Польшча ўзмоцніць мяжу з Расеяй і Беларуссю. Як Расея спрабуе стварыць хаос на брытанскіх і еўрапейскіх вуліцах. Як дасягнуць міру на Блізкім Усходзе? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

“Да канца 2024 года Польшча пачне ўзмацняць абароназдольнасць шляхам будаўніцтва ўмацаванняў уздоўж межаў з Расеяй і Беларуссю. Намеснік міністра абароны Польшчы Цэзары Томчык заявіў, што «ў бліжэйшыя тры тыдні мы зможам правесці першыя выпрабаванні элементаў East Shield на польскіх ваенных палігонах», – паведамляе The Defense Post.
“Гэтая ініцыятыва, якая з’яўляецца часткай Плана нацыянальнай абароны і стрымлівання «Усходні шчыт», мае на мэце ўмацаванне паўночных і ўсходніх межаў Польшчы да 2028 года. На фоне працяглага канфлікту паміж Расеяй і Украінай Варшава імкнецца абараніць свае межы лініямі абароны, сістэмамі назірання, разведкі і барацьбы з беспілотнікамі. Стратэгічнае размяшчэнне Польшчы асабліва складанае, бо яна мяжуе з Расеяй, Украінай і Беларуссю, якую падтрымлівае Расея. Краіна каардынуе дзеянні з краінамі Балтыі, каб запытаць сродкі і ваенныя пастаўкі ў НАТА і ЕЗ для супрацьстаяння патэнцыйным расейскім пагрозам. Арыенціровачны кошт умацавання польскай мяжы складае каля 10 мільярдаў польскіх злотых (2,6 мільярда даляраў), пры падтрымцы крэдыту Еўрапейскага інвестыцыйнага банка. У 2025 годзе выдаткі Варшавы на абарону павялічацца да 4,7% ВУП. Да снежня краіна павінна атрымаць першы з 32 вырабленых у ЗША знішчальнікаў F-35As Lightning II для сваіх ВПС, што з’яўляецца часткай пагаднення на 4,6 мільярда даляраў, падпісанага ў 2020 годзе”, – падкрэслівае міжнароднае ваеннае выданне.
Расейская разведка займаецца стварэннем “пастаяннага хаосу на брытанскіх і еўрапейскіх вуліцах”. Такое меркаванне выказаў кіраўнік контрразведкі Вялікабрытаніі МІ-5 Кен Маккаллум», яго словы прыводзяць BBC News і The Guardian.
Паводле яго слоў, “пастаяннай місіяй па стварэнні хаосу” займаецца расейскае Галоўнае разведвальнае ўпраўленне (ГРУ). Да такіх дзеянняў ён аднёс падпалы і дыверсіі. Маккаллум заявіў, што для ажыццяўлення такіх нападаў выкарыстоўваюцца розныя крымінальныя структуры, бо многія шпіёны, якія працавалі, паводле яго слоў, у расейскіх пасольствах, былі высланы. Нейкія канкрэтныя дыверсіі Маккаллум не прывёў. Ён дадаў, што Вялікабрытанія сутыкаецца з “самай складанай і ўзаемазвязанай” пагрозай за сваю гісторыю. Сярод небяспек для Вялікабрытаніі кіраўнік МІ-5 адзначыў пагрозу з боку «Ісламскай дзяржавы». У канцы траўня 2024 года The New York Times са спасылкай на крыніцы ў амерыканскай разведцы пісала, што расейскія спецслужбы апошнім часам усё больш актыўна праводзяць дробныя дыверсійныя аперацыі ў Еўропе, такія як падпалы ці спробы падпалаў. У якасці прыкладу такіх дыверсій прыводзяцца: падпал склада ў Вялікабрытаніі, лакафарбавай фабрыкі ў Польшчы, будынкі ў Латвіі, а таксама магазіна IKEA ў Літве. Еўрапейскія і амерыканскія спецслужбы, піша NYT, лічаць, што гаворка ідзе менавіта аб узгодненай кампаніі, за якой стаіць расейскае ГРУ.
З моманту ўварвання баевікоў ХАМАС на тэрыторыю Ізраіля 7 кастрычніка 2023 г. і ўладкаванай імі масавай разні Ізраіль вядзе барацьбу з гэтай тэрарыстычнай групоўкай на тэрыторыі сектара Газа, задзейнічана войска і ВПС. Цяпер ён знаходзіцца таксама ў стане вайны з ісламістамі шыіцкай Хезбалой ў Ліване. Канфрантацыя ўплывае на ўвесь рэгіён. Варшаўская Gazeta Wyborcza лічыць, што неабходнае міжнароднае пасярэдніцтва.
«Нельга навязваць ізраільцянам і палестынцам умовы міру, але без іншай дапамогі тут усё ж не абысціся. Можа спатрэбіцца часовае кіраванне з боку сусветнай супольнасці з юрысдыкцыяй над Заходнім берагам ракі Іардан і сектарам Газа – для палягчэння перадачы ўлады ад ізраільскага войска палестынскім інстытуцыям. У такім выпадку ў якасці апраўдання карупцыі і дэфіцыту дэмакратыі ўжо нельга было б спасылацца на ізраільскую акупацыю. Акрамя таго, вырашэнне канфлікту перакрыла б кісларод экстрэмістам з абодвух бакоў», – адзначае польскае выданне.
Пасля спрэчак, якія зацягнуліся на доўгія дзесяцігоддзі, на мінулым тыдні Вялікабрытанія пагадзілася перадаць Маўрыкію выспы архіпелага Чагос у Індыйскім акіяне. Міністр замежных спраў Вялікабрытаніі Дэвід Лэмі заявіў, што Лондан, аднак, захавае кантроль над ваеннай базай Дыега-Гарсія, якая таксама выкарыстоўваецца Злучанымі Штатамі. Лонданская The Daily Telegraph лічыць, што здзейснена буйная геастратэгічная памылка.
«Гэта – важны цэнтр, які дае магчымасць адсочваць ваенныя тэндэнцыі ў космасе. Ён можа таксама набыць крытычна важнае значэнне ў будучых канфліктах у сілу сваёй ролі ў падтрымцы глыбакаводных аперацый. Час мірнай глабалізацыі і росту застаўся ззаду. Кітай, Расея і іх проксі працуюць над адменай статусу кво, у якім лідзіруюць ЗША. Відавочнае паслабленне гэтай значнай заходняй пазіцыі ў стратэгічна важным марскім рэгіёне – гэта проста падарунак нашым ворагам і нагода трывожыцца для нашых саюзнікаў», – піша брытанскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка






