BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: выключыць абыход ужо дзейных абмежаванняў

Пасля таго, як у Францыі стала вядома аб згвалтаванні 12-гадовай габрэйскай дзяўчынкі, прэзідэнт Эмануэль Макрон заявіў, што школам краіны пагражае «біч антысемітызму». Паліцыя лічыць, што злачынства адбылося на глебе нянавісці, паведамляе BBC.

Па дадзеных французскіх СМІ, дзяўчынка распавяла паліцыі, што ў мінулую суботу гуляла ў парку ў Курбевуа, на паўночны захад ад Парыжа, з сяброўкай. Да яе падышлі трое хлопчыкаў – двое 13-гадовых і адзін яе аднагодак. Як мінімум з адным з іх яна была знаёмая.

Па словах ахвяры, хлопчыкі зацягнулі яе ў адасобленае месца, пасля чаго сталі абражаць яе антысеміцкімі выразамі і згвалтавалі.

Хлопчыкаў арыштавалі ў панядзелак. Двум з іх былі прад’яўленыя абвінавачанні ў групавым згвалтаванні, антысеміцкіх абразах і гвалце, а таксама ў пагрозах забойствам – французскія СМІ паведамілі, што адзін з тых, хто нападаў пагражаў забіць дзяўчынку, калі яна звернецца ў паліцыю.

У сераду ў горадзе прайшла дэманстрацыя супраць антысемітызму. Людзі выйшлі на вуліцы з плакатамі, на некаторых было напісана “Гэта магла быць ваша сястра”.

***

Брытанская апазіцыйная Лейбарысцкая партыя адхіліла аднаго са сваіх кандыдатаў у парламент пасля таго, як высветлілася, што ён распаўсюджваў матэрыялы расейскага прапагандысцкага канала RT аб атручэнні ў Солсберы Сяргея і Юліі Скрыпаляў.

Першым пра выказванні Эндзі Браўна, які балатуецца ў Шатландыі ў акрузе Паўночны Абердыншыр, расказала выданне Press and Journal.

Яно звярнула ўвагу на тое, што ў красавіку 2018 года, праз некалькі тыдняў пасля падзей у Солсберы, Браўн выклаў у сацыяльных сетках спасылку на артыкул RT.

У ёй сцвярджалася, што таксічнае рэчыва, ужытае ў Солсберы, “ніколі не выраблялася ў Расеі, а знаходзілася на ўзбраенні ў ЗША, Вялікабрытаніі і іншых краінах НАТА”.

Браўн таксама падзяліўся ў сацыяльных сетках паведамленнем, у якім сцвярджаецца, што былая тады прэм’ер-міністрам Тэрэза Мэй хавала важную інфармацыю пра атручэнне.

***

Краіны Еўразвяза пасля затрымак, выкліканых пазіцыяй Германіі, узгаднілі новы пакет санкцый супраць Расеі з-за яе вайны супраць Украіны, паведаміў Савет ЕЗ. Прынятыя меры закліканы ў першую чаргу выключыць абыход ужо дзейных абмежаванняў у дачыненні да РФ, у выніку якога расейская ваенная прамысловасць па-ранейшаму мае магчымасць атрымліваць заходнія тэхналогіі для вытворчасці ўзбраенняў для працягу вайны супраць Украіны.

***

У Германіі атлусценне зафіксавана ў амаль кожнага пятага. Каля паловы дарослага насельніцтва важаць на некалькі кілаграмаў больш за норму. Больш за сем працэнтаў пакутуе на дыябет, і тэндэнцыя — да росту. Выклікае гэтыя хваробы, у ліку іншага, і празмернае ўжыванне цукру. Пры гэтым ён аказвае не толькі негатыўны ўплыў на здароўе, але і дорага абыходзіцца насельніцтву, хаця б таму, што павялічвае выдаткі на медыцынскае страхаванне і прыводзіць да скарачэння працоўнай сілы, піша Deutsche Welle.

На гэты раз у цэнтры ўвагі аказаліся безалкагольныя напоі з утрыманнем цукру. Менавіта празмернае спажыванне колы, ліманадаў, энергетычных напояў лічыцца адной з асноўных прычын павелічэння колькасці людзей з залішняй вагой ва ўсім свеце. У сувязі з гэтым Сусветная арганізацыя аховы здароўя ўжо даўно рэкамендуе абкладаць гэтыя напоі спецыяльным падаткам. Федэральны міністр сельскай гаспадаркі Джэм Аздэмір таксама выступае за прыняцце такой меры.

Цяпер ён атрымаў і падтрымку ад дзевяці з 16 федэральных земляў. Яны заклікаюць нямецкі ўрад разгледзець магчымасць увядзення такога падатку. Асноўная мэта новаўвядзення “цукровага падатку” – вырашэнне праблемы лішняй вагі і звязаных з гэтым захворванняў і смяротнасці, а таксама колькасці выпадкаў захворвання на цукровы дыябет сярод насельніцтва.

Беларускае Радыё Рацыя