмін вылучаецца прадстаўнік апазіцыі Экрэм Імамаглу. У нядзелю прэзідэнт Рэджэп Таіп Эрдаган прадставіў яго канкурэнта – былога міністра гарадскога развіцця Мурата Курума. Мясцовае выданне Yetkin Report разважае аб самастойнасці вылучаных кандыдатур.
«У палітычным закуліссі Анкары пагаворваюць аб тым, што перадвыбарная кампанія ПСР будзе паўсюль выбудоўвацца вакол асобы самога прэзідэнта Тайіпа Эрдагана. А вылучаныя ад ПСР кандыдаты будуць тэхнакратамі, за выключэннем магчыма невялікіх гарадоў, дзе мясцовая палітыка ўсё яшчэ мае ўплыў. Іншымі словамі: паўсюль толькі адзін кандыдат – Эрдаган. Пасля перыяду міністраў-тэхнакратаў пры Эрдагане зараз нас, падобна, чакае эра тэхнакратаў на пасадах мэраў. Калі яны выйграюць, то пераможа Эрдаган, калі ж яны пацерпяць паражэнне, то прайграе толькі той ці іншы асобна ўзяты кандыдат», – прагназуе турэцкае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя






