BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Вылучыць умовы

  • Аб праблемах ведалі ўсе”: што вядома па справе каліноўца, выдадзенага Беларусі В’етнамам
  • У Балтыйскім моры пашкоджаны кабелі: што адбываецца?
  • Румынія абірае новага прэзідэнта
Здымак ілюстрацыйны / kallerna

Экс-баец палка Кастуся Каліноўскага Васіль Верамейчык быў затрыманы ў В’етнаме яшчэ 13 лістапада, а ўжо на наступны дзень яго дэпартавалі праз Расею ў Беларусь пад канвоем з трох чалавек. «У Хашымін яго прывяла безвыходнасць – пасля канфлікту з кіраўнікамі штаба Палка для яго быў закрыты ўезд ва Украіну. Пазней Літва прызнала яго пагрозай нацбяспецы ў сувязі з тым, што раней Верамейчык быў кадравым вайскоўцам беларускай арміі. Яго даныя змешчаны ў шэнгенскую інфармацыйную сістэму, што азначае забарону на ўезд у ЕЗ», – паведамляе DW.

«Ва В’етнаме Верамейчык знаходзіўся не першы месяц і быў затрыманы за бойку. Вядома, што Васіль пазнаёміўся там з прадстаўнікамі расейскамоўнага кам’юніці, якія, паводле версіі знаёмага, і справакавалі бойку. У выніку беларус аказаўся ў паліцэйскім участку, а ў доме, дзе ён жыў з сяброўкай, быў праведзены ператрус. Верамейчык паспеў адправіць кароткае SOS-паведамленне аб сваім затрыманні, з якога было зразумела, што ён з першых хвілін ведаў пра планаваную дэпартацыю. Ягоныя блізкія сталі шукаць адваката, аднак тыя адмаўлялі ў дапамозе. Вядома, што аб праблемах Верамейчыка ведалі ўсе беларускія дэмакратычныя лідары і структуры, якія яны ўзначальваюць. Больш за год публічна абмяркоўвалі, у якім становішчы знаходзіцца ўдзельнік вайны, які атрымаў у красавіку 2022 года цяжкае раненне. Але рашэнні ніхто не знайшоў. Цяпер беларускія добраахвотнікі рыхтуюць петыцыю з прапановай уключыць экс-каліноўца ў абменныя спісы. У Беларусі яму пагражае 20 гадоў пазбаўлення волі і нават смяротная пакаранне», – паведамляе DW.


З розніцай усяго ў некалькі гадзін у Балтыйскім моры апынуліся пашкоджанымі два падводныя кабелі сувязі. Органы бяспекі Швецыі і іншых еўрапейскіх краін вядуць расследаванне наконт магчымай дыверсіі. У фокусе ўвагі – кітайскае судна і шэраг іншых караблёў, сярод якіх адзін расейскі, якія знаходзіліся паблізу ў меркаваны час здзяйснення дыверсіі. На думку варшаўскай Gazeta Wyborcza, Крэмль ужо робіць першыя крокі ў напрамку магчымых перамоваў па заканчэнні вайны.

«Расея рыхтуе і іншыя дыверсіі ў Еўропе – кабелі на дне Балтыйскага мора аказаліся пашкоджанымі менавіта зараз ніяк не выпадкова! – і лічыць дні да ўступлення Дональда Трампа на пасаду прэзідэнта ЗША. Пуцін чакае, што затым рушаць услед гутаркі аб заканчэнні канфлікту. Умовы, якія ён, паводле паведамленняў, мае намер вылучыць, наўрад ці прымальныя. Расея хоча пакінуць за сабой усё тое, што ёй удалося “заграбастаць”, а заадно яшчэ і атрымаць гарантыі таго, што Украіна не ўступіць у НАТА. У адказ на падобны ультыматум Байдэн адмовіў бы Пуціну. Але што зробіць Трамп?”, – задаецца пытаннем польскае выданне.


У нядзелю ў Румыніі адбудуцца прэзідэнцкія выбары. Аналітыкі не выключаюць, што яны пройдуць у два туры – і ў другі тур могуць выйсці правы папуліст ад партыі Альянс за аб’яднанне Джорджэ Сіміён і дзейны прэм’ер-міністр ад сацыял-дэмакратаў Марчэл Чалаку. Другі тур адбудзецца 8 снежня. Мясцовы партал Spotmedia разважае пра тое, чым можа абярнуцца для краіны высокі працэнт галасоў, аддадзеных за ультраправага кандыдата Джорджу Сіміёна.

«Калі ў другі тур прэзідэнцкіх выбараў выйдзе лідар партыі Альянс за аб’яднанне румынаў, то гэта стане праблемай для Румыніі – і найперш, на фоне вайны ва Украіне. Для партнёраў па НАТА гэта стала б прыкметай уразлівасці нашай краіны. Уздым палітыка-экстрэміста, які на працягу апошніх трох гадоў займаўся прасоўваннем у Румыніі крамлёўскай позвы, азначаў бы страту рэпутацыі нашай краіны ў вачах саюзнікаў. Страту, якая мела б і шэраг эканамічных наступстваў, такіх як адмова ад важных вайсковых і стратэгічных інвестыцый», – піша румынскае выданне.


Еўрапейскі парламент даў зялёнае святло новаму складу Еўракамісіі. У сераду кіраўнікі фракцый адобрылі апошнія сем кандыдатур у камісары. Асабліва гарачыя спрэчкі вяліся вакол кандыдатур Раффаэле Фіта (Еўрапейскія кансерватары і рэфармісты/Браты Італіі) і Тэрэсы Рыберы (Сацыял-дэмакраты). Рымская La Repubblica піша аб пераможцах гэтага перацягвання каната.

«Урад Мелані можа не хаваць сваёй радасці: яму ўдалося займець пасаду аднаго з шасці намеснікаў старшыні. Гэта – крэсла, якое нічога не варта, калі на ім сядзіш, але страціць якое ў выніку палітычнай непрыдатнасці было б вельмі балюча. Уршуля фон дэр Ляен выйшла пераможцай, умела абышоўшы яшчэ адну пастку, пастаўленую ёй яе ж аднапартыйцам – кіраўніком Еўрапейскай народнай партыі Манфрэдам Вэберам. Пяць гадоў таму Вэбер павінен быў стаць старшынём Еўракамісіі, але Ўршуля фон дэр Ляен літаральна з-пад носа адвяла ў яго гэтую пасаду – пры падтрымцы Макрона і Меркель. З таго часу гэты палітык з баварскай ХСС апантаны прагай помсты», – адзначае італьянскае выданне.

Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя