BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Вынік безвыходнасці

У Беларусі зафіксавалі рэкордную колькасць “Шахедаў”, якія заляцелі з Украіны. Прэзідэнцкія выбары ў Румыніі. Крызіс нямецкай эканомікі: пагроза ўсёй Еўропе? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«У Беларусі зафіксавалі рэкордную колькасць “Шахедаў”, якія заляцелі з Украіны», – піша ўкраінскае выданне Украінска правда.

«Маніторы зафіксавалі, што 38 “Шахедаў” заходзілі ў Беларусь за суткі, сама меней 1 збіты, авіяцыя паднімалася 4 разы. Гэта, паводле звестак аналітыкаў, з’яўляецца абсалютным сутачным рэкордам за ўсю гісторыю маніторынгу. Прынамсі адзін “Шахед” даляцеў да Мазыра, былі дзясяткі праходаў праз “беларускі калідор”, а таксама не менш як 3 разы “Шахеды” заляталі ў Гомельскі раён, у раёне пагранічнага пераходу Новая Гута. Таксама зафіксавалі, што 9 беспілотнікаў вярнуліся ў паветраную прастору Украіны. Паветраныя сілы ВСУ паведамілі, што 25 лістапада Сілы абароны знішчылі 71 беспілотнік са 145, запушчаных ворагам, 71 БПЛА – лакальна страчаныя», – падсумоўвае ўкраінскае выданне.

***

Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Румыніі памнажаліся галасы, якія перасцерагалі пра тое, што ў другі тур можа вырвацца лідар ультраправай партыі Альянс за аб’яднанне румынаў Джорджы Сіміён. Аднак у лідары гонкі нечакана выбіўся іншы кандыдат з ультраправага лагера – Кэлін Джорджаску. У 2022 годзе супраць яго былі высунуты абвінавачанні ў адмаўленні Халакоста. Ён таксама вядомы тым, што крытыкуе сяброўства Румыніі ў НАТА. Дзеючы прэм’ер-міністр Марчэл Чалаку, які таксама вылучыў сваю кандыдатуру, мяркуючы па ўсім, у другі тур не прайшоў, саступіўшы месца Алене Ласконі, кандыдатцы ад ліберальна-кансерватыўнага лагера. «Джорджеску здолеў дастукацца і да выбаршчыкаў за межамі ўльтраправага спектру», – такім назіраннем дзеліцца венгерскі партал Index.

«Джорджэску вядомы найперш сваёй рэзкай антынатаўскай, антыеўрапейскай і прарасейскай пазіцыяй, пры гэтым ён абараняе фашысцкі рух легіянераў, актыўны ў перыяд паміж дзвюма сусветнымі войнамі. Аднак свае галасы за Джорджэску, мяркуючы па ўсім, аддалі не толькі выбаршчыкі ультраправых поглядаў, бо ў сваёй рыторыцы ён цяпер куды больш стрыманы і не такі рэзкі, як, напрыклад, яго канкурэнты з таго ж ультраправага флангу Джорджэ Сіміён або Дыяна Шашаакэ. У сілу свайго досведу працы ў ААН ён зрабіў уражанне нашмат больш аўтарытэтнага і ўплывовага лідара, чым яны», – піша венгерскае выданне.

***

У трэцім квартале 2024 года нямецкая эканоміка прадэманстравала рост усяго толькі ў 0,1 працэнта, іншымі словамі – ледзь пазбегла рэцэсіі. У новым дакладзе Еўрапейскага цэнтральнага банка, прысвечаным пытанням фінансавай стабільнасці, гаворыцца пра тое, што па ўсёй Еўропе адзначаецца нестабільнасць, абумоўленая геапалітычным раздраем, няўпэўненасцю ў заўтрашнім дні і напружанасцю ў гандлёвых адносінах. Варшаўскі штотыднёвік Newsweek Polska разважае пра тое, што «слабая Нямеччына азначае таксама слабы Еўрапейскі звяз. І гэта стварае адразу дзве вялікія праблемы для блока ў цэлым. Амаль дзве трэці нямецкага імпарту паступаюць з іншых еўрапейскіх краін, пры гэтым на долю Германіі прыпадае чвэрць ВУП Еўразвяза. Калі раптам сітуацыя ў Нямеччыне пагоршыцца, то ўсяму кантыненту гэта пагражае дзесяцігадовай стагнацыяй. Аднак гэта яшчэ не ўсё. Ілон Маск нядаўна выпусціў гучнае ‘Wow!’ – калі даведаўся, як шмат сродкаў выдзяляе Нямеччына для Еўропы. Яна з’яўляецца спонсарам усяго еўрапейскага праекту, і ніхто не зможа замяніць немцаў у гэтай ролі!», – падкрэслівае польскае выданне.

***

У Баку завяршылася 29-я Сусветная канферэнцыя па клімаце – COP29. На працягу двух тыдняў удзельнікі з усяго свету шукалі рашэнне па пытанні аб фінансавай кампенсацыі наступстваў кліматычных змен, з якім сутыкаюцца краіны, якія развіваюцца. Была дасягнута дамоўленасць пра тое, што з 2035 года прамысловыя дзяржавы будуць штогод выплачваць ім у агульнай суме каля 300 мільярдаў даляраў, пры тым што патрэбнасць складае каля 1,3 трыльёна даляраў. Мадрыдская El País не бачыць рэальнага прагрэсу.

«Канферэнцыю ў Баку трэба разглядаць у геапалітычным кантэксце. Абранне Трампа і яго пагроза зноў вывесці Злучаныя Штаты з Парыжскай дамовы сур’ёзна азмрочылі ход сустрэчы. Акрамя таго, багатыя краіны сутыкаюцца з цэлым спісам фінансавых і палітычных абмежаванняў, сярод якіх – інфляцыя, бюджэтныя фактары і ўзмацненне ўплыву папулістаў, якія адмаўляюць праблему змены клімату. Міжусобная пазіцыя Азербайджана, які старшынствуе на COP29, таксама адыграла сваю ролю. Як і ААЭ, Азербайджан з’яўляецца нафтаздабыўной дзяржавай, і гэта тлумачыць тое, чаму заключнае камюніке не ўключыла ў сябе абавязацельствы па адмове ад выкапняў відаў паліва. Бразіліі давядзецца няпроста, калі яна мае намер дабіцца рэальнага прагрэсу на саміце COP30, які яна будзе прымаць у наступным годзе», – падкрэслівае гішпанскае выданне.

Беларускае Радыё Рацыя