BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Вынікі зацятых дыскусій

Лідарка беларускай апазіцыі звяртаецца да сусветных лідараў у змаганні з рэжымам Лукашэнкі. Для чаго Масква пачала наступ у Харкаўскай вобласці? Шайгу больш не міністр абароны. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Фота: Офіс Святланы Ціханоўская

«Беларуская апазыцыянерка Святлана Ціханоўская падчас свайго першага візіту на Мальту распавяла Джэймсу Камінгсу пра жыццё пры дыктатуры.

У той час як яе арганізацыя, Каардынацыйная рада па перадачы ўлады, створаная для садзейнічання дэмакратычнай перадачы ўлады ў Беларусі, зрабіла крокі, каб абараніць сябе, яна сказала, што «абсалютна ўпэўненая», што беларускія службы бяспекі, КДБ, ужо праніклі ў «дэмакратычныя структуры», якія супрацьстаяць уладзе», – перадае The Times Of Malta.

Лідар апазіцыі прызнаецца: тое, што яна ўжо не ў Беларусі, не дае гарантый, што яна ў бяспецы. Літаральна ў мінулым месяцы лідар расейскай апазіцыі Леанід Волкаў быў шпіталізаваны пасля жорсткага нападу мужчыны з малатком у сталіцы Літвы Вільні – напад, як мяркуецца, быў арганізаваны грамадзянінам Беларусі. А ў 2021 годзе беларускі актывіст у выгнанні Віталь Шышоў быў знойдзены павешаным у парку ў Кіеве, у тым жа годзе журналіста Рамана Пратасевіча беларускія ўлады знялі з рэйса Ryanair. Пры гэтым у самой Беларусі – беззаконне. Каля паўмільёна чалавек — прыкладна столькі, колькі насельніцтва Мальты — былі вымушаныя пакінуць Беларусь; у палоне знаходзяцца «тысячы» палітвязняў. Апазіцыянерка не бачыла мужа пасля яго арышту ў 2020 годзе і нават не ведае, ці жывы ён. Звяртаючыся да сусветных лідараў падчас візітаў, напрыклад, на Мальту ў гэтым месяцы, Ціханоўская спадзяецца «пазбавіць рэжым палітычнай прасторы», не дапусціць таго, каб Лукашэнку разглядалі як легітымнага лідара, і фармалізаваць адносіны з астатнім светам. Лукашэнка купляе тавары для Пуціна, а Пуцін экспартуе тавары для Лукашэнкі. І хоць ЕЗ увёў санкцыі супраць прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі, здаецца, што ў некаторых колах, прынамсі, усё як звычайна: у сакавіку Мальта згуляла з Беларуссю ў футбольны матч», – наракае мясцовае выданне.

***

У ноч на пятніцу расейскія войскі пачалі наступ на поўначы Харкаўскай вобласці. Украінскім уладам прыйшлося эвакуіраваць каля чатырох тысяч чалавек. Па здагадцы Кіева, гаворка ідзе аб манеўры, закліканым адцягнуць падраздзяленні ВСУ з фронту на ўсходзе. Па меркаванні берлінскай taz, частка віны за сітуацыю, якая склалася, ляжыць на партнёрах Кіева, якія выявілі недарэчную марудлівасць.

«Своечасовыя пастаўкі абарончых узбраенняў у дастатковай колькасці дазволілі б Украіне абараніць буйныя гарады, не толькі Кіеў. У той час як марыянеткі Трампа ў ЗША на працягу месяцаў блакавалі выдзяленне ваеннай дапамогі Украіне, еўрапейцы гублялі каштоўны час, ведучы бясконцыя дыскусіі пра тое, ці мае права Украіна наносіць удары па аб’ектах у Расеі, адкуль наносяцца ўдары па Украіне. Што б ні зрабіў Пуцін – тут жа хто-небудзь у Берліне пачынае перасцерагаць аб эскалацыі, якая пагражае, як толькі хтосьці спрабуе стрымаць рэальную эскалацыю. Аднак нельга падчас перадвыбарнай барацьбы ў Еўропе паднімаць на шчыт лозунг «мір» і ў той жа самы час змірацца з вайной Расеі. Цяпер вырашаецца будучыня Еўропы. І вырашаецца яна ва Украіне», – піша нямецкае выданне.

***

Пачаўшы свой пяты прэзідэнцкі тэрмін, Уладзімір Пуцін зняў з пасады міністра абароны Сяргея Шайгу і прызначыў на гэтую пасаду Андрэя Белавусава, які раней займаў крэсла першага віцэ-прэм’ера і курыраваў эканоміку. Нягледзячы на нядаўні арышт свайго намесніка Іванова, Шайгу, аднак, не запаў у няміласць – зараз ён зойме пасаду сакратара Савета Бяспекі, змяніўшы на гэтай ніве Мікалая Патрушава. Як адзначае румынскі партал Spotmedia, над Шайгу ўжо даўно згушчаліся хмары.

«Асабліва на пачатковым этапе ўварвання ва Украіну войска крытыкавалі за дрэннае забеспячэнне, недахоп каардынацыі і прафесіяналізму. З таго часу Пуцін перажыў няўдалы бунт наймітаў Вагнера, кіраўнік якіх Яўген Прыгожын адчуваў асабістую непрыязнасць да Шайгу. А нядаўна міністэрства абароны апынулася ў цэнтры карупцыйнага скандалу на найвышэйшым узроўні – вакол намесніка Шайгу. І гэта выклікала нямала пытанняў, бо пра раскошны лад жыцця намесніка міністра было вядома ўжо даўно. На фоне гэтага скандалу ўжо пайшлі чуткі пра тое, ці не знак гэта, што паміж кланамі супернікамі разгарэлася змаганне», – падкрэслівае румынскае выданне.

***

Сацыялістычная партыя Каталоніі (PSC) упершыню атрымала перамогу на рэгіянальных выбарах у Каталоніі. Сепаратысцкія партыі далёкія ад той абсалютнай большасці, якой яны раней валодалі ў рэгіёне, але зараз яны могуць сфарміраваць кааліцыю з PSC. Не ўсе аглядальнікі задаволены такім вынікам, але мадрыдская газета El País апладыруе прэм’ер-міністру Санчэсу.

«Вынікі пацвярджаюць правільнасць палітыкі прымірэння і дыялогу, якую Педра Санчэс пачаў праводзіць у мінулую кадэнцыю – і працягнуў у цяперашнюю. Пераможцам гэтых выбараў можа лічыцца і Санчэса. Сальвадор Ілля – асоба, якая інвеставала велізарны палітычны капітал у такія рашэнні, як памілаванне або закон аб амністыі. Сепаратысты больш не маюць права будаваць з сябе ахвяр. Такім чынам, вострая палітычная праблема, датычная ўсёй Гішпаніі, зараз нейтралізаваная», – адзначае гішпанскае выданне.

Беларускае Радыё Рацыя