BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Выпрабаваць і прызнаць

ЕЗ увядзе новыя пошліны на расейскае і беларускае збожжа. Як Еўропе рэагаваць на «перавыбранне» Пуціна? Кандыдаты на пасаду генсека НАТА. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Еўрапейскі звяз знаходзіцца на шляху да ўвядзення тарыфаў на імпарт збожжа з Расеі і Беларусі ў якасці меры падтрымкі сваіх фермераў і вырашэння праблем некаторых дзяржаў-членаў.

«Удзельнікі рынку адзначаюць, што імпарт збожжа з Расеі і Беларусі ў ЕЗ мінімальны, асабліва ў параўнанні з імпартам з Украіны, што сведчыць аб тым, што ўвядзенне пошлін носіць хутчэй сімвалічны, чым істотны характар», – піша амерыканская газета Financial Times.

«Еўрапейская камісія прапануе пошліну ў памеры 95 еўра (103,26 долара ЗША) за тону збожжавых культур з Расеі і Беларусі, а таксама пошліны ў памеры 50% на насенне алейных культур і прадукты іх перапрацоўкі. Адзін з чыноўнікаў ЕС пракаментаваў дакладнасць гэтых лічбаў, заявіўшы, што яны “прыкладна дакладныя”, але ўсё яшчэ падлягаюць дапрацоўцы. Іншы чыноўнік указаў, што тарыфы з’яўляюцца найбольш верагодным курсам дзеянняў, паколькі гандлёвыя меры патрабуюць падтрымкі толькі большасці ўнутры ЕЗ, у адрозненне ад санкцый, якія патрабуюць аднагалоснай згоды. Згодна з крыніцамі, прапанаваныя тарыфы будуць прымяняцца да збожжа, прызначанага для 27 членаў ЕЗ, і не паўплываюць на транзіт збожжа праз ЕЗ у іншыя пункты прызначэння. Ініцыятыва з’явілася ў адказ на заклікі фермераў ЕЗ унесці змены ў экалагічныя абмежаванні Green Deal і зноў увесці мытныя пошліны на ўкраінскі сельскагаспадарчы імпарт, якія былі прыпыненыя пасля ўварвання Расеі ў 2022 годзе. Фермеры ў краінах-сябрах ЕЗ, такіх як Польшча, Венгрыя і Славакія, выказалі занепакоенасць тым, што цяперашняя сітуацыя падрывае іх цэны. Характэрна, што Ўкраіна не ўваходзіць у ЕЗ. Сам Кіеў выступае за поўную забарону ЕЗ на імпарт расейскіх прадуктаў харчавання, хоць аб’ём расейскага збожжа лічыцца недастатковым, каб істотна паўплываць на еўрапейскія цэны. Гэта выглядае вельмі сімвалічна, паколькі з Расеі прыцягнутыя толькі нязначныя аб’ёмы, якія могуць быць даволі лёгка замененыя», – адзначае амерыканскае выданне.

Цэлы шэраг заходніх краін асудзіў прэзідэнцкія выбары ў Расеі, назваўшы іх несвабоднымі і недэмакратычнымі – бо на выбарах не было кандыдатаў ад апазіцыі, затое парушэнняў і рэпрэсій падчас іх правядзення, паводле паведамленняў, было хоць адбаўляй. У панядзелак ЦВК абвесціла Пуціна пераможцам і заявіла, што ён набраў 87 працэнтаў галасоў. Прэса абмяркоўвае, як лепш за ўсё паставіцца да такога зыходу і да чаго зараз рыхтавацца Еўропе. Дацкая газета Jydske Vestkusten выступае з патрабаваннем.

«Гэтак жа, як мы не прызнаем ягонага «калегу» Аляксандра Лукашэнку прэзідэнтам Беларусі, мы, вядома ж, не павінны лічыць Уладзіміра Пуціна кіраўніком расейскай дзяржавы. Прэзідэнцкія выбары ў Расеі былі фарсам без найменшага намёку на дэмакратычную легітымнасць. Гэтыя выбары нелегітымныя яшчэ і таму, што Расея праводзіла выбарчыя мерапрыемствы на тэрыторыях, якія яна анэксавала ў парушэнне міжнароднага права. Зразумела, такое прызнаваць недапушчальна. Ці ёсць сэнс ставіць пад сумнеў права Пуціна займаць пасаду прэзідэнта? Вядома, гэта не азначае, што гэты аўтакрат раптам возьме і адмовіцца ад сваёй улады. І ўсё ж гэта было б важным сігналам аб тым, што Данія як дэмакратычная краіна падобнага не прымае», – піша дацкае выданне.

Прэзідэнт Румыніі Клаўс Ёханіс выказаў жаданне стаць генеральным сакратаром НАТА. Раней, калі вядучыя дзяржавы альянсу гаварылі аб тым, што падтрымаюць кандыдатуру прэм’ер-міністра Нідэрландаў Марка Рутэ ў якасці пераемніка Енса Столтэнберга, ужо пайшлі чуткі аб тым, што заняць гэтую пасаду жадае і Ёханіс. І вось на мінулым тыдні ён заявіў аб гэтым афіцыйна. Румынская прэса абмяркоўвае моцныя і слабыя бакі Ёханіса, а таксама яго шанцы. «З кандыдатам вызначацца за кулісамі, і гэта правільна», – адзначае румынскі партал Spotmedia.

«Спадар Ёханіс заяўляе, што ягонае глыбокае разуменне структур НАТА кваліфікуе яго на заняцце гэтай пасады. Аднак яго ініцыятыва, якая не мае аналагаў у гісторыі, сведчыць якраз пра адваротнае. Кандыдат на кіруючую пасаду ў НАТА яшчэ ніколі не вызначаўся падчас перадвыбарчай барацьбы. Наадварот, кожны раз мелі месца кансультацыі і перамовы – пакуль не знаходзіўся кансэнсус. І гэта не выпадкова. НАТА грунтуецца на салідарнасці і адзінстве, а канкурэнцыя немінуча прыводзіць да антаганізму і расколу. Гэта Паўночнаатлантычнаму альянсу зусім не патрэбна, тым больш у сітуацыі, калі на кантыненце бушуе вайна. Але каму якая справа, што тамака патрабуецца альянсу, калі Клаўсу Ёханісу патрэбен новы пост!», – піша румынскае выданне.

Кангрэс дэпутатаў Гішпаніі прыняў закон аб амністыі. Новы дакумент дэкрыміналізуе большасць дзеянняў, здзейсненых у Каталоніі ў імя абвяшчэння незалежнасці, у прыватнасці правядзенне рэферэндуму аб незалежнасці ў 2017 годзе. Цяперашняя амністыя была часткай здзелкі, заключанай кіруючай кааліцыяй з каталонскімі сепаратыстамі ў абмен на падтрымку з боку апошніх. Мадрыдская газета ABC мяркуе, што змагла раскусіць планы ўрада.

«Юрысты Сената называюць працэдуру, узгодненую ўрадам і ягонымі партнёрамі, замаскіраванай канстытуцыйнай рэформай. Відавочна, што падобны праект увогуле павінен рэалізоўвацца праз ініцыяванне папраўкі ў Канстытуцыю. У палітычным плане гэты тэкст таксама заклікае да прыняцця мер па інфармаванні грамадскасці і камунікацыі з ёй – мер, нібыта неабходных для садзейнічання сацыяльнаму прымірэнню. Аднак ніводны нейтральны назіральнік не можа не заўважыць таго, што гэтае «прымірэнне» ёсць не што іншае, як алібі для тых, хто мае намер утрымацца ва ўладзе», – наракае гішпанскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларукае Радыё Рацыя